Карпянкоў абвінаваціў апазіцыю ў «раскладанні іміджу міліцыянера як абаронцы»
Камандуючы Унутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў павіншаваў з 59‑й гадавінай стварэння вайсковую частку 5448, прысвяціўшы ў віншаванні нямала месца ролі гэтага падраздзялення падчас народных выступленняў 2020 года, якія сталі «асаблівай праверкай на трываласць».
Мікалай Карпянкоў (у цэнтры) са свамі губазікаўцамі падчас задушэння пратэстаў у 2020 годзе. Фота: LookByMedia
У інтэрпрэтацыі Мікалая Карпянкова, тады «на вуліцах Мінска вырашаўся лёс суверэннай Беларусі».
«У той перыяд апазіцыя дамаглася пэўных поспехаў у інфармацыйна-псіхалагічным уздзеянні на грамадства, раскладаючы імідж міліцыянта як абаронцы. Ім удалося выклікаць у людзей пачуццё страху знаходжання на вуліцах, асабліва ў месцах правядзення масавых мерапрыемстваў і вялікай колькасці грамадзян», — выкладае сваю арыгінальную версію падзей сілавік, які менавіта тады, знаходзячыся на чале ГУБАЗіКа, набыў сваю сумную вядомасць.
Паводле яго слоў, сілавікі, якія праводзілі тады і праводзяць да гэтага часу жорсткія рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў, выконвалі такую задачу, як «аднавіць адчуванне бяспекі». У той час нібыта яны «не проста ахоўвалі парадак, а дэманстравалі адкрытасць і гатоўнасць дапамагчы».
І дзякуючы гэтаму «мы даказалі і паказалі людзям, што міліцыя і народ адзіныя, што ўнутраныя войскі — гэта апора, а не пагроза».
Чытайце таксама:
«Калі ён стане міністрам, Кубракоў падасца пацанёнкам». Гісторыя жыцця Мікалая Карпянкова
Павук паскардзіўся на Карпянкова ідэолагу МУС
Дзе цяпер топ-сілавікі, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях у 2020-м
Як сілавікі на чале з Карпянковым крышавалі наркагандляроў і засталіся беспакаранымі