БЕЛ Ł РУС

«Вярнулі як быдла». Вызваленых расійскіх палонных адразу адпраўляюць назад на вайну

29.09.2025 / 22:8

Nashaniva.com

Малодшы сяржант расійскай арміі Іван Грабеннікаў вярнуўся ў Расію з палону ў маі 2025 года пасля аднаго з найбуйнейшых абменаў палоннымі па формуле «1000 на 1000». У жніўні ён запісаў відэа з расказам пра тое, як яго з пакалечанай рукой і катэгорыяй «Д» (не прыдатны, поўнае вызваленне ад вайсковай службы), насуперак яго волі, вярнулі на фронт, піша расійскі праект «Окно».

Іван Грабеннікаў, гвалтоўна вернуты з палону назад на фронт 

Сваякі Грабеннікава скардзяцца, што дадому яго не адпусцілі нават на дзень. А ягоныя калегі, якія вызваліліся з палону, расказваюць, што на фронт вяртаюць іх усіх. Большасць з іх цяжка параненыя, а пасля вяртання з палону ўсе пісалі рапарты на адмову ад кантракту.

Расійскія вайскоўцы пасля чарговага абмену палоннымі

«Іх у кайданках вязуць»

37‑гадовы Іван Грабеннікаў у палоне прабыў 10 месяцаў — з ліпеня 2024 года. На вайну супраць Украіны газазваршчык з Алтайскага краю завербаваўся з калоніі ў красавіку 2024 года.

Іван Грабеннікаў

«У яго дачцэ 4 гады, ён дзеля яе хацеў выбрацца [з калоніі], думаў, паўгода паваюе, як вагнераўцы, і гатова — на волі з роднымі, — кажа сваячка Івана Наталля (імя змененае на яе просьбу). — У выніку яго тры месяцы там [на фронце] трымалі, потым яшчэ ў палоне 10 месяцаў. А цяпер, калі, нарэшце, абмянялі — нават дадому не давезлі, вярнулі, як быдла, назад. Хоць ніхто з іх не хоча ваяваць. Там не тое, каб не пытаюцца — многія бегчы гатовыя, іх у кайданках вязуць».

Раней некалькі вайскоўцаў сапраўды запісвалі відэа, як на штурм іх перавозяць у кайданках, прышпіленых да сядзенняў. Па словах самога Івана, не прыкаваныя былі толькі такія ж цяжка параненыя, як ён — з пераламанымі рукамі і калекі на мыліцах.

«Не робяць ВУК (вайскова-ўрачэбная камісія), ніякай медкамісіі, у целе куля, рука пераламаная. Дадому не адпускаюць», — кажа Грабеннікаў на камеру, калі яго ў складзе 35‑й асобнай гвардзейскай мотастралковай брыгады (в/ч 41659) вязуць разам з іншымі палоннымі пасля абмену ў Данецк.

Да гэтага Грабеннікаў запісваў відэа, як яго за адмову вяртацца на фронт пасадзілі ў камеру ў ягонай вайсковай частцы.

Згодна з меддакументам Грабеннікава, 30 чэрвеня 2025 года доктар-неўролаг правёў агляд і паставіў дыягназ, пазначыўшы катэгорыю прыдатнасці да вайсковай службы — «Д» (цалкам не прыдатны). Неўролаг даў накіраванне Грабеннікаву ў Бранку (горад у Луганскай вобласці Украіны) для «лячэння, праходжання вайскова-медыцынскай камісіі і афіцыйнага вызначэння катэгорыі прыдатнасці».

Аднак усе прызначэнні доктара камандаванне праігнаравала — Грабеннікава і іншых параненых, вернутых пасля палону, сілком адправілі на фронт.

Здымак пералому рукі

«Нам здавалася, што пасля вяртання з палону нас хоць бы лячыць будуць. Куды там — нам нахабна памянялі катэгорыі на фальшывыя — мне, напрыклад, маю «Д» замянілі на «Б» (прыдатны да службы з нязначнымі абмежаваннямі), хоць у мяне правая рука як была ў некалькіх месцах перабітая — так і вісіць. У мяне дагэтуль куля ў целе — нават не аперавалі, — кажа Іван. — І нас такіх вельмі шмат — на мыліцах, у гіпсе. Ім проста по**й, вязуць на данецкі кірунак калек».

Па словах Грабеннікава, у вайсковым білеце яму замянілі не толькі катэгорыю прыдатнасці, але і званне: замест малодшага сяржанта ўпісалі — радавы.

Сваякі Грабеннікава кажуць, што пісалі ў Мінабароны і вайсковую пракуратуру. Адказу не атрымалі. Наадварот, пасля іх заяў Грабеннікава экстранна адправілі ў Данецк, адмовіўшы ў належнай яму працэдуры ВУК.

«Мінабароны — чорная дзірка, адтуль наогул не адказваюць, — кажа Наталля. — З пракуратуры прыйшла адпіска, што нібыта «ўсё па законе» з Іванам робяць. А як па законе можна параненага пасля палону без рэабілітацыі і нават лячэння, без згоды (!) назад кідаць на першую лінію?! Што ён там наваюе без правай рукі?! Ён ні аўтамат трымаць не можа, ні машынай кіраваць, нават параненага калегу выцягнуць не зможа. Я проста не разумею, навошта ім цэлая рота (а з Іванам вязуць такіх жа параненых) інвалідаў на фронце? Для птушачкі? Каму яны гэтую птушачку паказаць павінны? Іх жа там пры першым наступным абстрэле ўсіх даб'юць — каму патрэбна іх смерць?!»

Іван кажа, што ваяваць не хоча — хоча ўбачыць дачку, вярнуцца да працы газазваршчыкам. Аднак рапарты аб адмове ад удзелу ў баявых дзеяннях, напісаныя ім і яго калегамі пасля вяртання з палону, ніхто не разглядае.

«Ніякага пацвярджэння, што іх наогул перадалі наверх, у нас няма, — кажа Валерый з той жа в/ч №41659. — Наадварот, замест камісій або дэмабілізацыі нас згрузілі ўсіх у аўтобусы — хто лёгка паранены, прышпілілі кайданкамі, інвалідаў — так закінулі, і павезлі на данецкі кірунак. Не, у тыле не пакінуць, павязуць да першай лініі. Здохнем там, вядома. Усім на ўсіх по**й».

«Мабілізацыя, палон, рэабілітацыя, загінуў»

У жніўні 2025 года ва Улан-Удэ прайшло пахаванне старшага прапаршчыка Дзмітрыя Пятрова.

«Ён родам з сяла Бічура, але вырас у вёсцы Буй, там мы і школу скончылі, — кажа ягоны аднакласнік Сяргей (імя змененае для ягонай бяспекі). — У войска таксама разам нас забіралі, толькі ён у Маскве служыў, а я ў нас, у Бураціі. Я пасля тэрміновай службы адразу зваліў [з войска], а ён даслужыўся да прапаршчыка. Але потым звольніўся, у 2003 годзе. Я амаль адразу пераехаў ва Улан-Удэ, а Дзіма яшчэ жыў з сям'ёй у Буі і толькі ў 2022 годзе перабраўся сюды. Мабілізавалі яго ў тым жа верасні. Бо ён быў на кантракце ў мінулым, хай і нядоўга, ён не здзівіўся. Наконт хацеў — не хацеў. Ну, у яго быў выбар, ці што? Самі як думаеце? У яго дачка і сын маленькія. Думаў, што адмовіцца не мае права».

У верасні 2022 года Пятрова мабілізавалі ў 37‑ю мотастралковую брыгаду, у лютым 2023 года ён трапіў у палон, а ўжо ў красавіку 2023 года быў вызвалены.

Дзмітрый Пятроў

«Ён прыходзіў у адпачынак. Але я не памятаю, каб яго наогул выпускалі пасля абмену адразу. Ён быў на рэабілітацыі некалькі тыдняў, потым у Кяхце, дзе часць. Але потым яго адправілі зноў на фронт. Не пытаючыся, вядома. У чэрвені яго ўзнагародзілі нават,а ў ліпені [2025 года] загінуў. Вось кажуць, што раз перажыў палон, нібыта шчасліўчык — куля не возьме. **йня гэта ўсё», — кажа Сяргей.

Па словах суразмоўцы, у Пятрова засталася вялікая сям'я — пажылы бацька, брат, жонка, сын і дачка.

«Быццам бы жонка, Вольга, яго прасіла не хадзіць [на вайну]. Там і раны пра сябе давалі знаць і ў цэлым стан быў не вельмі, але ў студзені, калі яго зноў забралі, ужо не пыталіся, хочаш — не хочаш, моцна паранены ці не. Ужо быў на вайне — пойдзеш яшчэ, ваяваць больш няма каму», — кажа сябар загінулага.

Праваабаронцы адзначаюць, што, нягледзячы на тое, што 117‑ы артыкул Жэнеўскай канвенцыі забараняе пакідаць ваеннапалонных на вайсковай службе пасля вяртання, расійскія ўлады яго не выконваюць.

«Дэ-факта ўсе кантракты з Мінабароны РФ цяпер бестэрміновыя. І ў расійскім заканадаўстве ёсць шчыліна, згодна з якой, паколькі цяпер актыўныя ваенныя дзеянні, а не перамір'е — то і палонныя застаюцца ў статусе вайскоўцаў. Гэта значыць з— за працягу вайны палон — не падстава для звальнення з войска, — кажа праваабаронца Аляксей (поўнае імя суразмоўцы не называецца для яго бяспекі). — Калі палонны паранены, то ў тэорыі ён можа патрабаваць вайскова-медыцынскай камісіі. Але на практыцы арганізаваць яе складана, калі ты не на «гражданцы»».

Чытайце таксама:

Названыя 13 расійскіх камандзіраў, датычных да злачынстваў у Бучы

Расія ўдасканаліла атакі дронамі — забяспечваць тыл украінцам становіцца цяжэй

«Адзін шпрыц на ўсіх». У расійскай арміі эпідэмія ВІЧ і гепатыту

ГУР узяў адказнасць за выбухі пад Уладзівастокам: называюць гэта помстай вайскоўцам РФ, якія ўдзельнічалі ў забойствах палонных украінцаў

Расійскі афіцэр дапамог УСУ ўдарыць па расійскім палігоне і забіць 65 вайскоўцаў

Сакрэтны канал абмену палоннымі паміж Расіяй і Украінай. Невядомыя раней дэталі аперацыі

Каментары да артыкула