Расійскі афіцэр дапамог УСУ ўдарыць па расійскім палігоне і забіць 65 вайскоўцаў
Дзякуючы яго наводцы УСУ нанеслі ўдар па пастраенні расійскіх вайскоўцаў на палігоне пад Валнавахай у Данецкай вобласці. Праз сем месяцаў мужчына выйшаў з гульні і пад кіраўніцтвам украінскіх разведчыкаў перайшоў лінію фронту. Цяпер ён служыць у Рускім добраахвотніцкім корпусе.

Расіянін Леў Ступнікаў нарадзіўся ў Казахстане. Яго дзяцінства было звычайным: школа, спорт — плаванне, канькі, нават бальныя танцы. Калі Льву было 12 гадоў, ён з маці і сястрой пераехаў у Омск. Бацька застаўся ў Казахстане і знік з іх жыцця.
У расійскай школе, як заўважае мужчына ў новым выпуску ютуб-праекта ўкраінскага блогера Дзмітрыя Карпенкі, ён адразу адчуў розніцу:
«Я адчуў нейкі такі вайб разгільдзяйства. (…) У Казахстане не было такога, каб хтосьці з вучняў курыў проста ў адкрытую за школай. У Расіі гэта было нормай».
Пасля 8-га класа маці аддала сына ў Омскі кадэцкі корпус. Пасля яго заканчэння Леў марыў стаць лётчыкам, але сутыкнуўся з карупцыяй: каб прайсці медкамісію, нават здароваму чалавеку трэба было плаціць, каб дактары паставілі нармальны дыягназ.
У выніку хлопец не змог паступіць і, каб не трапіць у войска на тэрміновую службу, падаў дакументы ў політэхнічны ўніверсітэт на спецыяльнасць «праектаванне ракетных рухавікоў», але амаль не вучыўся там і быў адлічаны з трэцяга курса. У 2018 годзе ён паступіў у Вайсковую акадэмію сувязі ў Санкт-Пецярбургу на спецыяльнасць «Шматканальныя тэлекамунікацыйныя сістэмы».
Калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну, як згадвае Леў, прапаганда ў акадэміі запрацавала на поўную моц. На сходах у актавай зале палкоўнікі распавядалі пра поспехі «СВА». Па словах Льва, большая частка яго сакурснікаў хацела патрапіць на фронт. Асноўным матывам была магчымасць зарабіць грошай:
«Хацела большая частка, таму што грошы. Тыпу мы ж сувязісты, мы дзесьці пасядзім і заробім грошай. Ідэалагічна настроеных я не бачыў ніводнага».
У гэты час Леў ужо актыўна сачыў за навінамі з абодвух бакоў, у тым ліку праглядзеў больш за 150 інтэрв'ю з палоннымі. Па словах мужчыны, прыкладна за паўгода да выпуску ён прыняў для сябе канчатковае рашэнне: калі адправяць на вайну, ён здасца ў палон.
Служба, вайна і супрацоўніцтва з украінскімі вайскоўцамі
29 красавіка 2023 года Леў выпусціўся з акадэміі ў званні лейтэнанта і атрымаў размеркаванне ў 36-ю гвардзейскую мотастралковую брыгаду. Прыбыўшы ў часць, ён, малады лейтэнант, быў адразу прызначаны камандзірам батальёна сувязі, бо ўсе вопытныя афіцэры былі ўжо на вайне.
Як даводзіць мужчына, ён сам дамагаўся хутчэйшай адпраўкі ва Украіну, бо разумеў, што гэта яго адзіны шлях да рэалізацыі плана. У лістападзе 2023 года, пасля кароткіх курсаў на аператара БПЛА, Леў апынуўся ў раёне Вуглядара.
У пачатку 2024 года ён напісаў украінскаму блогеру і валанцёру Уладзіміру Золкіну (праект «Апостал»). З гэтага моманту пачалося яго сямімесячнае супрацоўніцтва з украінскімі вайскоўцамі.
