Забіты палкай воўк не быў шалёным: працяг гісторыі з Івацэвіцкага раёна
Зоаабаронцы, абураныя забойствам ваўка ў Выганашчанскім заказніку ў Івацэвіцкім раёне, атрымалі адказ ветэрынараў, у якім сцвярджаецца, што воўк не быў шалёным. А менавіта на гэты аргумент налягалі прыхільнікі дзеянняў супрацоўніка заказніка, які палкай забіў кульгавага ваўка, піша выданне «Першы».
Фота ілюстрацыйнае
Гэтая гісторыя здарылася ў самым канцы жніўня 2025 года. Супрацоўнік заказніка ішоў па лесе разам са сваімі дзецьмі, калі да іх выйшаў кульгавы воўк. Мужчына палкай забіў жывёлу, а хтосьці з дзяцей зняў на відэа.
Затым гэта відэа неяк трапіла ў інтэрнэт і выклікала хвалю абурэння абаронцаў жывёл. Зоаабаронцы сцвярджаюць, што гэта быў не мацёры воўк, а ваўчаня з перабітай лапай. Таму не трэба было ўжываць такія жорсткія меры, лічаць людзі. А кіраўніцтва заказніка ў каментарах прэсе казала, што воўк ужо ледзь не двухгадовы, проста на відэа быў незразумелы яго ўзрост.
Яшчэ адным з галоўных аргументаў супраць зоаабаронцаў было тое, што воўк мог быць шалёным. Тыя парыравалі пытаннем: а дзе вынікі экспертызы? І чаму, у такім выпадку, не ўводзіцца каранцін на мясцовасці? Цяпер да гэтай дыскусіі далучыўся адказ ад ветэрынараў.
Воўк не быў шалёным
Івацэвіцкая раённая ветэрынарная станцыя даслала адказ на зварот аднаго з зоаабаронцаў па пытанні аб шаленстве ваўка.
Паводле інфармацыі ветэрынараў, 1 верасня ім з Івацэвіцкага РАУС паступіла паведамленне «аб нападзе ваўка на чалавека і выяўленні трупа ваўка». У гэты ж дзень ветэрынарныя спецыялісты канфіскавалі труп ваўка на тэрыторыі Выганашчанскага заказніка паміж вёскамі Выганашчы і Бабровічы.
Ветэрынары адабралі біяматэрыял для вірусалагічнага даследавання з мэтай выключэння дыягназу шаленства жывёл. Труп ваўка ўтылізавалі ў жывёльным могільніку. А адабраны матэрыял у гэты ж дзень адправілі ў Брэсцкую абласную ветэрынарную лабараторыю.
Адказ івацэвіцкія ветэрынары атрымалі 2 кастрычніка.
«Люмінісцэнтная мікраскапія мазкоў адбіткаў галаўнога мозгу адмоўная, біялагічная спроба на белых мышах адмоўная», — гаворыцца ў адказе.
Гэта значыць, воўк не быў шалёным.
Акрамя таго, Івацэвіцкая райветстанцыя паведамляе, што тэрыторыя Івацэвіцкага раёна не з'яўляецца праблемнай па шаленстве.
З адказу ветэрынараў
Зоаабаронцы патрабуюць больш суровага пакарання
Пасля рэзанансу гэтага выпадку стала вядома, што супрацоўнік заказніка быў пакараны па адміністрацыйным артыкуле і атрымаў штраф. Аднак валанцёраў і абаронцаў жывёл такі расклад не задавальняе — яны патрабуюць пакарання паводле крымінальнага артыкула.
Пасля прызнання таго, што воўк не быў шалёным, яны лічаць выбітым з рук дырэктара заказніка важкі аргумент у абарону свайго супрацоўніка. Вось некаторыя меркаванні зоаабаронцаў.
«У рэпартажы АНТ апошняя фраза была нешта кшталту «цяпер усё ў чаканні вынікаў экспертызы на шаленства». Ну вось. Шаленства няма. І што цяпер скажуць Іваноў і Габец? Вельмі б хацелася паслухаць. Аказваецца, не «ўсё правільна» зрабіў Іваноў, як сцвярджалася першапачаткова. Загубіў не хворага на шаленства маладога ваўка. Ды яшчэ так жорстка. І пры дзецях», — абураецца Таццяна ў чаце зоаабаронцаў.
«Габец (дырэктар заказніка) павінен скончыць працу ў запаведніку, раз ён не здольны адрозніць шалёную жывёлу ад не шалёнай. І замест прадугледжанага законам адлову і каранціну адразу дае каманду на знішчэнне. Насуперак вынесенаму рашэнню, працягвае пакрываць супрацоўніка і скажаць факты.
Па Іванову важна праводзіць праверку глыбока і аб'ектыўна, і абавязкова правесці экспертызу ментальнага статусу, без расказаў пра «шматдзетнага бацьку і рэлігійнага чалавека». Гэта ніяк не перасякаецца і не вяжацца з тым, што трапіла на камеру.
Па абодвух ўпэўненая: тое, што мы ўбачылі, гэта толькі верхавіна айсберга. Забіць палкамі параненую даверлівую маладую жывёліну — подла, гнюсна, патрабуе адказнасці», — лічыць яшчэ адна абаронца жывёл.
Чытайце таксама:
Вы не паверыце, з дапамогай чаго ў ЗША адганяюць ваўкоў ад статкаў