Чаму ўсё больш жанчын цяпер носяць доўгія валасы?
Усё часцей на публіцы, у навінах і на чырвоных дарожках мы бачым жанчын з доўгімі, раскошнымі валасамі. І ў палітыцы таксама — хаця беларускія топ-чыноўніцы гэту моду яшчэ не перанялі.
Дэмі Мур на прэм'еры фільма «Тыгр», у якім былі прадстаўлены вобразы з новай калекцыі Gucci. Фота: Luca Bruno / AP Photo
Як заўважае вядучая аглядальніца моды The New York Times Ванэсса Фрыдман, здаецца, што мы цяпер жывём у эпоху Рапунцэль — казачнай гераіні, знакамітай сваімі неверагодна доўгімі валасамі.
Так, на прэм'еры новага фільма Gucci зоркай вечара стала Дэмі Мур — ікона стылю з яе знакамітымі доўгімі цёмнымі пасмамі. Раней падчас афіцыйнага візіту ў Брытанію і Меланія Трамп, і Кэтрын, прынцэса Уэльская, з'явіліся на дзяржаўным банкеце з распушчанымі каштанавымі валасамі.
Прынцэса Уэльская Кэтрын і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас дзяржаўнага банкету ў Віндзарскім замку. 17 верасня 2025 года. Фота: Yui Mok — WPA Pool / Getty Images
Доўгія валасы сталі візітнай карткай для многіх жанчын у заходняй палітыцы, напрыклад, для Крысці Ноэм ці Лары Трамп. А для Мішэль Абамы яны ператварыліся ў сапраўдную дэкларацыю незалежнасці: пасля Белага дома яна змяніла строгае карэ на эфектныя косы, што сімвалізавала новы, больш свабодны этап у яе жыцці.
Мішэль Абама. 9 жніўня 2025 года. Фота: Arturo Holmes / Getty Images
Гэта даволі вялікі зрух у параўнанні з тымі часамі, калі, як кажа Лінда Уэлс, заснавальніца ўплывовага часопіса пра прыгажосць Allure, «жанчынам казалі, што чым старэйшымі яны становяцца, тым карацейшымі павінны быць іх валасы». Яна акцэнтуе ўвагу на тым, што Меланія Трамп стала першай за доўгі час першай лэдзі, чые валасы ніжэйшыя за плечы.
Меланія Трамп. 18 верасня 2025 года. Фота: Yui Mok — WPA Pool / Getty Images
Сярод беларускіх топ-чыноўніц такой моды пакуль не назіраецца. Віцэ-прэм'ерка Наталля Пяткевіч і намесніца кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс носяць карэ.
Наталля Пяткевіч. Фота: sb.by
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава — даўжыню да плеч, прэс-сакратарка Наталля Эйсмант — да плеч ці крыху даўжэйшую.
Наталля Эйсмант. Фота: Maxim Shemetov Pool Photo via AP
Міністарка працы Ірына Касцевіч і кіраўніца Белстата Іна Мядзведзева — з нязменнымі кароткімі стрыжкамі.
Карэ носіць і лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская.
Святлана Ціханоўская. Фота: Marek Antoni Iwanczuk NurPhoto via Getty Images
Валасы — гэта больш, чым проста валасы
Рэч у тым, што валасы ніколі не бываюць проста валасамі. Яны — сховішча культурных уяўленняў пра гендар, статус, расу і ўзрост. Таму сённяшняя мода — гэта не толькі б'юці-трэнд, але і адлюстраванне глабальных зрухаў у нашых поглядах.
«Доўгія валасы маюць глыбокую гісторыю і асацыююцца з мноствам кодаў — рэлігійных, контркультурных і класічна жаноцкіх», — тлумачыць стыліст Дафі, які стварае вобразы для подыумных паказаў такіх дамоў моды, як Chanel, Celine і Alaïa.
У еўрапейскай традыцыі доўгія валасы стагоддзямі лічыліся сімвалам маладосці, дзявоцтва і фертыльнасці. Таму стрыжка або акуратна сабраная прычоска былі не проста модай. Гэта быў візуальны знак таго, што жанчына пасталела і прыняла сваю новую сацыяльную ролю з усімі яе правіламі і абавязкамі.
Аднак у пачатку ХХ стагоддзя стрыжка набыла зусім новы сэнс. Яна стала сімвалам сучаснасці, бо менавіта тады з'яўленне салонаў прыгажосці зрабіла стыльныя стрыжкі даступнымі для ўсіх.
І наадварот, калі ўжо кароткія і акуратныя прычоскі самі сталі нормай у сярэдзіне ХХ стагоддзя, маятнік хіснуўся ў іншы бок. Доўгія, свабодна распушчаныя валасы зноў ператварыліся ў сімвал бунту, але ўжо супраць новага, кансерватыўнага істэблішменту. Гэта яскрава паказала контркультура 1960‑х.
Новыя прычыны старой моды
Сёння, па словах Лінды Уэлс, папулярнасць доўгіх валасоў тлумачыцца некалькімі новымі феноменамі.
Доўгія валасы — гэта свайго роду дэманстрацыя дабрабыту. «Яны патрабуюць добрага здароўя і пэўных грошай, каб падтрымліваць іх бляск і пышнасць», — адзначае Уэлс. Некаторыя стылісты нават называюць гэты трэнд «валасы багатай дзяўчыны» (rich girl’s hair).
Гэты аспект узмацняецца з узростам. Гарманальныя змены, асабліва пасля менапаўзы, часта прыводзяць да таго, што валасы становяцца больш сухімі і тонкімі. Раней кароткая стрыжка была лагічным спосабам вырашыць гэтую біялагічную праблему.
Сёння новыя сродкі дазваляюць абыйсці гэтую праблему — зноў жа, для тых, хто можа сабе гэта дазволіць. У апошнія гады сталі папулярнымі біядабаўкі для росту валасоў, а таксама разнастайныя сыроваткі, маскі і шматступенныя працэдуры па доглядзе.
Хоць навуковых доказаў эфектыўнасці гэтых сродкаў бракуе, іх папулярнасць сведчыць пра тое, што попыт на такія прадукты велізарны.
Акрамя таго, нельга ігнараваць паварот да больш традыцыйных уяўленняў аб жаноцкасці, дзе доўгія валасы з'яўляюцца ключавым элементам.
Чытайце таксама:
«Традыцыйная жонка» — модны рух, якім захапілася моладзь
Чаму ва ўсіх відаць шлейкі ад бюстгальтара?
Легінсы ўсё? Новае пакаленне апранае шырокія спартыўкі
Паміж пажадаю і агідаю: валасы на целе ў розных культурах і эпохах