БЕЛ Ł РУС

Зяленскі: Расія адмаўляецца абменьваць беларускіх палонных ці палітвязняў

30.05.2025 / 20:17

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Расія выкарыстоўвае палонных замежных добраахвотнікаў як інструмент ціску на іхнія краіны. Паводле яго слоў, расійскі бок адмаўляецца абменьваць не толькі гэтых іншаземцаў, але і грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Украіны, паведамляе «Укрінфарм».

Палонныя беларускія добраахвотнікі Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў

Зяленскі патлумачыў, што Расія хоча праз гэтых людзей уплываць на адносіны з краінамі іх паходжання — каб вырашаць уласныя інтарэсы. Напрыклад, дамагацца вызвалення сваіх спецагентаў або аказваць палітычны ціск. Таму, кажа ён, вельмі рэдка магчыма пачуць пра абмен палоннымі з Лацінскай Амерыкі — Масква не жадае абменьваць грамадзян іншых краін.

Асобна Зяленскі адзначыў, што Расія не хоча нават прызнаваць, што беларусы ваявалі за Украіну, і не згаджаецца аддаваць іх — нават калі гаворка ідзе не пра вайскоўцаў, а, напрыклад, пра палітвязняў.

Ён дадаў, што перадае партнёрам з розных краін спісы замежных журналістаў і палітычных зняволеных, каб яны таксама ўдзельнічалі ў вырашэнні гэтых пытанняў.

Прэзідэнт Украіны прызнаў, што праца з расіянамі падчас абмену палоннымі вельмі складаная і часта несправядлівая. Але Украіна ўсё адно імкнецца да дасягнення мадэлі «ўсіх на ўсіх», каб вярнуць усіх сваіх палонных — магчыма, ужо пасля спынення агню.

Ён таксама згадаў, што падчас нядаўніх перамоваў у Стамбуле была дасягнутая дамоўленасць аб абмене палоннымі ў фармаце «1000 на 1000», і ў межах гэтай дамоўленасці ўжо вярнуліся 880 вайскоўцаў і 120 цывільных украінцаў.

У расійскай няволі знаходзяцца цяпер як мінімум двое беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі ў складзе Палка Каліноўскага. Гэта Сяргей Дзёгцеў і Ян Дзюрбейка, якія трапілі ў палон 26 чэрвеня 2022 года.

Чытайце таксама:

Украіна паведаміла пра гібель у Расіі больш за 200 ваеннапалонных

Украіна перадала Расіі яшчэ аднаго палоннага беларуса

Украіна ў межах абмену з Расіяй перадала яшчэ аднаго палоннага беларуса. Раней пра яго палон не паведамлялася

Суд у «ДНР» завочна прысудзіў беларускага добраахвотніка Яна Дзюрбейку да 14 гадоў калоніі

Украінскага пасла спыталі пра палонных каліноўцаў

Каментары да артыкула