Расказваем, куды зніклі косці вялікага князя і чаму сто гадоў таму не ўсе былі зацікаўленыя ў тым, каб іх адшукаць.

Гэта першая частка вялікага артыкула.
У лютым 2025 года года Камісія літоўскага Сейма па барацьбе за свабоду і гістарычную памяць заявіла, што хоча зноў пачаць пошукі парэшткаў вялікага князя Вітаўта. Шукаць іх плануюць у кафедральным саборы, дзе, як вядома, ён быў першапачаткова пахаваны і дзе раней былі выяўлены іншыя княжацкія пахаванні.
У першую чаргу плануецца атрымаць ДНК сваякоў Вітаўта. Вядома, што ягоная сястра Данута, жонка Януша Мазавецкага, пахаваная дзесьці ў касцёле Св. Яна Хрысціцеля ў Варшаве, а брат Бутаўт у аўгусцінскім касцёле Св. Тамаша ў Празе.
Дзякуючы ДНК блізкіх сваякоў, ініцыятары пошукаў спадзяюцца адшукаць парэшткі Вітаўта сярод 110 скрыняў з каля тысячай парэшткаў, што захоўваюцца ў сутарэннях віленскай архікафедры. Паколькі вядома, што Вітаўт пражыў каля 80 гадоў, то антраполагі адсеюць парэшткі больш маладых людзей, у тым ліку дзіцячыя, якія складаюць значную частку ад пахаваных у кафедры парэшткаў.
Тым не менш гэтая задума патрабуе вялікіх фінансавых выдаткаў. Паводле ацэнкі спецыялістаў, аналіз аднаго фрагмента косці можа каштаваць да 4500 еўра, а праверыць трэба будзе дзясяткі ці нават сотні парэшткаў.
Зрэшты, гэтыя дарагія ДНК-даследаванні могуць быць марнымі. Спецыялісты выказваюць розныя меркаванні пра лёс парэшткаў Вітаўта: адны ўпэўненыя, што яны былі раскіданыя маскоўскімі салдатамі ў час захопу Вільні, іншыя — што былі схаваныя ў архікафедры. Некаторыя калоны ў храме маюць таўшчыню 2-3 метры, цалкам дастаткова, каб зрабіць у іх схованку для касцей.
Ранейшыя пошукі

У 1930 годзе незалежная Літоўская Рэспубліка адзначала 500-гадовы юбілей па смерці Вітаўта Вялікага. Гэта быў перыяд інтэрбэлуму, міжваенне — да новай сусветнай вайны заставалася трохі менш, чым прайшло ад папярэдняй. Палякі адабралі ў Літвы Віленскі край, і дзяржаўная мяжа пралягла паміж Вільняй і новай сталіцай Коўна. Тут, у Коўне, да юбілею быў створаны адмысловы камітэт, які займаўся арганізацыяй святочных мерапрыемстваў.
Літоўцы ладзілі з гэтай нагоды банкеты, фестывалі, ставілі помнікі, высаджвалі дрэвы і выпускалі паштоўкі. У літоўскім друку імя Вітаўта згадвалася ледзь не штодня.
Але не было галоўнага — не было парэшткаў Вітаўта. Вялікі князь літоўскі быў пахаваны ў кафедральным касцёле Вільні, але яго магіла была з часам згублена, а даследаваць храм літоўцы не маглі — у той час дыпламатычныя адносіны паміж Літвой і Польшчай былі разарваныя.

Аднак некаторыя сведчанні давалі надзею на тое, што магіла валадара будзе адшуканая. Дыпламат Данатас Малінаўскас, адзін з падпісантаў Акта аб незалежнасці Літвы, сцвярджаў, што касцельны сакрысціянін Ян Гіра падзяліўся з ім таямніцай.
Паводле яго словаў, паслядоўнікі біскупа Пратасевіча дбайна завяршылі знішчэнне ўсіх слядоў памяці пра Вітаўта. Але Гіра нібыта здагадаўся, дзе мог быць уваход у пахавальню Вітаўта, паведаміў пра гэта ксяндзу Курчэўскаму, а той — доктару Загорскаму.
У 1909 годзе, напярэдадні 500-годдзя Грунвальдскай бітвы, яны таемна, хаваючыся ад расійскіх уладаў, прабілі ўваход у крыпту. Гіра ўбачыў дзве труны, якія імгненна распаліся ў пыл ад лёгкага павеву. Але косці былі сабраны ў драўляную скрыню і перанесены ў іншае памяшканне. Пазней косці былі сабраныя ў драўляную скрынку з-пад макароны і перанесены ў склеп за вялікім алтаром.
Гіру раздзіралі згрызоты сумлення, і ён падзяліўся таямніцай з Малінаўскасам і паказаў яму тыя парэшткі. Тады на чэрапе Вітаўта заўважылі сляды ад кароны.
Гісторыя спрэчная і нічым не пацверджаная, але грунтуецца на сапраўднай гісторыі. У 1909 годзе пры рамонце касцельнай падлогі за некалькі крокаў у бок сакрыстыі ад алтара вікарыяў быў знойдзены невялікі склеп. Гэтую крыпту вывучалі ксяндзы Курчэўскі і Савіцкі і доктар Загорскі. Курчэўскі пакінуў у манаграфіі такое апісанне пахавання:
«Склеп быў засыпаны друзам і завалены камянямі. Пры ўборцы друзу і камянёў быў знойдзены абломак бурага мармуровага помніка з прыгожай разьбой і гербам «Джэвіца», які меў біскуп Пратасевіч, а таксама два чэрапы ў біскупскіх піўстках (шапачка каталіцкіх святароў — НН), адна асоба была больш маладая, а другая больш старая.
Потым былі знойдзены кавалкі труны і спарахнелы шкілет, апрануты ў пантыфікальны ўбор. На мёртвых пальцах досыць добра захаваліся ядвабныя пальчаткі, якія, што бачна па характары працы, былі выраблены ў XVI ст. Ад тонкіх ядвабных арнатаў і далматыкаў засталіся толькі кавалкі тканіны.
Грунтуючыся на гэтым адкрыцці, а таксама на паданні аб тым, што біскуп Пратасевіч аднавіў для сябе магілу Вітаўта, доктар Загорскі (пад яго даглядам ішлі працы па вывучэнні крыпты) выказаў гіпотэзу, што знойдзеныя парэшткі належалі гэтаму біскупу, а пры перабудове касцёла разам з ім быў пахаваны яшчэ адзін біскуп […], але гэта цалкам памылковая гіпотэза».
Двойчы згаданы віленскі біскуп Валяр’ян Пратасевіч быў русінам, «шляхцічам з Русі Белай». Ён быў прыкметным дзеячам Контррэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім і фактычным заснавальнікам Віленскага ўніверсітэта, які вырас з езуіцкага калегіума, створанага за ўласныя грошы біскупа ў супрацьстаянні пратэстанцкаму ўплыву ў краіне.
Відаць, згадкі пра Пратасевіча як пра знішчальніка магілы вялікага князя Вітаўта звязаныя з тым, што віленскі біскуп адыграў вялікую ролю ў падрыхтоўцы Люблінскай уніі 1569 года, сімвала залежнасці ад Польшчы, а Вітаўт быў і застаецца найвялікшым сімвалам незалежнасці Літвы. Праўды ў гэтых паданнях мала.
Да працягу гісторыі, якая разгарнулася ў міжваенны час, мы вернемся пазней, а пакуль разбяромся з тым, што рэальна вядома пра месца пахавання Вітаўта.
Дзе пахаваны Вітаўт
Вітаўт памёр у Троках 27 кастрычніка 1430 года ва ўзросце 80 гадоў. Яго цела на працягу сямі дзён было выстаўлена ў вялікай зале цэнтральнага палаца Троцкага замка. Затым труна з целам была перавезена ў Вільню і пахавана ў кафедральным саборы.
Пра тое, дзе канкрэтна спачатку быў пахаваны Вітаўт, вядома няшмат. У прывілеі на Ігуменскую маёмасць, нададзеную віленскім біскупам за некалькі дзён да смерці ў 1430 годзе, вялікі князь загадвае пахаваць яго ў магіле каля алтара Св. Міхала Арханёла ў віленскай кафедры, дзе ўжо спачывала яго жонка Ганна Святаслаўна.
Яшчэ адна згадка ёсць у Хроніцы Быхаўца: «Y położysza ieho teło w zamku u Wilni w kostele światoho Stanisława w chore na lewoy storone, podle dwerey zakrysteynych». Хор у хрысціянскім храме — гэта пляцоўка перад галоўным алтаром. Паводле Бельскага і Стрыйкоўскага, над магілай Вітаўта была вялікая харугва з выявай вялікага князя на кані.

Страшны пажар, які адбыўся ў кафедры ў 1530 годзе, знішчыў харугву і надмагілле. У касцёле, адбудаваным і ўпрыгожаным пасля пажару, быў адноўлены фундаваны Вітаўтам алтар, які і атрымаў назву Вітаўтавага. У ім знаходзіўся абраз Св. Міхала Арханёла ў памяць аб першапачатковым алтары над магілай вялікага князя. Пабудовай новага надмагілля займаўся біскуп Пратасевіч. Каралева Бона загадала зрабіць для яго надмагільную пліту з выявай Вітаўта, але гэта пліта не была ўсталявана ў кафедры. На пліце меўся лацінскі надпіс:
«Бона Сфорца, каралева польская і інш., знакамітаму ўладару Аляксандру Вітаўту, вялікаму літоўскаму князю, які мае вялікія векапомныя заслугі перад сваёй айчынай і слаўнаму на цэлы сусвет, яшчэ падчас свайго жыцця загадала збудаваць мармуровы помнік з яго выявай. Пазней, Валяр'ян, біскуп віленскі для дабрачынцы гэтага касцёла, да яго алтара гэтае надмагілле паставіў і косці яго, перад тым нягодна пахаваныя, у надмагіллі замкнуў. 1573 г.».
Як бачым, Валяр'ян Пратасевіч выступае тут як дабрадзей, а не як знішчальнік памяці пра Вітаўта. Нягодна пахаваныя косці Вітаўта, відаць, былі ў час перабудовы і пашырэння кафедры ў 1534-1557 гады, пасля пажару.
Тады ўзровень падлогі быў падняты на метр, а дзесьці, як паказалі міжваенныя даследаванні, падлога часоў Вітаўта размяшчалася на глыбіні на 1,67 м. Таксама была зменена планіроўка храма. Натуральна, што старая магіла з трунамі Вітаўта і яго жонкі Ганны была знішчана, магчыма, што часовы прыстанак яны знайшлі ў адной з новаствораных крыптаў, пакуль Пратасевіч не ўзвёў новае надмагілле.
У першай палове XVII стагоддзя надмагілле было ўжо ў дрэнным стане. У 1610 годзе ў кафедры адбыўся чарговы пажар. Невядома, што стала з магілай Вітаўта.
У 1655 годзе Вільня была захоплена расійскімі войскамі і разрабаваная, амаль палова горада была выразана. Забойствы жыхароў працягваліся тры дні, а горад гарэў 17 дзён. Шмат будынкаў былі разбураны і больш не аднаўляліся. Толькі ў 1697 годзе капітула вырашыла ўшанаваць памяць вялікага князя, паставіўшы ў храме «пышнае надмагілле», але парэшткі Вітаўта ці ранейшае надмагілле ніяк не згадваюцца.
Хутчэй за ўсё, надмагілле Вітаўта было разбіта і разрабавана ў 1655 годзе, а ягоныя парэшткі раскіданыя і расцярушаны. Нельга выключаць, што яны маглі быць загадзя схаваныя ад ворага, або раскіданыя парэшткі сапраўды маглі быць сабраныя разам і перапахаваныя ў сутарэннях. Таму пошук іх там з дапамогай ДНК-даследаванняў не пазбаўлены сэнсу.
Літоўскі саркафаг

У міжваенны час ужо згаданы раней Данатас Малінаўскас, які таксама верыў у тое, што бачыў парэшткі Вітаўта ў Вільні, заказаў у 1929 годзе для іх саркафаг у літоўскага скульптара Вінцаса Грыбаса. Праект падтрымаў тагачасны прэзідэнт Літвы Антанас Смятона. Малінаўскас ахвяраў на гэтую справу 1000 літаў, астатнія грошы, неабходныя для стварэння саркафага, даручылі збіраць Саюзу стральцоў. Грыбас стварыў для Віленскай кафедры праект пышнага надмагілля Вітаўта, у цэнтры якога мусіў быць саркафаг са скульптурай спачылага князя і рэльефамі. Па зразумелых прычынах праект не мог быць рэалізаваны.

