БЕЛ Ł РУС

Польскае выданне назвала Церцеля архітэктарам спецаперацыі, якая разгортваецца паралельна з вучэннямі «Захад»

13.09.2025 / 15:29

Nashaniva.com

Затрыманне «польскага шпіёна» напярэдадні маштабных вайсковых вучэнняў «Захад-2025» — гэта не выпадковасць, а частка спланаванай аперацыі, піша ў сваім артыкуле польская Gazeta Wyborcza. І архітэктар гэтай аперацыі — кіраўнік КДБ Іван Церцель. Па іроніі лёсу, паляк па паходжанні.

Старшыня КДБ Іван Церцель. Скрыншот з відэа «Пула первого»

Польскае выданне Gazeta Wyborcza 11 верасня апублікавала вялікі артыкул, аўтары якога аналізуюць нядаўняе затрыманне ў Беларусі грамадзяніна Польшчы і звязваюць яго з вайсковымі вучэннямі «Захад-2025», разглядаючы гэтыя падзеі як частку маштабнай гібрыднай аперацыі. На погляд аўтараў, колькасць і абсурднасць падобных правакацый з боку беларускага рэжыму будзе толькі павялічвацца.

Артыкул пачынаецца з супастаўлення дзвюх, на першы погляд, не звязаных паміж сабой падзей: паказальнага затрымання 4 верасня 2025 года «польскага шпіёна» Гжэгажа Гавела і парушэння паветранай прасторы Польшчы расійскімі дронамі ў ноч на 10 верасня.

Аўтары даводзяць, што абедзве гэтыя падзеі з'яўляюцца элементамі адной гульні, якая разгортваецца на фоне вучэнняў «Захад-2025». Яны падкрэсліваюць, што затрыманне было пастановачным: прапаганда дэманстравала буйным планам надпіс «Сакрэтна» і раскладвала на капоце «доказы» ў выглядзе рознай валюты, уключаючы нават балгарскія левы.

Як адзначаюць аўтары, самі вучэнні «Захад», хоць і заяўленыя як сціплыя, выклікаюць сур'ёзныя асцярогі, бо папярэднія вучэнні «Захад-2021» паслужылі прыкрыццём для падрыхтоўкі поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.

Цяперашнія ж вучэнні, на думку аўтараў, могуць выкарыстоўвацца для тэсціравання мабілізацыйных працэдур або як платформа для гібрыдных аперацый. У гэтым кантэксце нядаўняе затрыманне польскага грамадзяніна беларускімі спецслужбамі можна разглядаць як элемент больш шырокай інфармацыйнай гульні, якая суправаджае вучэнні.

Абодва сцэнары, на погляд аўтараў, рэальныя. У кожным выпадку, у дзяржаўных СМІ Беларусі і Расіі затрыманне паляка было прадстаўлена як «неабвержны доказ» пагрозы з боку Захаду і абгрунтаванне неабходнасці сумесных абарончых манеўраў.

Старшыня КДБ Іван Церцель. Фота: БелТА

Чалавек, які стаіць за аперацыямі

Адзін з асноўных архітэктараў аперацыі, як сцвярджаюць аўтары, — кіраўнік беларускага КДБ Іван Церцель. Прыводзім даслоўна:

«Самы цікавы парадокс сучаснай Беларусі мае прозвішча Іван Церцель. Або, калі хочаце, Ян Церцель. Галоўны кадэбіст краіны — паляк з-пад Гродна і каталік. Кіраўнік беларускай сістэмы тэрору, а адначасова і абвінаваўца журналіста Wyborczej і аднаго з лідараў беларускіх палякаў, Андрэя Пачобута, у «здрадзе радзіме». Хутчэй за ўсё, таксама і сурэжысёр падзей у Лепелі.

[Беларускія] апазіцыйныя СМІ часам называюць яго Фантамасам, бо выглядае ён як вылітая копія таямнічага, няўлоўнага злачынцы з французскіх крымінальных раманаў… — але прынцыпы ў яго хутчэй катавальныя, ён умела спалучае спадчыну савецкіх чэкістаў з ІТ-рэпрэсіямі.

Яго кар'ера — гэта гісторыя цынічнага адрачэння уласных каранёў: ён свядома прыняў імя Іван, каб прасунуцца ў структурах КДБ. Як кіраўнік спецслужбы, ён асабіста курыраваў катаванні Пачобута і спланаваў замах на Паўла Шарамета ў Кіеве [няма доказаў, што той замах арганізаваў ці замовіў КДБ — НН]. Легенда беларускай незалежнай журналістыкі загінуў у выніку выбуху аўтамабіля.

Беларускія свабодныя СМІ пішуць пра яго: «Адбірае мову, хлеб і надзею», а каментатары ацэньваюць яго ўдзел у гібрыднай вайне лаканічна: «Колькасць і абсурднасць правакацый будзе расці».

Церцель, нібы Дзяржынскі 2.0, спецыялізуецца на тым, каб ламаць людзей і сеяць хаос. Дакладна спланаваны — гэтак жа дакладна, як ён спланаваў аперацыю «Шлюз», то-бок дэстабілізацыю польскай палітыкі, грамадскага жыцця і абараназдольнасці праз масавы перакід у Польшчу падманутых мігрантаў і адчайных уцекачоў.

Гэта значыць, фундаментальны ўклад Беларусі ў расійскую гібрыдную вайну з Захадам, які мы ведаем як крызіс на беларускай мяжы 2021—23 гадоў.

Затрыманне польскага манаха ў Беларусі. Скрыншот з відэа

Падзея ў Лепелі ідэальна ўпісваецца ў гэты створаны сцэнар. Механізм яго праўдападобнасці таксама быў падрыхтаваны загадзя — дзяржаўныя СМІ неадкладна прыступілі да прапагандысцкай дзейнасці. А неўзабаве пачнуць з'яўляцца грамадзяне Беларусі, якія будуць сведчыць, што іх вербавалі польскія спецслужбы».

Інфармацыйная кампанія

Аўтары звяртаюць увагу на магутную прапагандысцкую кампанію, якая суправаджала затрыманне. Дзяржаўныя СМІ неадкладна пачалі публікаваць «дапаможнікі» пра тое, як распазнаць вярбоўку, а ў сацыяльных сетках дамінавалі каментары з падтрымкай КДБ і антыпольскай рыторыкай.

Журналісты асобна адзначаюць матэрыял, размешчаны на партале агенцтва БелТА пад назвай: «Як распазнаць вярбоўку замежнымі службамі і што рабіць?» а таксама на артыкул Андрэя Лазуткіна, які з'явіўся 4 верасня на партале «Мінская праўда».

Так Лазуткін канстатуе: «З Польшчы апошнім часам паступаюць сігналы, якія не абяцаюць нічога добрага — мы зноў вяртаемся на рэйкі халоднай вайны. Наўроцкі мала што змяніў, а фон дэр Ляен і Туск адкрыта абяцаюць нам праблемы. Гэта значыць, што прапанова міру не была пачутая».

Медыйная кампанія, як адзначаюць аўтары, працягнулася ў сацыяльных сетках. 

На гэтым фоне, як даводзяць польскія журналісты, вылучаюцца тры артыкулы на партале «Наша Ніва».

«Аўтары паслядоўна ставяць пад сумнеў афіцыйную версію падзей. Яны пішуць пра «нібыта шпіянаж» Гжэгажа Гавела, указваючы на шматлікія нестыкоўкі: несучасная ў эпоху лічбавізацыі фізічная перадача папяровых дакументаў, адсутнасць надзейнай крыніцы ўцечкі інфармацыі ці палітычны кантэкст — затрыманне адбылося перад запланаванай сустрэчай Лукашэнкі з прадстаўніком адміністрацыі Трампа.

Каментары з «Нашай Нівы» вылучаюцца, што відавочна, не толькі на фоне каментароў з рэжымных СМІ, але і польскіх, дзе даволі часта з'яўляюцца кпіны і інсінуацыі на адрас затрыманага, а таксама спарадычныя тэорыі змовы».

Прыцягальнасць Беларусі

Аўтары таксама адзначаюць парадаксальную сітуацыю, калі, нягледзячы на шматлікія папярэджанні, некаторыя грамадзяне Польшчы працягваюць ездзіць у Беларусь і нават усхваляюць тамтэйшыя парадкі ў сацыяльных сетках, ігнаруючы палітычны кантэкст і відавочныя пагрозы:

«Еўрапейцам 1000 разоў казалі, каб не ехалі ў дыктатуру Лукашэнкі, бо іх могуць выкарыстаць». І іх выкарыстоўваюць, як манаха Гжэгажа Гавела. Але нягледзячы на гэта, на Facebook усё яшчэ дзейнічаюць польскамоўныя групы для тых, хто плануе паездкі ў Беларусь.

Сапраўдныя мэты

У заключнай частцы артыкула аўтары выказваюць меркаванне, што сапраўдная мэта вучэнняў «Захад-2025» і звязаных з імі правакацый можа быць значна больш небяспечнай, чым здаецца:

«Шмат што сведчыць пра тое, што затрыманне паляка ўпісваецца ў яшчэ больш шырокую, шматпавярховую інтрыгу, архітэктарам якой з'яўляецца Церцель».

Дзяржсакратар Рады бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч наведвае вучэнні «Захад-2025». Фота: Мінабароны Беларусі 

Затрыманне Гавела можа быць часткай яшчэ большай інтрыгі. Калі, як заяўляў Трамп, ідуць перамовы пра вызваленне 1500 палітвязняў, то «шпіён-манах» можа стаць картай у перамовах. Яго выпусцяць для «сімвалічнага жэста», але ключавыя вязні, як Пачобут, застануцца ў турме.

«Церцель ведае, куды ўдарыць, каб было найбольш балюча. І тут хаваецца найбольшая небяспека. Занятыя справай кракаўскага кармеліта і вучэннямі «Захад», раздражнёныя патэнцыйным утрыманнем Пачобута за кратамі, мы можам прапусціць больш небяспечныя крокі беларускіх спецслужбаў», — папярэджаюць журналісты.

На думку аўтараў, найгоршы сцэнар прадугледжвае вярбоўку грамадзян трэцяй краіны, нейкім чынам звязаных з Украінай — напрыклад, балгараў. І схіленне іх — шантажом або абяцаннямі — да нейкай маштабнай дыверсійнай або дэзынфармацыйнай кампаніі ў Польшчы.

Напрыклад, да сфабрыкавання ўцечкі фальшывых кампраметуючых дакументаў з канцылярыі прэзідэнта Наўроцкага, што ў глыбока палітычна палярызаваным грамадстве магло б выклікаць сур'ёзны палітычны крызіс, а дакладна — пасеяць замяшанне.

Або да правядзення сімвалічнай, але гучнай дыверсійнай акцыі супраць крытычнай інфраструктуры з дапамогай дронаў, якія, так супала, апошнім часам усё часцей залятаюць у Польшчу, — але такім чынам, каб след вёў да ўкраінцаў.

Іван Церцель (справа) і кіраўнік Службы замежнай разведкі Расіі Сяргей Нарышкін чакаюць прыёму ў Аляксандра Лукашэнкі, 15 красавіка 2025. Фота Пула первого

Або след мог бы весці і да Расіі, але не наўпрост, а да прарасійскіх крайне правых колаў у Польшчы. Гэта дазволіла б «забіць трох зайцоў адным стрэлам»: аслабне давер да дзяржаўных інстытутаў, яшчэ больш узрасце непрыязнасць да ўкраінцаў або пачнецца пошук і вызначэнне ўнутранага ворага, а грамадскі раскол яшчэ больш паглыбіцца і абвострыцца.

«Наступствы такой падзеі былі б катастрафічнымі для ўнутранай стабільнасці і развязалі б сапраўднае пекла ў і без таго напружаных рэгіянальных адносінах. Неўзабаве мы даведаемся, ці гэта толькі спекуляцыі, заснаваныя на веданні беларускіх спецслужбаў, ці сапраўдная мэта вучэнняў «Захад-2025», — пішуць журналісты.

Чытайце таксама:

У Лепелі затрымалі паляка, які нібыта здабыў дакументы вучэнняў «Захад-2025»

Міжнародныя эксперты ацанілі расійскі кантынгент на вучэннях «Захад-2025»

На вучэннях «Захад» адпрацоўваюць напад на Польшчу і Літву пад выглядам абароны Калінінграда

Каментары да артыкула