Жлобінскі водаканал наглядна паказаў, чаму нельга кідаць вільготныя сурвэткі ва ўнітаз
Супрацоўніца Жлобінскага водаканала выклала ў тыктоку відэа, у якім паказала праблему, якая ўзнікае, калі кідаць ва ўнітаз вільготныя сурвэткі, сродкі асабістай гігіены і дзіцячыя падгузнікі, заўважыла выданне Telegraf.news.
Скрыншот з відэа
Відэа знятае каля прыёмнай камеры каналізацыі, куды трапляюць усе сцёкавыя воды горада з насельніцтвам каля 76 тысяч чалавек. На відэа бачныя жалезныя краты, якія затрымліваюць смецце, што не раствараецца ў вадзе.
Калі прадметы з сінтэтычных матэрыялаў трапляюць у сістэму, супрацоўнікам водаканала даводзіцца рэгулярна чысціць іх уручную. У горшым выпадку яны могуць заблакаваць унітаз у кватэры або пашкодзіць абсталяванне на помпавай станцыі.
Супрацоўніца прадпрыемства назвала вільготныя сурвэткі сапраўднай «катастрофай» для водаканала. У каментарах да відэа многія карыстальнікі прызналіся, што не ведалі пра гэтую праблему і лічаць нармальным кідаць вільготныя сурвэткі ва ўнітаз гэтак жа сама, як і туалетную паперу.
Праблема ў тым, што вільготныя сурвэткі звычайна вырабленыя з сінтэтычных матэрыялаў, такіх як поліэстэр або поліпрапілен, прапітаных спецыяльным растворам, таму яны не распускаюцца ў вадзе. Гэта робіць іх небяспечнымі для каналізацыі, у адрозненне ад паперы.
Некаторыя каментатары дзяліліся асабістым досведам і прапанавалі рашэнні: паказваць інфармацыйныя ролікі па тэлебачанні, размяшчаць аб’явы на дамах з папярэджаннем, што рамонт помпаў аплачваюць жыхары, або арганізоўваць школьныя экскурсіі на ачышчальныя збудаванні, што дапамагае навучыцца правільна карыстацца каналізацыяй.
Чытайце таксама:
Кіньце часнык ва ўнітаз на ноч. Эфект вас здзівіць
Чаму мінская Няміга перастала трапляць у зводкі патопаў пасля залеў?
«Смурод такі, што немагчыма дыхаць». Дом у «Мінск-Свеце» тры дні залівала каналізацыяй