У сейм Польшчы ўнеслі законапраект, які ўскладняе атрыманне грамадзянства. Ён можа закрануць многіх беларусаў
Законапраект з папраўкай да закона аб грамадзянстве прапанаваў дэпутат ад апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць». Цяпер яго вынеслі на грамадскае абмеркаванне, у якім могуць паўдзельнічаць і беларусы, што жывуць у Польшчы.

Дэпутат ад апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць» Міхал Маскаль унёс у сейм Польшчы законапраект, які можа сур’ёзна ўскладніць працэс атрымання польскага грамадзянства.
Паводле прапанаванай папраўкі, пашпарт Польшчы можна будзе атрымаць толькі пасля дзесяці гадоў пражывання па пастаянным дазволе на жыхарства. Замест трох гадоў, як гэта працуе цяпер.
Папраўка не закранае замежнікаў з пацверджаным польскім паходжаннем, тых, хто пабраўся шлюбам з палякам, а таксама людзей, якія атрымалі статус уцекача ў Польшчы. Для іх аўтары праекта не прапануюць нічога мяняць.
Законапраект выклікаў шырокі рэзананс сярод беларускіх і ўкраінскіх імігрантаў. Шэраг польскіх экспертаў таксама назвалі яго дзіўным і нават разбуральным. У законе змяшчаецца толькі адна папраўка, але яна сфармулявана так, нібыта аўтары не ведаюць, як працуе цяперашні закон аб грамадзянстве. Або, што больш верагодна, проста маніпулююць і спекулююць на гарачай тэме.
Паводле дзеючых правілаў, шлях замежніка без польскіх каранёў і іншых асаблівых абставінаў да пашпарта выглядае наступным чынам: спачатку трэба пражыць у Польшчы легальна не менш за пяць гадоў, пасля чаго атрымаць карту пастаяннага рэзідэнта Еўрасаюза, здаўшы польскую мову на ўзровень В1, а затым пражыць яшчэ як мінімум тры гады. Пры гэтым замежнік павінен мець стабільны легальны даход у Польшчы.
Іншымі словамі, самы хуткі сцэнар для замежніка, які не ажаніўся з полькай і не атрымаў статусу уцекача, — гэта восем гадоў. На практыцы працэс атрымання пашпарта займае яшчэ больш часу.
Аднак палітыкі з «ПіС», тлумачачы неабходнасць унясення паправак, акцэнтуюць увагу менавіта на трох гадах пражывання з ПМЖ. Пры гэтым яны «забываюцца», што перад атрыманнем ПМЖ замежніку неабходна прайсці як мінімум пяцігадовы шлях. Больш за тое, папраўка чамусьці не закранае норму, згодна з якой падацца на грамадзянства можна пасля дзесяці гадоў легальнага пражывання і атрымання ПМЖ. Такім чынам, у адным і тым жа законе будуць суіснаваць нормы пра мінімум 15 гадоў да грамадзянства і 10 гадоў — у суседнім пункце таго ж артыкула.
Чаму з’явілася такая ідэя і чаму менавіта цяпер? Шмат што сведчыць пра тое, што гэта адзін з перадвыбарчых крокаў «ПіС». Законапраект быў прадстаўлены за два тыдні да першага тура прэзідэнцкіх выбараў. А адной з цэнтральных тэм кампаніі стала менавіта тэма мігрантаў і бяспекі.
Ідэя дэпутатаў ад «ПіС» такая: замежнікі павінны інтэгравацца, а таксама мусіць быць магчымасць дэпартаваць іх за здзейсненыя злачынствы. На думку аўтараў праекта, трох гадоў недастаткова для інтэграцыі і вывучэння польскай мовы на патрэбным узроўні.
Але і тут яны «забываюць», што для атрымання карты рэзідэнта ўжо неабходна здаць экзамен па польскай мове. Без яго замежнік без польскіх каранёў не атрымае ПМЖ.
Нагадаем, што «ПіС» — гэта партыя парламенцкай апазіцыі. І адна з задач папраўкі — а з улікам зместу законапраекта, магчыма, галоўная — гэта крытыка ўрада Дональда Туска, які, маўляў, адкрыў мяжу для мігрантаў. Насамрэч гэта няпраўда: якраз пры папярэднім урадзе «ПіС» працавала схема продажу польскіх віз у краінах Азіі і Афрыкі — так званая візавая афера.
Дарэчы, з улікам папулярнасці мігранцкай тэмы сярод выбарцаў і ўрад Туска пачаў зацягваць гайкі. Ён прыняў міграцыйную стратэгію, якая таксама прадугледжвае ўзмацненне правілаў атрымання грамадзянства. Было прыпынена прыняцце заяваў на прытулак на мяжы з Беларуссю. Акрамя таго, урад плануе істотна павысіць пошліну за падачу заявы на грамадзянства і прапанаваць свой законапраект аб грамадзянстве — яго анансуюць восенню, пасля кансультацый з новым прэзідэнтам. Што будзе ў гэтым законапраекце, пакуль невядома.
Так ці іначай, нягледзячы на перадвыбарчы кантэкст і дзіўныя аргументы, праект «ПіС» — непрыемны сігнал для многіх беларусаў, якія вымушана апынуліся ў Польшчы. Так, для тых, хто мае польскія карані, нічога не змяняецца: яны могуць адразу падавацца на ПМЖ, а праз год — і на пашпарт. Карацейшы шлях і для тых, хто атрымаў статус уцекача — на грамадзянства можна падавацца праз сем гадоў: пяць па часовым дазволе на жыхарства і два па пастаянным. Гэта датычыцца толькі тых, хто стаў менавіта ўцекачом. Практыка ж паказвае, што абсалютнай большасці беларусаў, якія ратаваліся ў Польшчы ад пераследу, даюць не статус уцекача, а дадатковую абарону. Яна ніякіх прэферэнцый для грамадзянства не дае.
Для ўсіх астатніх адкрываецца перспектыва дзесяцігадовага, а то і пятнаццацігадовага чакання. Гэта асабліва сумна на фоне праблем з беларускімі пашпартамі, якія памяняць за мяжой цяпер немагчыма.
Кожны беларус, які жыве ў Польшчы, можа пакінуць каментар да законапраекта. Для гэтага трэба перайсці ў спіс праектаў у сістэме Сейма, знайсці праект пад нумарам RPW/15086/2025, запоўніць анкету на польскай мове і выказаць сваё стаўленне. Каб зайсці на сайт, патрэбны «профіль зауфаны».
Каментары