Сустрэча Уіткафа з Пуціным была больш прадуктыўнай, чым чакалася. Трамп неадкладна сазваніўся з Зяленскім і лідарамі Еўропы
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, паводле інфармацыі The New York Times, гатовы на наступным тыдні асабіста сустрэцца з Уладзімірам Пуціным, а пасля гэтага — правесці сумесную сустрэчу з тым жа Пуціным і прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Пра гэта выданню паведамілі дзве знаёмыя з сітуацыяй ананімныя крыніцы.
Уладзімір Пуцін і пасланнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф. Фота Gavriil Grigorov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
Як сцвярджаюць крыніцы The New York Times, Трамп расказаў пра свае намеры падчас тэлефоннай размовы з еўрапейскімі лідарамі 6 жніўня. Сустрэчы, згодна з планам, павінны прайсці толькі з удзелам Трампа, Пуціна і Зяленскага.
Еўрапейскія кіраўнікі, якія раней спрабавалі арганізаваць перамовы па спыненні агню ва Украіне, нібыта пагадзіліся з гэтай ініцыятывай Трампа.
Ці далі на гэта згоду сам Пуцін і Зяленскі, пакуль невядома. Але Зяленскі сам удзельнічаў у той размове і пазней адзначыў, што «здаецца, Расія цяпер больш схільная да перамір’я».
У размове, акрамя Трампа і Зяленскага, таксама ўдзельнічалі прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер, федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц, прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб, генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ, віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс, дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа і спецыяльны пасланнік Трампа Стыў Уіткаф, які сёння сустракаўся з Пуціным у Маскве.
Праўда, у сваёй публікацыі ў сацсетцы TruthSocial пасля гэтай размовы Трамп зусім не згадваў пра намер сустрэцца з Пуціным і Зяленскім.
Адначасова крыніца, на якую спасылаюцца адначасова NYT, Reuters і Axios, паведаміла, што Белы дом не адмаўляецца ад плана ўвесці новыя санкцыі супраць Расіі 8 жніўня.
Нямецкае выданне Bild, у сваю чаргу, напісала, што Дональд Трамп стэлефанаваўся з Фрыдрыхам Мерцам і сказаў, што сустрэча Уіткафа была больш прадуктыўнай, чым чакалася. Але з кантэксту незразумела, ці была гэта асобная размова Трампа з Мерцам, ці гэта была тая самая вышэйзгаданая размова, калі стэлефаноўваліся ўсе разам.
Чытайце таксама:
Трамп заявіў пра прагрэс падчас сустрэчы Уіткафа з Пуціным
Расія разглядае прапанову аб «паветраным перамір’і» з Украінай, але без спынення вайны