БЕЛ Ł РУС

Ад клінапісу да вітражоў Сен-Дэні. Тэлеграм-каналы беларускіх гісторыкаў, на якія варта падпісацца

8.08.2025 / 8:0

Ф. Раўбіч

Першабытныя людзі, Месапатамія, Палесціна, крыжовыя паходы — толькі частка таго, пра што можна даведацца з іх і часта па-беларуску.

Фота з тэлеграм-каналаў беларускіх гісторыкаў. Калаж: Наша Ніва

Аўтарка гістарычнага падкаста «Так склалася гістарычна» Ганна Дзягіль сабрала топ-каналаў, якія вядуць прафесійныя беларускія гісторыкі. Вядоўца падкаста патлумачыла, што адбірала толькі тыя каналы, якія вядуць неананімныя беларускія гісторыкі і якія прысвечаны сферы навуковых інтарэсаў аўтара. 

Байкі Джэдзі (@egyptology_by)

Ала Спартак побач з сямейнай групай кіраўніка горада Фівы Аменемхеба з жонкай і маці. Канец XVIII — пачатак XIX ст. да н.э. Злепак на гістфаку БДУ, зроблены з арыгіналу, які захоўваецца ў Эрмітажы. Фота: Байкі Джэдзі

Ала Спартак, адзіны егіптолаг у Беларусі, вядзе канал пра егіпталогію па-беларуску. У канале рэгулярна з’яўляюцца фотаздымкі старажытнаегіпецкіх артэфактаў і помнікаў, якія суправаджаюцца грунтоўнымі каментарамі навукоўца.

Ці ведалі вы, што ў Луўры захоўваецца статуя Падымахеса, выкупленая ў графа Міхала Тышкевіча-Лагойскага?

Першабытная археалогія ў кантэксце (@archeaposhuk)

Адна з самых старажытных антрапаморфных выяў на касцяным гравіраваным вырабе з тэрыторыі Беларусі была адшукана падчас даследаванняў першабытных паселішчаў на возеры Вячэра ў Любанскім раёне. Фота: Першабытная археалогія ў кантэксце

Археолаг Аляксандр Вашанаў з Інстытута гісторыі НАН Беларусі распавядае на ўласным канале пра археалогію першабытнасці на Беларусі і не толькі. Каналу менш за месяц, але на ім ужо ёсць нямала цікавых допісаў пра першабытныя прылады працы, мастацтва і актуальныя знаходкі з археалагічных раскопак.

Які малюнак на косці часоў неаліту можа стаць нядрэнным сюжэтам для татуіроўкі? 

Блізкі Усход у цэнтры Еўропы (@sektorvostok)

Спачатку, у часы караля Фарука, у Егіпце быў зняты чорна-белы фільм «Уладар помсты», а пасля, ужо пры Насеру, каляровы рымейк «Уладар хітрасці». Сюжэт быў адаптацыяй рамана «Граф Монтэ-Крыста», дзеянне якога было перанесенае ў Егіпет часоў халіфата. Фота: Блізкі Усход у цэнтры Еўропы

Дзмітрый Сеўрук, загадчык сектара ўсходазнаўства Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі, піша ў сваім канале пра гісторыю, культуру, мовы і рэлігіі Блізкага Усходу. Хочаце ведаць пра егіпецкі кінематограф часоў караля Фарука, брытанскіх разведчыкаў на Блізкім Усходзе ці быць у курсе актуальных навін у даследаванні беларуска-татарскага пісьменства — вам варта падпісацца на гэты канал.

Левантийская тетрадь (@lettersfromthelevant)

Папа Францішак падтрымліваў палесцінцаў, пры ім было адкрыта пасольства Палесціны, а ў 2024 годзе на плошчы Святога Пятра з'явілася батлейка, дзе немаўля Ісус ляжаў на палесцінскай куфіі. Фота: Левантыйскі сшытак

Дзмітрый Шавялёў, які выкладае на факультэце міжнародных адносін БДУ, піша на канал свае нататкі па гісторыі Ізраіля і замежнай палітыкі краін Блізкага Усходу. Натуральна, што большасць допісаў цяпер прысвечаны розным мала заўважным для неспецыялістаў аспектам актуальнага і гістарычнага супрацьстаяння Ізраіля і Палесціны.

Межкультурные связи (@crossculturalcases)

На першай інаўгурацыі Трампа ў 2017 годзе яго жонка Меланія з'явілася ў блакітным касцюме ад Ральфа Ларэна, які быў відавочнай адсылкай да стылю Жаклін Кенэдзі і, больш за тое, да ўбору на інаўгурацыі Джона Кенэдзі 1961 года. Фота: POTUS arrives / Wikimedia Commons

Гісторык Настасся Міксюк, якая працуе на тым жа факультэце, піша нататкі пра цікавыя моманты з міжкультурных камунікацый — дзелавую культуру, асаблівасці дрэс-коду і нюансы дыпламатычных візітаў. Каму дазволена быць у белай сукенцы побач з Папам, а хто гэтае правіла груба парушыў — пра гэта можна прачытаць на канале. 

