Дзмітрый Лукашэнка знік з інфармацыйнай прасторы
Сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі не было на цырымоніі 3 ліпеня, не даехаў ён і да Александрыі. А пра юбілей Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, які святкаваўся днямі, на ўсіх тэлеканалах расказваў памочнік Дзмітрыя Лукашэнкі, а не ён сам.
Дзмітрый Лукашэнка
За гады знаходжання ва ўладзе Аляксандра Лукашэнкі склалася традыцыя сямейнага ўскладання кветак у гонар перамогі ў Другой сусветнай вайне. Калі гэта не юбілейны год перамогі, то цырымонія адбываецца 9 мая. У юбілейныя гады ў той дзень адбываецца ваенны парад, а ўрачыстае ўскладанне кветак адкладаецца на 3 ліпеня. Звычайна на гэтай цырымоніі прысутнічаюць усе сыны Аляксандра Лукашэнкі.
Так было, напрыклад, 3 ліпеня 2020 года.
Віктар, Дзмітрый і Коля Лукашэнкі. 3 ліпеня 2020 года. Скрын відэа: ont_by / YouTube
Таксама 9 мая 2021 года.
Аляксандр, Віктар, Дзмітрый і Коля Лукашэнкі. 9 мая 2021 года. Фота: БелТА
Усе сыны былі і праз год — 9 мая 2022 года.
Коля (крайні злева), Віктар і Дзмітрый Лукашэнкі. 9 мая 2022 года. Скрын відэа: beltavideo / YouTube
Суправаджалі яны хворага бацьку, які не змог выступіць з прамовай, і 9 мая 2023 года.
Праўда, у мінулым годзе на ўскладанні кветак 9 мая не было Колі, а вось Віктар і Дзмітрый удзельнічалі ў цырымоніі.
Дзмітрый (крайні злева), Віктар і Аляксандр Лукашэнкі. 9 мая 2024 года. Скрын відэа: beltavideo / YouTube
А вось у гэтым годзе традыцыю парушыў ужо Дзмітрый. Калі на адсутнасць Колі ў мінулым годзе мала хто звярнуў увагу, то адсутнасць Дзмітрыя азадачыла.
Аляксандр, Коля і Віктар Лукашэнка на ўрачыстым мітынгу з нагоды 3 Ліпеня 2025. Скрыншот з відэа БелТА
Не было Дзмітрыя і на канцэрце ў Александрыі 6 ліпеня. Праўда, прысутнасць на ім неабавязковая — сёлета з сыноў быў толькі Коля, летась побач з бацькам сядзелі Коля і Віктар.
Коля і Аляксандр Лукашэнкі ў Александрыі
Хвароба? Няміласць? Адказу пакуль няма. Аднак калі ж Дзмітрый Лукашэнка з'яўляўся ў кадры апошні раз?
Другі сын Аляксандра Лукашэнкі ніколі не быў публічнай асобай, не займаў ніякіх чыноўніцкіх пасад, калі такой не лічыць хлебнае месца старшыні Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. З моманту заснавання клубу ў ліпені 2005 года ім нязменна кіруе Дзмітрый.
21 мая гэтага года ў дзяржаўных СМІ з'явілася інфармацыя, што Дзмітрыя Лукашэнку пераабралі на пасаду старшыні арганізацыі. На АНТ выйшаў сюжэт аб гэтай падзеі. У відэа — фрагмент выступлення Дзмітрыя.
Фрагмент сюжэта АНТ. Дзмітрый Лукашэнка сядзіць па цэнтры. Скрын відэа: ont_by / YouTube
Дзмітрый Лукашэнка на сваіх перавыбарах 21 мая. Фота: Sportclub.by
23 мая чарговая публічная цырымонія з яго ўдзелам — тут Дзмітрый уручаў прызы юным валейбалістам.
Дзмітрый Лукашэнка на цырымоніі ўзнагароджвання 23 мая. Фота: Sportclub.by
Пасля гэтага ўсе наступныя мерапрыемствы праходзілі без Дзмітрыя. Натуральна, што адкрываць спартыўныя пляцоўкі ў Бабруйску ці Ваўкавыску ў канцы чэрвеня года маглі і без старшыні.
Аднак Дзмітрый нідзе не паказаўся і 7 ліпеня, калі адзначалася 20-годдзе Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.
На сайтах БелТА і sb.by з'явіліся інтэрв'ю з ім, аднак па адказах відаць, што гэта загадзя падрыхтаваныя пісьмовыя фармулёўкі.
У той жа дзень на сайце Прэзідэнцкага спартыўнага клуба было размешчана віншаванне, падпісанае Дзмітрыем. Але зноў-такі — гэта ніяк не сведчыць пра тое, што ён сам пісаў гэты зварот.
А вось у святочных тэлесюжэтах абышлося без Дзмітрыя. На ўсіх трох асноўных каналах — БТ, АНТ і СТБ — вышлі рэпартажы пра Прэзідэнцкі спартыўны клуб, дзе асноўным спікерам быў Павел Ягораў. Гэта памочнік Дзмітрыя Лукашэнкі.
Заўважым, што пры гэтым жонка Дзмітрыя — Ганна Сялук— не знікла, у адрозненне ад мужа.
Пратэжэ Беларускай медыякампаніі, з якой звязана нявестка Лукашэнкі, атрымала першую прэмію на сёлетнім Славянскім базары. Сярод тых, хто віншаваў спявачку Леру Бернатовіч, была і Ганна Лукашэнка (Сялук).
Спявачка Лера Бернатовіч (злева) Ганна Сялук. Фота: muzmedia.by / Instagram
Чытайце таксама:
Дзмітрыя Лукашэнкі не было з бацькам і братамі на адзначэнні 3 Ліпеня