БЕЛ Ł РУС

«Быў страчаны момант з Беларуссю». Зяленскі падчас выступлення ў ААН згадаў нашу краіну

24.09.2025 / 22:1

Nashaniva.com

У сваім выступленні з трыбуны Генеральнай асамблеі ААН прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі шмат гаварыў пра тое, што сістэма міжнароднага права ў сучасным свеце зусім не працуе і ніяк не можа нікога абараніць. У гэтым кантэксце ён у тым ліку згадаў і пра Беларусь, відавочна намякаючы на пасіўнасць свету ў 2020 годзе.

Уладзімір Зяленскі на трыбуне ААН. Фота: Spencer Platt/Getty Images

«Міжнароднае права не працуе ў поўнай меры, калі ў вас няма ўплывовых сяброў, якія сапраўды гатовыя яго абараняць. І нават у гэтым выпадку без зброі нічога не выйдзе. Гэта агідна, але без яе было б яшчэ горш. Няма іншых гарантый бяспекі, акрамя сяброў і зброі. Менавіта таму мы інвестуем у абарону.

Чаго могуць чакаць ад ААН і глабальнай сістэмы Судан, Самалі, Палесціна або іншыя народы, якія праходзяць праз вайну? На працягу дзесяцігоддзяў — толькі заявы.

І нават тое, што адбываецца ў Газе, застаецца без выхаду. Нават цяпер, пасля ўсіх змен, Сірыя дагэтуль вымушаная звяртацца да свету з просьбай аслабіць санкцыі, якія душаць яе эканоміку.

Расія выкрала тысячы ўкраінскіх дзяцей. І некаторых з іх мы вярнулі. Але колькі часу спатрэбіцца, каб вярнуць дадому ўсіх?

Паглядзіце на Ізраіль. Прайшло амаль два гады, а закладнікі дагэтуль не вызваленыя. Іх трэба вызваліць.

На працягу многіх гадоў не было рэальных адказаў на іншыя пагрозы — хімічную зброю і голад, якія выкарыстоўваюцца ў якасці зброі. Летась на гэтай Асамблеі я папярэджваў свет пра рызыку радыяцыйных катастроф, асабліва праз расійскую акупацыю Запарожскай атамнай электрастанцыі. Але нічога не змянілася.

Нават сяброўства ў шматгадовым вайсковым альянсе не гарантуе бяспеку аўтаматычна. Нядаўна 19 звычайных расійскіх дронаў парушылі паветраную прастору Польшчы. Толькі 4 з іх былі збітыя. Эстонія была вымушаная склікаць пасяджэнне Рады Бяспекі ААН праз уварванне расійскіх знішчальнікаў у яе паветраную прастору.

Малдова абараняецца — зноў — ад умяшання Расіі. Мы дапамагаем Малдове. Расія спрабуе зрабіць з Малдовай тое, што калісьці зрабіў Іран з Ліванам.

Важна памятаць, як свет занядбаў неабходнасць дапамагчы Грузіі пасля нападу Расіі і як быў страчаны момант з Беларуссю.

Цяпер Малдова не павінна быць страчана. Для Еўропы падтрыманне стабільнасці ў Малдове не каштуе дорага, але калі гэтага не зрабіць, цана будзе нашмат вышэйшай. Вось чаму Еўрасаюз павінен дапамагчы Малдове цяпер — фінансаваннем і энергетычнай падтрымкай, а не толькі словамі або палітычнымі жэстамі.

Статут ААН і Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека павінны працаваць усюды. Але Талібан у Афганістане заганяе ўсю краіну назад у цёмныя стагоддзі. Картэлі ў некаторых краінах Лацінскай Амерыкі мацнейшыя за ўрады.

Гэта ўсё сведчыць пра крах міжнароднага права і слабасць міжнародных інстытутаў. А значыць, гаворка ідзе пра нарошчванне ўзбраенняў. Зброя вырашае, хто выжыве», — сказаў прэзідэнт Украіны.

Чытайце таксама:

Ціханоўская ў Нью-Ёрку паразмаўляла з Каралем Наўроцкім ВІДЭА

«Пакуль ЕС купляе энергарэсурсы ў Расіі, ён фінансава больш на баку агрэсара» — Наўседа

ААН апраўдваецца — Белы дом западозрыў арганізацыю ў сабатажы праз праблемы падчас выступу Трампа

Наўроцкі: Расія ставіцца да цэлых нацый як да сваёй каланіяльнай уласнасці

Наўроцкі ў ААН назваў сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі прыярытэтам Польшчы

Прызнанне палесцінскай дзяржавы: ЗША застаюцца адзінай сілай, чый голас будзе мець вырашальнае значэнне

Каментары да артыкула