Грамадства1212

Новы Нюрнберг. Еўропа стварае Спецтрыбунал па вайне ва Украіне — ці змогуць асудзіць Лукашэнку?

У маі Рада Еўропы пачала ствараць Спецыяльны трыбунал для разгляду злачынстваў агрэсіі Расіі супраць Украіны. Упершыню з часоў Нюрнбергскага і Такійскага трыбуналаў міжнародная супольнасць будзе прыцягваць да адказнасці службоўцаў за агрэсію ў бок іншай дзяржавы ці яе падтрымку. Закрануць працэс можа і Беларусь — расказваем, як менавіта.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на Валааме. Фота: прэс-служба прэзідэнта Расіі

У адрозненне ад Нюрнбегскага працэсу, Спецтрыбунал па агрэсіі Расіі супраць Украіны пачне сваю працу яшчэ да завяршэння ваенных дзеянняў. І размесціцца ён не ў Нюрнбергу, а ў Гаазе. Юрыдычную працэдуру стварэння Спецтрыбуналу запусціла Рада Еўропы — пра гэта было абвешчана 14 мая.

Вядома, што прыцягнуць да адказнасці праз трыбунал можна будзе не толькі расійскіх службоўцаў, але і беларускіх. Кіеў выступае і за расследаванне па ўдзелу КНДР у вайне, але тут ёсць шмат цяжкасцяў, звязаных і з тым, як лічыць пастаўкі зброі Расіі ад КНДР, і тым, як лічыць удзел карэйскіх вайскоўцаў у вайне. Такая ж незразумеласць датычыцца Ірана.

Важна, што пакуль працэс не абмежаваны датамі, якія будуць лічыцца пачаткам агрэсіі Расіі. Гэта вызначаць ужо ў судзе. А ў Статуце Спецтрыбунала будзе напісана, што ён мае юрысдыкцыю па злачынствах агрэсіі супраць Украіны — без азначэння, калі менавіта: з 2014 ці з 2022 года.

Яшчэ адна дэталь, істотная для разумення Спецтрыбунала, гэта магчымае пакаранне для вінаватых і паняцце «імунітэту». Прысуд будзе залежыць ад віны канкрэтнага абвінавачанага, але вышэйшай мерай пакарання стане пажыццёвае зняволенне. Дарэчы, гэта яшчэ адно адрозненне ад Нюрнбегскага трыбуналу, дзе шэраг нацысцкіх злачынцаў былі асуджаны да смяротнага пакарання. У дадатак да зняволення можна будзе атрымаць штраф ці канфіскацыю маёмасці.

Тут у справу ўступае «імунітэт» той ці іншай персоны. Суддзі не змогуць разглядаць справы супраць кіраўніка дзяржавы, старшыні ўрада і міністра ўнутраных спраў, пакуль яны знаходзяцца пры ўладзе. То-бок гэта тройка людзей будзе мець дыпламатычную абарону да таго моманту, пакуль не пакіне пасады. Такая сістэма будзе дзейнічаць і для Лукашэнкі, і для Пуціна.

Чаму Спецтрыбунал ствараюць да завяршэння вайны? Як судзіць людзей у іх адсутнасці?

У публічным полі пакуль няма цалкам усіх дакументаў, якія рэгулююць працу Спецтрыбунала. Таму рабіць канчатковыя высновы наконт яго функцыянавання рана.

Справы супраць палітыкаў можна будзе разглядаць in absentia — без іх фізічнай прысутнасці, заўважыла ў каментарыі для «Нашай Нівы» юрыстка, экспертка Беларускага Хельсінскага камітэту Кацярына Дзяйкала.

Пра гэта фармуліроўка цалкам гучыць так: «у выпадках, калі гэтага патрабуюць інтарэсы правасуддзя і калі зацікаўленая асоба адмовілася ад свайго права ўдзельнічаць у разбіральніцтве альбо былі прынятыя ўсе разумныя меры для забеспячэння яе прысутнасці, але безвынікова».

«Пытанне яшчэ, як будуць тлумачыцца ўсе гэтыя формулы. Але агулам гэта якраз выключэнне з практыкі міжнародных крымінальных трыбуналаў і Міжнароднага крымінальнага суду, якія за агульнае правіла лічаць тое, што такія працэсы немагчымы. У тым ліку праз стандарты права на справядлівы суд», — кажа юрыстка.

Кацярына Дзяйкала. Фота: TOK / YouTube

Яна згадвае толькі адзін Спецыяльны трыбунал, дзе разбіральніцтвы таксама дазвалялася праводзіць у адсутнасці абвінавачанага — гэта працэс па Ліване. Больш за тое, ён таксама як і механізм па Украіне быў гібрыдным — то-бок улічваў мясцовае заканадаўства (у выпадку з Украінай — украінскае).

«Чаму яго (Спецтрыбунал па вайне ва Украіне — НН) пачалі рыхтаваць да завяршэння вайны? Таму што відавочна, што такога завяршэння не асабліва прадбачыцца пакуль і наўрад ці яно будзе (дакладна не будзе) у выглядзе поўнай паразы праціўніка, калі краіны-пераможцы вырашаюць лёс таго, хто прайграў. То-бок не вельмі зразумела адсечка пачатку канца.

Плюс падрыхтоўка, заснаванне і запуск працы Трыбунала — гэта доўгатрывалы працэс і калі воля дзяржаў ёсць стварыць яго зараз, чаму не. Палітычная сітуацыя змяняецца пастаянна. І хоць нейкія адказы ў сферы правасуддзя павінны давацца ў любым выпадку», — тлумачыць Дзяйкала.

Якая роля дэмакратычных сілаў у прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці?

Пытаннем далучэння Беларусі ў механізм Спецтрыбунала актыўна займалася каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Яе лідар, палітык Павел Латушка, у каментарыі «Нашай Ніве» заўважыў, што менавіта НАУ давялося пераконваць партнёраў на тое, каб юрысдыкцыя органа распаўсюджвалася на ваенна-палітычнае кіраўніцтва Беларусі.

Так, кажа палітык, з 2023 года яны вялі камунікацыю з Прававым дэпартаментам Рады Еўропы. Таксама Латушка размаўляў з Генеральнай пракуратурай Украіны, з кіраўніком дэпартамента, які адказвае за стварэнне Спецтрыбунала. Юрысты арганізацыі стварылі канкрэтныя фармулёўкі для рэзалюцый ПАСЕ, некаторыя з якіх былі прынятыя даслоўна.

«Для нашых партнёраў НАУ падрыхтавала матэрыялы, якія абгрунтоўваюць і сведчаць, што юрыдычна немагчыма выключыць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі з-пад юрысдыкцыі дадзенага Трыбунала, бо для гэтага няма падстаў у міжнародным праве», — заўважае Латушка.

Павел Латушка. Фота: «Наша Ніва»

Латушка таксама сустракаўся з членамі Core Group Рады Еўропы — групы экспертаў з розных краін, якія распрацоўвалі статутныя дакументы дадзенага трыбунала, а таксама з пастаяннымі прадстаўнікамі дзяржаў пры Радзе Еўропы, што ўваходзяць у гэтую групу.

Палітык перакананы, што сярод дэмакратычных сілаў Беларусі важную ролю ў прыцягненні беларускіх службоўцаў да адказнасці ў межах гэтага трыбуналу адыграла таксама Святлана Ціханоўская, яе Офіс і Каардынацыйная рада.

Каманда НАУ лічыць, што пад дзейнасць Спецтрыбунала, акрамя высокапастаўленых кіраўнікоў, могуць трапіць усе тыя асобы, якія з'яўляюцца членамі Рады бяспекі і Генеральнага штаба Беларусі.

«Таксама варта прааналізаваць ролю, напрыклад, старшыняў Гомельскага і Магілёўскага аблвыканкамаў у забеспячэнні інфраструктуры для ўводу расійскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі», — адзначае Латушка.

Якая практычная значнасць Спецтрыбунала?

Атрымліваецца, нават уяўнае канчатковае рашэнне суду будзе больш дэкларатыўным, чым рэальным? Што агулам можа пагражаць Лукашэнку і іншым адказным?

«Перад тым, як казаць пра імунітэты і эфекты для Лукашэнкі, хачу сказаць, што Лукашэнка ўжо хутка заблудзіць ва ўсіх трыбуналах і судах, куды яго хочуць адправіць. І паўтару сваю нязменную тэзу — яго немагчыма будзе раздваіць ці растраіць і адправіць паўсюль, — каментуе Дзяйкала. —

Нават калі ўявіць, што на момант, калі стане магчымым прыцягненне да адказнасці, Лукашэнка акажацца жывым, пры кіраўніцтве новай улады і гэта новая ўлада захоча яго выдаць трыбуналу ці суду, якія будуць яго чакаць (а гэта тры ўмовы мінімум), то, відавочна (гэта як мінімум мая пазіцыя), што больш прыярытэтна для беларускага грамадства з усіх пунктаў гледжання, каб ён адказаў перш за ўсё за дзеянні ў адносінах беларусаў і падзеі, звязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі 2020 і пасля».

Беларускае пытанне ў межах Спецтрыбунала найбольш важнае і больш верагоднае ў прыцягненні да адказнасці вышэйшых ваенных службовых асоб Беларусі, дадае Дзяйкала. Сумневы ў эксперткі выклікаюць таксама працэсы in absentia:

«Я разумею намер стваральнікаў мінімізаваць звязаныя рукі — таму што зусім незразумела, калі і ці змогуць гэтыя асобы паўстаць перад Трыбуналам.

Тым не менш менавіта ў выпадках міжнародных злачынстваў, калі роля працэсу прыцягнення да адказнасці не проста ў тым, каб кагосьці юрыдычна назваць вінаватым (такія працэсы маюць вялікае сацыяльнае значэнне), працэсы і прысуды in abentia не будуць мець патрэбнага эфекту і значэння. У тым ліку для ахвяр.

Ці лепш так, чым наогул ніяк? Мабыць, так. У любым выпадку наяўная канфігурацыя — максімальна магчымая. Інакш яе б не здарылася наогул.

Разам з тым, ні адсутнасць абвінавачанага, ні імунітэты дакладна не перашкода збіраць доказы, весці расследаванне і рыхтаваць абвінаваўчыя заключэнні. І гэта не варта недаацэньваць.

Як і ў цэлым — стварэнне гэтага трыбунала, запаўненне прабелу з юрысдыкцыяй па агрэсіі (хай і толькі для канкрэтнай сітуацыі), цэнтральная роля Рады Еўропы (справіліся і без ЗША) — гэта велізарны прарыў у справе міжнароднага правасуддзя. Яно заўсёды патрабуе шмат часу і грошай, але мае неацэннае значэнне для супольнасці і для аднаўлення справядлівасці».

Каментары12

  • Трыбунал
    05.06.2025
    Абавязкова Валета клятага трэба судзіць
  • Суд
    05.06.2025
    Божы Суд таксама будзе для гэтых пачвар
  • !
    05.06.2025
    Преступления против Человечества не имеют срока давности.

Цяпер чытаюць

«Я наведаў самую ізаляваную краіну Еўропы». Амерыканскі блогер расказаў, як прыязджаў у Беларусь у 2020-м і 2024-м4

«Я наведаў самую ізаляваную краіну Еўропы». Амерыканскі блогер расказаў, як прыязджаў у Беларусь у 2020-м і 2024-м

Усе навіны →
Усе навіны

Мерц прыехаў у Вашынгтон і падарыў Трампу пасведчанне аб нараджэнні яго дзеда1

Пенсіянеркі ў Брэсце рашылі разабрацца з бяздомнымі катамі, бо тыя «гадзілі на кветкі»6

Тры простыя спосабы аблупіць і парэзаць манга12

У Мінску моцныя дажджы: затапіла нават гандлёвы цэнтр5

Жанчына, якая выйграла ў латарэю і ўсё спусціла, замовіла забойства мужа2

У чарзе на мяжы Польшчы з Беларуссю з'явіліся «жорыкі». Хто гэта і чаму іх не любяць?14

У Расіі цяпер могуць пераследаваць за экзамен па англійскай мове IELTS5

Чыноўнік заявіў, што моладзь хоча працаваць нармальна — «як рускія»20

Расійскія бомбы канчаткова разбурылі будынак Херсонскай адміністрацыі10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я наведаў самую ізаляваную краіну Еўропы». Амерыканскі блогер расказаў, як прыязджаў у Беларусь у 2020-м і 2024-м4

«Я наведаў самую ізаляваную краіну Еўропы». Амерыканскі блогер расказаў, як прыязджаў у Беларусь у 2020-м і 2024-м

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць