Наўроцкі зноў унёс у польскі Сейм закон, які істотна павялічвае тэрміны атрымання грамадзянства — гэта трэцяя спроба
Законапраект можа закрануць вельмі многіх беларусаў. Дакумент уносяць у парламент трэці раз, ён ужо атрымліваў негатыўныя водгукі ад экспертаў і ўрада.
Кароль Наўроцкі. Крыніца: Mikołaj Bujak/ KPRP / Twitter
Прэзідэнт Польшчы Кароль Наўроцкі зноў унёс у Сейм законапраект, які радыкальна павялічвае тэрміны атрымання польскага грамадзянства.
Дакумент даслоўна паўтарае праекты, якія ўжо двойчы ўносіліся ў парламент. Спачатку ў маі гэта зрабілі дэпутаты ад апазіцыйнай партыі «Закон і Справядлівасць». А потым, ужо ў жніўні, гэты ж тэкст Наўроцкі ўключыў у свой пакет законаў аб дапамозе ўкраінцам і іншым замежнікам.
Абедзве ідэі заглухлі. Праект «ПіС» атрымаў негатыўныя водгукі ад экспертаў, а ўрад рэкамендаваў яго не разглядаць. Пакет законаў Наўроцкага Сейм таксама не прыняў. Замест гэтага кіруючая кааліцыя прыняла свой закон аб дапамозе ўкраінцам, дзе папраўкі да закона аб грамадзянстве не было. На днях закон быў падпісаны прэзідэнтам.
Законапраект Наўроцкага прадугледжвае павелічэнне неабходнага тэрміну пражывання ў Польшчы для атрымання грамадзянства з 3 гадоў на пастаянным дазволе на жыхарства да 10 гадоў. Гэта значыць, што звычайны шлях да грамадзянства без усялякіх льгот, звязаных з польскімі каранямі або шлюбам з палякам, будзе складаць 15 гадоў. Аднак у законе застаецца пункт аб магчымасці падаць на грамадзянства пасля 10 гадоў бесперапыннага пражывання ў краіне, што ўступае ў супярэчнасць з прэзідэнцкай папраўкай.
«Наша Ніва» расказвала пра праблемы законапраекта. Сама прапанова падоўжыць тэрмін знаходжання па пастаянным відзе на жыхарства з 3 гадоў да 10 зыходзіла з няправільнага пасылу, што цяпер 3 гадоў для грамадзянства дастаткова.
На самай справе, па агульным правіле да пастаяннага віду на жыхарства замежніку трэба пражыць у Польшчы 5 гадоў па часовым. То бок звычайны шлях да грамадзянства без ільгот па польскім паходжанні, статусу бежанца або шлюбу з польскім грамадзянінам, складае мінімум 8 гадоў, а не 3 гады, як сцвярджалі дэпутаты ад «ПіС», і цяпер кажа Караль Наўроцкі. Атрымліваецца, калі законапраект прымуць, стандартны шлях да польскага грамадзянства можа скласці 15 гадоў замест 8, як цяпер.
Тым не менш польскі прэзідэнт вырашыў зноў унесці той жа законапраект без зменаў. Наўроцкі матывуе сваю прапанову тым, што ў Польшчы нібыта амаль самыя кароткія тэрміны для атрымання грамадзянства сярод усіх еўрапейскіх краін. Акрамя таго, ён адзначае, што польскі пашпарт — гэта прывілей, і ён належыць толькі тым замежнікам, якія максімальна інтэграваліся ў польскае грамадства, вывучылі мову і напіталіся польскай культурай.
Пра перспектывы ініцыятывы прэзідэнта казаць цяжка. Парламенцкая большасць ужо двойчы тармазіла разгляд гэтага праекта. Акрамя таго, кіруючая кааліцыя нядаўна абвясціла, што працуе над сваім законам аб грамадзянстве. Ён будзе меркаваць увядзенне абавязковага тэсту на веданне права, гісторыі і культуры Польшчы, а таксама веданне мовы на ўзроўні B2 — цяпер для грамадзянства дастаткова B1. Пры гэтым пакуль незразумела, ці мяркуе гэты праект павелічэнне тэрмінаў пражывання. Кіруючая кааліцыя збіраецца вынесці свой дакумент на шырокае палітычнае абмеркаванне, калі ён будзе гатовы.