Брытанская газета The Sunday Times апублікавала імёны 13 расійскіх камандзіраў, датычных да катаванняў, забойстваў і рабаванняў у Бучы. Пяць з гэтых прозвішчаў прагучалі ўпершыню.

Асобы камандзіраў былі ўстаноўленыя незалежнымі юрыстамі і следчымі, з дапамогай разведвальных звестак з адкрытых крыніц. Усе 13 чалавек былі пацверджаныя ўкраінскімі праваахоўнікамі.

Вось новыя імёны:
- генерал-маёр Вадзім Панькоў — мяркуецца, што ён загадаў забіць 30 мясцовых жыхароў і прымусіў іншых жыхароў Бучы прыбіраць целы загінулых расійскіх салдат. Ён камандаваў 45‑й брыгадай ВДВ, якая ўдзельнічала ў штурме аэрапорта ў Гастомелі;
- генерал-палкоўнік Валерый Саладчук — ён камандаваў падраздзяленнямі 36‑й арміі, чые вайскоўцы датычны да злачынстваў у Бучы;
- палкоўнік Юрый Мядзведзеў — яго падначаленыя здзейснілі больш за 40 згвалтаванняў, а сам ён, як сцвярджае выданне, быў забіты ўзбунтаваўшыміся расійскімі вайскоўцамі ў 2022-м;
- палкоўнік Андрэй Кондраў — камандзір 5‑й танкавай брыгады;
- палкоўнік Сяргей Карасёў — у Ірпені застрэліў жыхара, выбіў прыкладам пісталета зубы жанчыне.
Восем афіцэраў раней былі вядомыя, ім генпракуратура Украіны ўжо выставіла абвінавачанні. Адзін з іх — генерал-палкоўнік Аляксандр Чайко, камандуючы Усходняй ваеннай акругай у пачатку вайны. Ён аддаваў загады пра зачысткі, а раней камандаваў расійскімі войскамі ў Сірыі. Таксама гэта генерал-маёр Сяргей Чубарыкін — камандзір 76‑й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі. Лічыцца, што салдаты пад яго камандаваннем здзейснілі большасць ваенных злачынстваў у Бучы.
Астатнія шэсць — генерал-палкоўнік Аляксандр Санчык, палкоўнік Азатбек Амурбекаў, палкоўнік Арцём Гарадзілаў, падпалкоўнік Дзяніс Сувораў, палкоўнік Аляксей Талмачоў, генерал-маёр Уладзімір Селівёрстаў.
Пад супольным камандаваннем гэтых 13 камандзіраў больш за 80 салдат ужо былі афіцыйна ідэнтыфікаваныя як падазраваныя ў злачынствах у Бучы.
Каментары
[Зрэдагавана]