БЕЛ Ł РУС

Макс Корж пацвердзіў, што прычына адмены канцэрта ў Алматы — паводзіны фанатаў у Варшаве

3.09.2025 / 19:57

Nashaniva.com

Пасля таго, як канчаткова высветлілася, што запланаванага на 6 верасня канцэрта Макса Каржа ў Алматы дакладна не будзе, спявак запісаў відэазварот да сваіх фанатаў, у якім не стаў хаваць, што афіцыйныя прычыны адмены канцэрта — толькі адгаворкі.

Макс Корж. Скрыншот з відэа

«Ну што, сябры мае, зноў не даюць з вамі сустрэцца. Мы рабілі ўсё магчымае для таго, каб гэты канцэрт адбыўся.

Але, сябры, мы вельмі, вельмі моцна качнулі ў Варшаве. Так што гарадскія ўлады цвёрда прынялі для сябе рашэнне, што не вывезуць алмацінскі канцэрт. Ніхто не захацеў браць на сябе гэту адказнасць. Нягледзячы на тое, што канцэрт быў дазволены. У гэтым і ёсць галоўная праблема. Далей стадыён узяў на сябе адмену і ўвесь негатыў».

Пасля таго ён прамовіў цёплыя словы на адрас Казахстана і казахаў і папрасіў тых сваіх фанатаў, якія ўжо прыехалі ў Алматы ў спадзяванні, што канцэрт усё ж адбудзецца, «не апраўдваць засцярог гарадскіх уладаў і правесці гэтыя выхадныя культурна, ні ў якім разе не паддавацца на правакацыі». 

«У жаданні дакрануцца да таго цяпла і пагрэцца аб тое цяпло, аб якое мы з вамі раней грэліся, гэтым разам жывёльнаму свету мы саступілі 2:0», — канстатаваў Корж. 

Ён прызнаўся, што не ведае, якія гарантыі можна даць, каб канцэрт у гэтым рэгіёне ўсё ж адбыўся, але выказаў спадзяванне, што ўсё ж такі некалі сустрэча адбудзецца, і гэта будзе найцудоўнейшы дзень.

Канцэрт беларуса Макса Каржа ў Варшаве 9 жніўня, які сабраў больш за 60 тысяч гледачоў, стаў самым скандальным масавым мерапрыемствам у Польшчы апошніх гадоў. У сувязі з канцэртам было затрымана 109 чалавек, сярод іх 13 грамадзян Беларусі. Сямёра з іх былі арыштаваныя за крымінальныя злачынствы, яшчэ шасцёра — за дробныя парушэнні.

Чытайце таксама:

Наркотыкі, піратэхніка, падробка білетаў: за што затрымлівалі беларусаў на канцэрце Каржа

У Казахстане раптам адмянілі канцэрт Макса Каржа. Гэта ўжо другі раз

У Gazeta Wyborcza з'явіўся зварот палякаў да Туска, у якім рэзка асуджаюцца дэпартацыі пасля канцэрта Каржа

«На канцэртах няма месца радыкальнаму нацыяналізму, агрэсіі і гвалту». Макс Корж выказаўся наконт скандалу, які разгарэўся пасля яго выступу ў Варшаве

Пазняк жорстка выказаўся пра Каржа: Антыэстэтычнае, антымастацкае шарлатанства, разлічанае на дэгенератыўнае ўспрыняцце

«Корж ультануў». А чаму ўльтануў?

Каментары да артыкула