«Тым, хто настальгуе па саўку, спадабаецца». Блогер пераначаваў у найгоршых гатэлях Беларусі і падзяліўся ўражаннямі
Хлопец, які падпісаны ў тыктоку як Павел Пармон, на ўласным досведзе вырашыў праверыць, што не так з гатэлямі, рэйтынг якіх на ўзроўні плінтуса. Відэа эксперыменту набралі мільёны праглядаў.
Скрыншот відэа на YouTube
Першым пунктам вандроўкі хлопца стаў Барысаў. Там Павел засяліўся ў гатэль «Бярэзіна», які на «Яндэкс.Картах» меў рэйтынг 3,3 з 5 магчымых зорак.
Калі пачытаць водгукі, дык шмат хто скардзіўся на блашчыц. Сярод каментарыяў абураных гасцей сустракаюцца сапраўдныя перліны: «Больш-менш абслугоўванне пачынаецца толькі пасля скаргаў наведвальнікаў. Вось толькі гэтым незадаволеным людзям потым афіцыянты і кухар плююць у ежу, а да гэтага яшчэ і тараканы папоўзаць паспяваюць».
Сыходзяцца людзі ў тым, што ў гэтым месцы СССР яшчэ не распаўся.
Па дарозе ў свой нумар тыктокер жартаваў, што не дарма ўзяў з сабой дадатковыя трусы. Таму што віды калідора выклікалі ўстойлівую асацыяцыю не з гатэлем, а з хорар-квэстам.
Найгоршыя чаканні ад пакою пацвердзіліся: моцна пахла цыгарэтамі, тут і там было відаць адклееныя шпалеры, На падлозе ляжалі незразумелыя крошкі. А адзін з выключальнікаў упаў, як толькі блогер да яго дакрануўся.
На паліцы без справы ляжаў карніз з трымальнікамі для фіранак. Хлопец вырашыў, што палка патрэбная, каб адбівацца ад няпрошаных гасцей. Насценная лямпа таксама валялася на паліцы — але яе можна было ўключыць.
З посуду ў нумары знайшлася адна сіратлівая шклянка на падносе:
— Ну і хопіць — для таго, каб выпіць гарэлкі. Бо больш тут ну зусім няма чаго рабіць.
Быў і альтэрнатыўны варыянт заняткаў — малітва. Таму што Павел нечакана знайшоў у нумары Біблію.
Затое ў нумары быў тэлевізар — пузаценькі экспанат стаяў на ганаровым месцы. Імаверна, ён быў старэйшы за госця гатэля. А каб уключыць гэты рарытэт, трэба было яго спачатку адрамантаваць.
Уключыць тэлевізар нарэшце атрымалася, але выява міргала, а гуку не было наогул.
Прыбіральня была агульная — да яе трэба было ісці праз бясконцы калідор. Унітазы і дзіўныя ўмывальнікі хлопец пабачыў, а вось банальнага душа не знайшоў.
За ноч у «Бярэзіне» Павел заплаціў 39 рублёў. Але ж выспацца ў яго не атрымалася, бо ў нумары побач увесь час кагосьці ванітавала.
Наступным пунктам прызначэння аказаўся гатэль «Лукомль» у Новалукомлі. Ён меў рэйтынг 2,1 зоркі з 5 (цяпер яшчэ менш — усяго 1,7).
Водгукі ўражваюць: «Калі хочаце там пераначаваць, то машына падыдзе лепш, чым іх «нумары». На другім паверсе могуць забягаць мышы», «У нас быў мегасуперлюкс, але як жа там было агідна знаходзіцца і дакранацца да чаго-небудзь! Агідная праседжаная стагоддзямі канапа, дыван з плямамі, па якіх можна вывучаць гісторыю, рыпучая мэбля з сярэдзіны 90-х. Дыван адразу загарнулі, каб не глядзець на бруд і плямы».
Сустракаюцца скаргі, што нават у нумары падвышанай камфортнасці няма гарачай вады і вельмі брудна, а ўся сантэхніка цячэ, быццам ручаі па вясне. Абураюцца людзі і тым, што цана за ўсю гэту раскошу не вельмі бюджэтная: «Двухмесны нумар 110 рублёў! Для такога маленькага горада на ўскраіне Віцебскай вобласці кошт касмічны».
Блогер, калі пабачыў у водгуках фотаздымкі нумароў, ажно закрычаў ад жаху. Але вырашыў, што гэта ўсё фэйкі, бо не можа быць так усё дрэнна.
Жыццё ж даказала: магчыма ўсё. Нумар сустрэў Паўла душам без шторак і пакалечаным умывальнікам. Па кутах хапала павуціння з трагічна загінулымі ў ім мухамі. Шпалеры таксама не вельмі надзейна трымаліся на сценах.
Затое ў пакоі быў невялікі халадзільнік. А тэлевізар быў малодшым брата тэлевізара з «Бярэзіны».
Прыемным бонусам ад паездкі блогер лічыць прыгожы падвесны мост, які ён пабачыў у горадзе.
Далей Павел паехаў у гатэль з самым нізкім рэйтынгам — 1 зорка з 5. І гэта быў гатэль «Сянно», які знаходзіцца ў аднайменным райцэнтры Віцебскай вобласці.
Вось, напрыклад, што пішуць у водгуках: «Гэта не апісаць словамі. Добра, у шафе была табурэтка, можна павесіцца ў такім месцы. Персанал добры, ветлівы», «Тым, хто настальгіруе па саўку, спадабаецца».
— Тут ёсць гатэль? — спытаў хлопец у яго супрацоўніцы.
— Ужо зачынены. А, вам што, гасцініца?
Усё ж Павел прайшоў фэйскантроль і атрымаў запаветныя ключы. На паверсе ён пабачыў галоўную славутасць — тэлевізар і электрычны чайнік. Пра іх пішуць у водгуках, бо такія празмернасці ёсць толькі ў калідоры.
Нумар сапраўды ўразіў хлопца. У прыбіральні ўсё было настолькі сціпла, што складана знайсці словы для апісання. Пад столлю вісела проста лямпачка. Нават туалетнай паперы пашкадавалі — пакінулі для госця невялікі кавалачак. Развесяліла блогера тое, што шпінгалет на дзвярах у стратэгічна важнае месца ёсць з двух бакоў.
Павукоў было столькі, што Павел думаў, быццам трапіў у тэрарыум у заапарку.
— А стол быццам бы скралі на ЧАЭС.
Табурэткі ў шафе не аказалася. Блогер пажартаваў, што, імаверна, яе вырашылі прыбраць, калі пачыталі каментары.
Затое і кошт аказаўся смешным — крыху больш за 20 рублёў за ноч.
Відэа Паўла набралі 3,3 мільёна праглядаў на YouTube і агулам каля 3 мільёнаў праглядаў у тыктоку.
Чытайце таксама:
Пяць люксавых гатэляў Беларусі, якія знаходзяцца ў невялікіх гарадах. Вы дакладна пра іх не ведалі
Блогеры пажылі ва ўсіх палацах і замках Беларусі і склалі свой рэйтынг з цэнамі