Gandhāra (@gandharan_greek)

Цар Шыбі, папярэднік пуранічнага Шывы, у адным з ранніх вобразаў з іканаграфіяй, блізкай да Шывы: цёмна-сіні колер і царская пастава. Фрэска з пячоры Могаа №254 ілюструе будыйскую «Сіві-джатку» — гісторыю пра самаахвяраванне цара дзеля выратавання голуба ад драпежніка. Менавіта матыў самаахвяравання з часам стане асновай для міфалогіі Шывы ў Пуранах. Фота: Gandhāra

Філосаф Андрэй Шуман вядзе папулярны канал, у якім больш за чатыры тысячы падпісчыкаў. Ён у асноўным прысвечаны рэгіёну Гандхара, які прасціраецца на поўначы Афганістана і паўночным усходзе Пакістана і які быў цэнтрам гарадской культуры яшчэ з перыяду бронзы, але тэматыка канала гэтым не абмяжоўваецца. Чаму школы логікі ўзніклі ў вузкай паласе Еўразіі паміж 32° і 38° паўночнай шыраты і больш не ўзніклі нідзе і як з гэтым звязаны культ вярхоўнай багіні-маці — адказаў на такія пытанні шукае аўтар канала. 

Крыжовыя паходы | Les croisades | The Crusades (@croisades)

Адзін з правадыроў Трэцяга крыжовага паходу германскі імператар Фрыдрых I Барбароса. Маргіналіі з «Генуэзскіх аналаў» Кафара. Рукапіс сярэдзіны XIII ст. Генуя (?). Фота: Крыжовыя паходы

Deus vult! Яўген Гурынаў вядзе канал пра крыжовыя паходы, рыцарскія ордэны і еўрапейскі ды блізкаўсходні свет часоў Сярэднявечча. У ім жа можна пазнаёміцца з новымі навуковымі публікацыямі па медыевістыцы з усяго свету. Пакуль што ў канала 30 з невялікім падпісчыкаў, што яўна не адпавядае таму, якой увагі заслугоўвае гэты канал.

Дом Набу, што ў Барсіпе (@movydyteksty)

Пахавальны фінікійскі надпіс з Кіпра, які добра ілюструе старажытную любоў да генеалогій, якая таксама прадстаўлена, напрыклад, у генеалагічных спісах Бібліі, а таксама шырока распаўсюджаную практыку пераходу пасад ад бацькі да сына. Фота: Дом Набу, што ў Барсіпе

Яшчэ адзін недаацэнены канал вядзе гісторык Ілля Лапушанскі. Ён прысвечаны гісторыі Месапатаміі, помнікам манументальнага мастацтва і пісьменства. Найбольш увагі аўтар надае старажытным семіцкім мовам, такім як фінікійская і акадская — для апошняй ён нават падрыхтаваў невялікі ўводны падручнік, апублікаваны на канале. Канал актыўна вёўся ў 2024 годзе, але не абнаўляўся з красавіка гэтага года — можа, новыя падпісчыкі і каментатары стануць штуршком для аўтара працягнуць працу над ім.

Адчувальны ўсходні ўхіл

Нельга не заўважыць, што амаль усе з пералічаных каналаў прысвечаны Усходу, нават тэма крыжацкіх паходаў, пры ўсёй, здавалася б, канцэнтраванай еўрапейскасці, у выніку вядзе на той жа Блізкі Усход — цэль большасці такіх паходаў.

За выключэннем «прамежкавай» тэматыкі крыжакоў, няма ніводнага канала, прысвечанага гісторыі і культуры Еўропы ці Амерыкі: грэчаскай і рымскай антычнасці, ранняму сярэднявеччу, эпосе Адраджэння, Рэфармацыі, еўрапейскай каланізацыі, напалеонаўскім войнам, гісторыі суседніх Польшчы ці краін Балтыі і гэтак далей.

Пэўна, разгадкай такога перакосу крыецца ў тым, што беларуская навука так і не змагла пераадолець спецыфіку, закладзеную за савецкім часам: Захад быў забаронены і закрыты «Жалезнай заслонай», а глабальны Усход быў сферай інтарэсаў і ідэалагічнай барацьбы з капіталістычным светам.

Даследаванне заходніх краін было абмежаванае і магло ўспрымацца як сімпатыі да «буржуазнага ладу», а спецыялісты па дружалюбных краінах «трэцяга свету», адчувальных да ідэй сацыялізму, былі запатрабаваныя ў СССР.

Сёння Беларусь апынулася ў падобнай сітуацыі, калі быць спецыялістам па Польшчы, Літве ці Германіі небяспечна, а спецыялістам па Індыі, Егіпце — у нейкім сэнсе прасцей. 

Чытайце таксама:

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Смерць удовам. Археолаг расказаў пра знаходку, якая сведчыць пра жудасны звычай першых славян на Беларусі

Дзяржаўныя сацыёлагі: Беларусы найперш звязваюць сваю дзяржаўнасць з Вялікім Княствам Літоўскім

На захадзе Польшчы знайшлі артэфакт, падобны да таго, што нарабіў шуму пры раскопках гарадзішча на Менцы

У Вільні будуць шукаць магілу Вітаўта. Пошукі, якія праводзіліся стагоддзе таму, прывялі да вялікіх адкрыццяў, але мэты не дасягнулі

Каментары да артыкула