Першай і, мабыць, самай гучнай аперацыяй, якая прадэманстравала каштоўнасць інфармацыі ад Ступнікава, стаў удар па палігоне пад Валнавахай.
Леў заўважыў смяротна небяспечную руціну, народжаную армейскай паказухай: у чаканні прыезду генерала на палігоне штодня, у адзін і той жа час, пачалі шыхтаваць цэлы батальён. Салдаты стаялі ў роўных шэрагах пасярод адкрытай мясцовасці, ператвараючыся ў ідэальную мішэнь.
Мужчына перадаў украінскаму боку дакладныя каардынаты і час. Вынік быў прадказальны і жахлівы. Удар HIMARS накрыў палігон, пакінуўшы пасля сябе больш за 65 забітых. Гэтая трагедыя, якую сам Леў з горкай іроніяй назваў вынікам «звычайнай армейскай тупасці», выклікала шок у расійскай арміі і абвяшчэнне жалобы на радзіме брыгады.
Але калі гісторыя з палігонам была пра некампетэнтнасць, то наступны эпізод агаліў бесчалавечнасць сістэмы. Леў перадаў інфармацыю пра месцазнаходжанне групы штурмавікоў «Шторм-Z», набраных з былых зняволеных, якіх рыхтавалі да чарговага мяснога штурму.
Пасля таго, як украінская артылерыя дакладна адпрацавала па каардынатах, камандзір брыгады аддаў загад: «Адмена эвакуацыі, нікога не эвакуяваць». Параненых пакінулі паміраць, а чатырох ацалелых, якія цудам выжылі, у тую ж ноч кінулі ў бой.
Вайна — гэта не толькі людзі, але і жалеза. Ступнікаў выдатна разумеў, што знішчэнне тэхнікі можа быць не менш эфектыўным. Аднойчы ён выявіў месца канцэнтрацыі сямі адзінак рознай тэхнікі: ад самаробных багі да машын, абсталяваных комплексамі радыёэлектроннай барацьбы. Удар па гэтай цэлі аслабіў мабільнасць і, што больш важна, тэхналагічныя магчымасці брыгады, зрабіўшы яе больш уразлівай для ўкраінскіх дронаў.
Кульмінацыяй яго падпольнай дзейнасці стала аперацыя, якая магла абезгаловіць усю брыгаду. Леў даведаўся, што ў адным з падвалаў на перадавой пройдзе нарада з удзелам больш як дваццаці афіцэраў — практычна ўсяго каманднага складу. Стаўка была максімальнай.
Ён перадаў каардынаты, і ўкраінскі бок, затаіўшы дыханне, чакаў выніку. Ракета HIMARS трапіла ў цэль з неверагоднай, амаль хірургічнай дакладнасцю. Як пазней успамінаў Леў, «розніца была ў метр». Але ў той дзень лёс быў на баку расійскіх афіцэраў — ракета не выбухнула.
За сем месяцаў яго працы 36-я брыгада не змагла прасунуцца на сваім участку фронту «ні на метр». Як сцвярджаецца ў відэа, украінскі бок меў доступ да камер расійскіх дронаў і ведаў аб усіх планах праціўніка.
Пераход на бок Украіны і новае жыццё
7 ліпеня 2024 года па праграме «Хачу жыць» была арганізавана яго эвакуацыя. Пад выглядам праверкі сувязі ён пакінуў свае пазіцыі і па мінным полі, пад наглядам украінскага дрона, выйшаў насустрач разведгрупе. Цяпер мужчына служыць у Рускім добраахвотным корпусе.
Гісторыя на гэтым не скончылася. Праект «Хачу жыць» дапамог арганізаваць выезд яго маці і сястры з Расіі. Яны пакінулі ўсё і пераехалі ва Украіну. Жонка пераехаць адмовілася.
Каментары
Так наверное восточные и так вычислят - ушёл в плен, в списках пленных нету... Да ещё и военная разведка данных добавят.