БЕЛ Ł РУС

Індыя папрасіла ў Трампа дазволу купляць нафту ў Ірана і Венесуэлы, каб не купляць расійскай

25.09.2025 / 17:24

Nashaniva.com

Індыя звярнулася да ЗША з просьбай дазволіць ёй аднавіць закупкі нафты ў Ірана і Венесуэлы, каб скараціць залежнасць ад расійскіх паставак. Як паведамляе Bloomberg, індыйскія чыноўнікі падчас візіту ў Вашынгтон падкрэслілі: рэзкае зніжэнне імпарту нафты з Расіі магчымае толькі ў тым выпадку, калі будуць знятыя амерыканскія абмежаванні на гандаль з іншымі буйнымі вытворцамі, якія цяпер знаходзяцца пад санкцыямі.

Фота: Indranil Aditya/NurPhoto via Getty Images

Па словах прадстаўнікоў Нью-Дэлі, адначасовае спыненне закупак нафты ў Расіі, Ірана і Венесуэлы прывядзе да скачка сусветных цэн.

Гэтая пазіцыя прагучала пасля таго, як ЗША ўвялі вялікія тарыфы супраць Індыі за яе гандаль з Расіяй. Нягледзячы на ціск, краіна працягвае купляць расійскую нафту, хоць і ў меншых аб’ёмах. Міністр гандлю Індыі Піюш Гоял заявіў у Нью-Ёрку, што Індыя плануе павялічыць закупкі амерыканскай нафты і газу, бо яе энергетычная бяспека «ў значнай ступені будзе звязаная з ЗША».

Расія, у сваю чаргу, прапануе Індыі нафту са зніжкамі, бо многія краіны адмовіліся ад гандлю з Масквой праз вайну ва Украіне. Для Індыі, якая імпартуе каля 90% патрэбнай ёй нафты, гэта дае магчымасць істотна зніжаць выдаткі.

Закупкі ў Ірана Індыя спыніла яшчэ ў 2019 годзе, а ад венесуэльскай нафты давялося адмовіцца сёлета — пасля ўзмацнення амерыканскіх санкцый. Пераход на сыравіну з Блізкага Усходу магчымы, але абыдзецца даражэй. Паводле даных Мінгандлю Індыі, у ліпені сярэдняя цана барэля расійскай нафты складала $68,9, у той час як саудаўская каштавала $77,5, а амерыканская — $74,2.

Чытайце таксама:

ААНаўская прамова Трампа: пра эскалатар, які спыніўся проста на хаду, супраць міграцыі і зялёнай энергетыкі

Кожны шосты нафтавы танкер у свеце належыць да расійскага «ценявога флоту»

Трамп выстаўляе Еўрасаюзу ўмовы, якія той не можа выканаць

У ЗША заявілі, што могуць абрынуць эканоміку Расіі. Але трэба дапамога Еўропы

Трамп: Здаецца, мы страцілі Індыю і Расію

Каментары да артыкула