БЕЛ Ł РУС

Крутога айцішніка, які вярнуўся з Польшчы, кінулі за краты за фінансаванне «экстрэмізму»

14.06.2025 / 19:30

Nashaniva.com

Сяргей Салажэнцаў займаў высокія пасады ў розных IT-кампаніях. Пасля вяртання ў Беларусь яго арыштавалі і ўжо асудзілі па крымінальнай справе.

Alis Games. Сяргей Салажэнцаў стаіць крайні справа

Сяргею Салажэнцаву 42 гады. Ён нарадзіўся ў Гродне. Пасля заканчэння школы паступіў на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. З 2005 года працуе ў IT.

Спачатку Сяргей уладкаваўся ў кампанію SaM Solutions, дзе дарос да пазіцыі кіраўніка каманды. У 2009-м перайшоў на пазіцыю вядучага распрацоўшчыка ў кампанію Reaxion, якая стварала мабільныя гульні. У 2011-м стаў тэхнічным дырэктарам у невялікай Alis Games, якая таксама распрацоўвала гульні для мабільных тэлефонаў і сацсетак. Самая вядомая гульня студыі — Need a Hero — атрымала некалькі прэстыжных узнагарод. Пасля паўтара года быў старэйшым распрацоўшчыкам у Viplay.

У канцы 2021 года Салажэнцаў пераехаў у Варшаву. Там ён адкрыў ІП і ўладкаваўся ў кампанію RunMyLease, дзе займае пасаду Tech lead (чалавек, які адказвае за тэхнічныя рашэнні на праекце і тэхнічнае кіраўніцтва камандай). Гэта амерыканская кампанія, якая распрацоўвае рашэнні для продажу аўтамабіляў і працуе з дылерскімі цэнтрамі.

Галоўнае хобі Сяргея — бальныя танцы. Ён пачаў выступаць парна ў Польшчы ў 2023 годзе і паўдзельнічаў у васьмі конкурсах разам з партнёркай у катэгорыі 40+. У 2024 годзе яны ўзялі два золата і адно срэбра на танцавальных конкурсах у Польшчы.

Сяргей Салажэнцаў (на подыуме на 3 месцы) з партнёркай на танцавальным конкурсе ў Зялёнай Гуры ў красавіку 2023 года. Фота: powiatowa.info

Пасля Сяргей вярнуўся ў Беларусь. Невядома, калі дакладна гэта адбылося, але апошні раз ён ставіў рэакцыю ў Linkedin у верасні 2024 года.

Хутчэй за ўсё, прыкладна тады Салажэнцаў быў арыштаваны. Яму выставілі абвінавачванне ў «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-2 КК). Сяргею пагражала да 5 гадоў хіміі альбо ад 3 да 5 гадоў калоніі.

Працэс над айцішнікам праходзіў у Гродзенскім абласным судзе. Мяркуючы па тым, што пасля суда Салажэнцаў так і не з'явіўся анлайн, яму прысудзілі тэрмін у калоніі.

Чытайце таксама:

На тэлебачанні паказалі новага абвінавачанага за «фінансаванне экстрэмізму» — ён працаваў у Польшчы, але ездзіў у Беларусь

Дальнабойшчыку з Мінска пагражае да чатырох гадоў калоніі за «тысячу каментароў» пра Лукашэнку, суддзяў і сілавікоў

Што цяпер адбываецца з выклікамі ў КДБ за данаты і каго адразу арыштоўваюць нават без прапановы адкупіцца

Каментары да артыкула