З'явіцца новая дзяржава — Новая Каледонія
Заморская тэрыторыя Францыі атрымае аўтаномію, але не поўную незалежнасць
Фота: commons.wikimedia.org
Палітычныя рухі Новай Каледоніі абвясцілі аб заключэнні пагаднення аб стварэнні новай дзяржавы, але не цалкам незалежнай ад Францыі.
На ўскраіне Парыжа перамовы па Новай Каледоніі завяршыліся кампрамісам — краіне далі аўтаномію, але не поўную незалежнасць, паведамляе Politico.
Жыхары астравоў могуць мець падвойнае грамадзянства. Новай Каледоніі дэлегуюць паўнамоцтвы весці сваю палітыку ў галіне міжнародных адносін.
Цяпер гэтаму пагадненню трэба прайсці рэферэндум у Новай Каледоніі і галасаванне ў французскім парламенце.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон напісаў у твітары, што абмеркаванні ішлі больш чым 10 дзён. Ён назваў пагадненне гістарычным.
Жыхары Ціхаакіянскага архіпелага і былой французскай калоніі даўно спрачаліся адносна будучыні сваёй краіны. Нашчадкі французаў хочуць, каб Парыж захаваў уладу, а карэнны народ канакаў імкнецца да самавызначэння.
У траўні 2024 года ў Новай Каледоніі прайшлі беспарадкі пасля таго, як парламент Францыі прыняў закон аб змене парадку выбараў у мясцовы заканадаўчы сход. Згодна з папраўкамі, права голасу атрымалі прыезджыя з Францыі, якія пражылі ў Новай Каледоніі 10 гадоў.
На рэферэндуме 2021 года ў Новай Каледоніі большасць прагаласавала за адмову ад незалежнасці ад Францыі.