БЕЛ Ł РУС

Суд у Гаазе прызнаў вінаватым у ваенных злачынствах у Дарфуры колішняга лідара суданскага апалчэння

6.10.2025 / 23:18

Nashaniva.com

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе прызнаў вінаватым у ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці суданскага палявога камандзіра Алі Мухамада Алі Абд-аль-Рахмана, вядомага таксама як Алі Кушэйб, піша Бі-бі-сі.

Алі Мухамад Алі Абд-аль-Рахман на судзе. Фота: Piroschka van de Wouw/Pool Photo via AP

Алі Мухамад Алі Абд-аль-Рахман узначальваў узброенае апалчэнне «Джанджавід», якое дзейнічала пры падтрымцы ўладаў Судана і праводзіла рэпрэсіўныя дзеянні ў рэгіёне Дарфур у 2003—2004 гадах. Пад яго кіраўніцтвам групоўка здзяйсняла масавыя забойствы, катаванні, знішчэнне вёсак і гвалтоўныя дзеянні, у выніку якіх загінулі сотні тысяч чалавек, а мільёны былі вымушаныя ўцякаць са сваіх дамоў.

Суд прызнаў, што Абд-аль-Рахман асабіста ўдзельнічаў у злачынствах — аддаваў загады на расстрэлы, удзельнічаў у збіцці людзей і назіраў за пакараннямі. У адным з апісаных эпізодаў ён прымусіў каля 50 мірных жыхароў легчы на зямлю і загадаў сваім байцам расстраляць іх.

Падчас судовага працэсу сведкі расказвалі, як іх вёскі былі спаленыя, мужчыны і хлопчыкі забітыя, а жанчыны — адпраўленыя ў сэксуальнае рабства.

Абд-аль-Рахман, які нарадзіўся прыкладна ў 1949 годзе, адмаўляў усе абвінавачанні, сцвярджаючы, што яго блытаюць з іншым чалавекам. Аднак суд палічыў доказы дастатковымі, каб прызнаць яго сапраўдным Алі Кушэйбам.

Ён стаў першым чалавекам, якога Міжнародны крымінальны суд асудзіў за злачынствы, здзейсненыя ў Дарфуры.

Пры гэтым адзначаецца, што ён быў паплечнікам былога кіраўніка Судана Амара аль-Башыра, якога таксама шукае Міжнародны крымінальны суд па абвінавачаннях у генацыдзе. Аль-Башыр быў зрынуты ў 2019 годзе, але да гэтага часу не перададзены ў Гаагу.

Канфлікт у Дарфуры пачаўся тады, калі неарабскія плямёны з гэтага рэгіёна паўсталі супраць дыскрымінацыі з боку ўрада, а ўлады ў адказ накіравалі супраць іх «Джанджавід». Паводле ацэнак ААН, у гэтым узброеным канфлікце загінулі каля 300 тысяч чалавек, а больш за два мільёны сталі ўцекачамі.

Канчатковы прысуд па справе Абд-аль-Рахмана будзе абвешчаны пазней.

Чытайце таксама:

Трыбунал для Пуціна і Лукашэнкі — што значыць рэзалюцыя Еўрапарламента і як такі суд будзе выглядаць

Экс-прэзідэнту Філіпін Радрыга Дутэртэ выстаўленыя абвінавачванні ў злачынствах супраць чалавечнасці

Новы Нюрнберг. Еўропа стварае Спецтрыбунал па вайне ва Украіне — ці змогуць асудзіць Лукашэнку?

Каментары да артыкула