Саркафаг быў выкананы скульптурам Пятрасам Рымшам, але ў іншай стылістыцы. Ён быў выкананы са сталі, меў здымае вечка і быў упрыгожаным Крыжам Віціса, рэльефным арнаментам з разнога дубовага лісця і літымі чэрапамі па баках. І хоць на ім пазначана дата юбілею — 27.X.1430 і 27.X.1930, — завершаны ён быў толькі ў 1933 годзе ў Чэхаславакіі. Гэтая краіна была выбраная, бо, як пісаў Малінаўскас, толькі там быў вядомы сакрэт апрацоўкі металу, якая называлася «антыкор». Саркафаг атрымаўся вялікім, важкім, а зачыненую труну было разбіць ці адчыніць цяжэй, чым найлепшую вогнетрывалую шафу.
«Такім чынам гэтая труна — быццам пасмяротныя даспехі для найдаражэйшых парэшткаў нашага героя», — пісаў Малінаўскас.
Саркафаг планавалася размясціць у Віленскай кафедры, але ў сакавіку 1930 года капітула сабора адмовіла ў дазволе на яе ўсталяванне, матывуючы гэта тым, што помнік Вітаўту ўжо знаходзіцца ў кафедры, месцазнаходжанне парэшткаў князя невядомае, а заявы Малінаўскаса пра іх нібыта знаходку не маюць аніякіх доказаў.
Саркафаг некалькі разоў вяртаўся ў Чэхаславакію, разглядаліся варыянты часовага размяшчэння ў Ковенскай кафедры Ваенны музей, але Малінаўскас не пакідаў надзеі ўсталяваць яго ў кафедры. Гэты саркафаг яшчэ з'явіцца ў нашай гісторыі.
Віленскі саркафаг
Зрэшты, віленская інтэлігенцыя думала ў тым жа ключы, што і літоўская ў Коўне. Вышэйшы камітэт, створаны ў Вільні да 500-гадовай гадавіны смерці Вітаўта, паставіў задачу сабраць гістарычныя звесткі пра зніклыя парэшткі Вітаўта і іншых валадароў у Віленскай кафедры і паставіць саркафаг для парэшткаў Вітаўта, калі іх атрымаецца адшукаць.

Праект саркафага быў распрацаваны віленскім скульптарам Баляславам Балзукевічам, прафесарам Універсітэта Стэфана Баторыя і сябрам знакамітага мастака Фердынанда Рушчыца. На вечку саркафага была змешчана скульптура Вітаўта ў княжацкай кароне, са складзенымі на грудзях рукамі, якія трымаюць меч.
Старанны пошук гістарычных звестак вёўся прадстаўнікамі капітулы, навуковай і тэхнічнай камісій, якія ўзначальвалі кансерватар помнікаў доктар Станіслаў Лорэнц і гісторык архітэктуры прафесар Юліюс Клос. Гэта былі асобы першай велічыні ў міжваеннай Вільні. Ім удалося адшукаць ліст ксяндза Францішка Ксаверыя Богуша, пралата віленскай кафедры, напісаны ў 1806 годзе князю Казіміру Чартарыйскаму. З яго вынікала, што ніхто не змог яму паказаць, дзе ў храме пахаваныя вялікія князі Вітаўт і Аляксандр. Але Богуш з дакументаў усё ж змог даведацца, хто мог быць пахаваны ў адной крыпце з Аляксандрам Ягелончыкам.
У ліпені 1930 года пачаліся пошукі ў Віленскай кафедры, каб падрыхтаваць крыпту пад цэнтральным алтаром да ўстаноўкі саркафага Вітаўта, якая мусіла стаць галоўнай падзеяй юбілею. У крыпце пад алтаром ніякіх новых сутарэнняў не выявілі. У крыптах пад капліцамі, у тым ліку каралеўскай (Валовічаў) і Гаштольдаў, былі выяўлены шматлікія косткі, сярод якіх парэшткаў Вітаўта не выявілі.
У пачатку восені Віленская капітула без тлумачэння прычын адмовіла ў дазволе на ўстаноўку саркафага, праект якога быў завершаны яшчэ ў жніўні. Вышэйшы камітэт быў шакаваны такім рашэннем, якое разбурала ўсе планы па адзначэнні юбілею, абураны Рушчыц папрасіў выключыць сябе са складу камітэта. Часу на распрацоўку новага сцэнарыя святкавання юбілею ўжо не заставалася, неабходна было хутка прымаць рашэнні.
Абмяркоўвалі стварэнне медалю ў гонар Вітаўта, устаноўкі памятнай дошкі ў Троках, дзе памёр Вітаўт, але ў выніку была выбрана ідэя паставіць помнік на вежы Верхняга замка і стварыць у ёй музей, але пасля вырашылі ўсё ж паставіць 9-метровы помнік перад руінамі палаца на Верхнім замку. Заданне даручылі Балзукевічу, Клосу і Людаміру Сляндзінскаму. Абмеркаванне было эмацыйным і крытычным на адрас капітулы.
Раніцай 7 лістапада ў Віленскай кафедры адбылося набажэнства ў памяць пра вялікага князя Вітаўта. Менавіта ў гэты дзень за 500 гадоў да таго парэшткі вялікага князя былі перавезены з астраўнога замка ў Троках у Віленскую кафедру.
У цэнтры касцёла стаяў катафалк, абкладзены зелянінай. Імшу адслужыў архібіскупа Рамуальд Ялбжыкоўскі, а прамову прачытаў ксёндз Казімірам Міхалькевіч, які падкрэсліў, што пра знаходжанне трунаў Вітаўта, Аляксандра, Альжбеты Габсбург і Барбары Радзівіл, якія былі пахаваныя ў кафедры, дагэтуль невядома.
Рушчыц у сваім дзённіку адзначаў, што на імшы было шмат супярэчнасцей і ненатуральнасці.
Польскі архібіскуп-шавініст
Як можна зразумець з вышэй апісаных падзей, дарогу ўшанаванню Вітаўта ў Вільні, насуперак жаданню літоўцаў і мясцовай інтэлігенцыі, заступалі менавіта касцельныя ўлады.
У 1925 годзе ў выніку ціску з боку польскіх нацыяналістаў і польскага ўраду з пасады віленскага архібіскупа пайшоў Юрый Матулевіч, які прыязна ставіўся да літоўцаў і беларусаў, уводзіў літоўскую і беларускую мовы ў касцёле. Пасля ягонай адстаўкі сябры капітулы — польскія святары на чале з Казімірам Міхалькевічам, тым самым, што чытаў прамову на юбілеі Вітаўта — зрабілі ў кнізе пратаколаў наступны запіс пра Матулевіча:
«Колькі ж біскуп Матулевіч пры такіх выдатных якасцях розуму і сэрца мог бы зрабіць у нашай дыяцэзіі, калі б не гэты няшчасны літоўскі і беларускі шавінізм».

Прызначаны на яго месца новы біскуп-паляк Рамуальд Ялбжыкоўскі ад самага пачатку непрыхільна паставіўся да літоўцаў і беларусаў і іх патрэбаў. Яго палітыка вызначалася татальнай ліквідацыяй беларускай мовы ў касцёлах Віленшчыны.
Найчасцей гэта дасягалася шляхам службовага перамяшчэння беларускіх святароў у польскія парафіі, у якіх яны маглі служыць ужо толькі па-польску. Асабліва ад яго дзеянняў пацярпеў беларускі кляштар айцоў марыян у Друі, куды ён нават прызначыў адмысловую камісію, каб разгледзець розныя надуманыя злачынствы. Айцы адзін за адным былі накіраваны служыць на Далёкі Усход, а па факце проста высланы з Беларусі. Ялбжыкоўскі ж даў маўклівую згоду польскім уладам на зняволенне святара Вінцэнта Гадлеўскага, якога вінавацілі ў беларускай дзейнасці.
Ушанаванне ў Віленскай кафедры асобы Вітаўта Вялікага, якая была сімвалам незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага ад Польшчы і ставіла пад сумнеў польскую ўладу над краем, стаяла косткай у горле архібіскупа-шавініста.
У наступнай частцы артыкула чытайце пра тое, як сілы прыроды дапамаглі адшукаць вялікакняскія пахаванні ў Вільні, што стала з саркафагам для Вітаўта і як манаршыя знакі ўлады знайшлі зноў толькі праз 85 гадоў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары