БЕЛ Ł РУС

У Трампа «хутка заканчваецца» цярпенне, ён анансаваў новыя санкцыі супраць Расіі

12.09.2025 / 18:19

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што яго цярпенне ў адносінах да Уладзіміра Пуціна «хутка заканчваецца», і анансаваў новыя санкцыі супраць расійскага банкаўскага сектара і нафтавай галіны.

Дональд Трамп. Фота: Chip Somodevilla / Getty Images

У інтэрв’ю Fox News Трамп адзначыў:

«Цярпенне, можна сказаць, ужо заканчваецца і заканчваецца хутка. Мы збіраемся ўвесці вельмі жорсткія санкцыі супраць банкаў, а таксама ўдарыць па нафце і ўвесці тарыфы».

Трамп нагадаў, што раней ужо ўводзіў павышаныя пошліны супраць Індыі, якая стала найбуйнейшым пакупніком расійскай нафты, і прызнаў, што гэта выклікала напружанне ў адносінах паміж Вашынгтонам і Нью-Дэлі.

Адказваючы на пытанне пра магчымасць урэгулявання канфлікту ва Украіне, Трамп заявіў, што не ўпэўнены ў гатоўнасці Расіі да перамоў. Пры гэтым ён адзначыў, што і Уладзімір Зяленскі не заўсёды дэманстраваў гатоўнасць да дыялогу:

«Для танга патрэбныя двое. Калі Пуцін гатовы, Зяленскі не хоча. Калі Зяленскі хоча, Пуцін адмаўляецца. Зараз Зяленскі хоча, а Пуцін пад пытаннем».

Паводле інфармацыі выдання Politico, еўрапейскім лідарам удалося пераканаць Трампа ў тым, што Пуцін не гатовы завяршыць вайну, і таму трэба ўзмацняць ціск.

Дыпламат ЕС адзначыў: «Нарэшце Трамп на нашым баку».

Аднак паміж ЗША і Еўрасаюзам застаюцца рознагалоссі адносна таго, як менавіта ўзмацняць санкцыі.

Вашынгтон прапануе разам з ЕС увесці 100-працэнтныя тарыфы супраць краін, якія купляюць расійскія энерганосьбіты, і абмежаваць як экспарт, так і імпарт тавараў, каб не дапусціць перадачы Расіі тэхналогій падвойнага прызначэння.

У Бруселі ж лічаць, што трэба канцэнтравацца ў першую чаргу на санкцыях супраць канкрэтных банкаў і кампаній.

Акрамя таго, адміністрацыя Трампа нібыта прапануе Еўропе пачаць прамую канфіскацыю замарожаных расійскіх рэзерваў (каля €200 мільярдаў іх знаходзіцца ў ЕС), каб выкарыстоўваць іх не толькі праз прыбытак ад інвестыцый, але і непасрэдна для фінансавання дапамогі Украіне.

Чытайце таксама:

Амерыканскія сенатары рапрацавалі праект закона ад прызнанні Расіі і Беларусі дзяржавамі — спонсарамі тэрарызму

ЗША прапанавалі краінам G7 пачаць канфіскацыю замарожаных рэзерваў Расіі

Наўседа паведаміў, ці варта чакаць адмены санкцый ЕС следам за амерыканскімі

Мінфін ЗША патлумачыў, як з «Белавія» здымуць санкцыі

Каментары да артыкула