У Белкаапсаюзе расказалі, як закупляюць бульбу ад насельніцтва
9 ліпеня на прэс-канферэнцыі старшыня праўлення Белкаапсаюза Інэса Караткевіч назвала закупачныя цэны, па якіх арганізацыі сістэмы закупляюць у насельніцтва агароднінную прадукцыю. Яна адзначыла, што цэны ўсталяваныя так, каб не перавышаць максімальна дапушчальныя гандлёвыя надбаўкі.
Бульба. Фота з сацыяльных сетак
Закупачныя цэны на агародніну цяпер наступныя:
- бульба — ад 1,8 да 2,8 рубля;
- капуста белакачанная — 1,5 рубля;
- буракі — 2,7 рубля;
- морква — ад 2,5 да 3,5 рубля;
- цыбуля — ад 1,5 да 2,5 рубля.
Канчатковая цана залежыць ад памеру, сорту і выгляду прадукцыі.
Для параўнання: у дастаўцы буйных беларускіх гандлёвых сетак свежую раннюю бульбу можна купіць па цане ад 3,49 рубля, а кошт маладой азербайджанскай бульбы крыху ніжэйшы — ад 3,01 рубля.
Паводле слоў Інэсы Караткевіч, сёлета нарыхтоўка бульбы ідзе значна больш актыўна, чым у мінулым годзе — на 40% больш, чым за той жа перыяд летась. Усяго плануецца нарыхтаваць не менш за 13 тысяч тон. Для гэтага Белкаапсаюз выкарыстоўвае ўласныя сховішчы.
Таксама кіраўніца Белкаапсаюза пракаментавала сітуацыю з дэфіцытам якаснай бульбы, якая назіралася ў міжсезонне. Караткевіч запэўніла, што нават у маі-чэрвені ў вясковых крамах райпо бульба нібыта была.
Больш за тое, нібыта былі выпадкі, калі бульбу закуплялі вялікімі аб’ёмамі, каб потым прадаваць на рынку па больш высокай цане — там, дзе кантроль над рознічнай цаной быў слабейшы.
Чытайце таксама:
Пуцін прапанаваў мяняць беларускую бульбу на «шчаслівы сіроп»
У крамах будуць прадаваць бульбу «Умка»
Лукашэнку трывожыць сітуацыя з цэнамі па ўсім ЕАЭС
Дэпутаты тэрмінова адобрылі штрафы за адсутнасць бульбы ў крамах
За адсутнасць бульбы прапануюць штрафаваць да 8 400 рублёў