БЕЛ Ł РУС

Гісторык сцвярджае, што знайшоў згадку пра Літву ў 451 годзе

2.10.2025 / 11:19

Nashaniva.com

Навуковец, гісторык універсітэта імя Вітаўта Вялікага Вітас Янкаўскас паведаміў, што ў Апостальскай бібліятэцы Ватыкана знайшоў згадку імя Літвы ў 451 годзе. Гэта, па яго словах, значна больш ранняя згадка, чым прыняты 1009 год, паведамляе Defli.lt.

Паводле слоў Янкаўскаса, у тэксце сказана: «Post hoc Atila mansit annis V speculatoribus suis missis in IV partes orbis: una pars in Colonia; secunda usque Lituam locata est; tertia in Don fluvii litore; quarta in Iadra civitate Dalmatie».

Па-беларуску гэта гучала б так: «Пасля гэтага Атыла заставаўся (на месцы) пяць гадоў, адправіўшы сваіх разведчыкаў у чатыры часткі свету: адна частка — у Кёльн; другая — да Літвы; трэцяя — на бераг ракі Дон; чацвёртая — у горад Ядра ў Далмацыі».

Навуковец сцвярджае, што гэта згадка пра Літву была запісана ў хроніцы Пааліна Мінарыта «Сатырыка» (Satyrica historia rerum gestarum mundi). Гэта рукапіс XIV стагоддзя, у якім сабраны даныя з іншых крыніц (большасць з іх не захавалася).

«Даследаванне паказала, што крыніца, у якой згадваецца Літва, магла з’явіцца ў VIII стагоддзі, а можа і раней. Найбольш верагодна, што Пааліна Мінарыт пачэрпнуў інфармацыю пра Літву з пачатку не захаванай хронікі Іаана Дыякона, у якой, відавочна, апісвалася ўварванне Атылы ў Італію на мяжы X—XI стагоддзяў. Гэтыя дадзеныя ў кантэксце гістарычных падзей маглі б патлумачыць, як у Літве з’явіліся археалагічныя матэрыялы, звязаныя з гунамі. Літва ў V стагоддзі не была ізаляванай, яна функцыянавала як пэўны арыенцір, больш канкрэтны, чым берагі ракі Дон. Гэта быў гістарычны аб’ект», — сказаў Янкаўскас.

Гэта адкрыццё, па яго словах, адкрывае шлях да магчымасцяў даследавання іншых згадванняў пра Літву.

Навуковец, тэкстолаг, гісторык Віленскага ўніверсітэта Паўлюс Субачус сказаў, што сцвярджэнні Янкаускаса пра больш раннюю згадку імя Літвы заснаваныя на няправільнай інтэрпрэтацыі, а гэтая хроніка навукоўцам вядомая ўжо даўно.

«Гэта праца вядомая даўно, проста гаворка ідзе пра няправільную інтэрпрэтацыю», — сказаў ён, адзначыўшы, што цяпер знаходзіцца на канферэнцыі, таму не можа даць падрабязны каментар.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула