БЕЛ Ł РУС

Трамп перапыніў сустрэчу на Алясцы пасля доўгай лекцыі Пуціна пра Рурыка і Яраслава Мудрага

17.10.2025 / 14:59

Nashaniva.com

Падчас саміту на Алясцы 15 жніўня Уладзімір Пуцін адхіліў прапановы Дональда Трампа аб спыненні вайны і пачаў доўгую гістарычную лекцыю. Пасля гэтага Трамп перапыніў сустрэчу, піша Financial Times са спасылкай на свае крыніцы.

Сустрэча на Алясцы 15 жніўня 2025 года. Фота: AP Photo/Julia Demaree Nikhinson

У прысутнасці некалькіх дарадцаў Пуцін адхіліў прапанову ЗША аб паслабленні санкцый узамен на спыненне агню, настойваючы, што вайна скончыцца толькі калі Украіна капітулюе і саступіць больш тэрыторыі на Данбасе.

Затым расійскі прэзідэнт прачытаў гістарычную лекцыю пра «адзінства Расіі і Украіны», якая ахоплівала сярэднявечных князёў, такіх як Рурык і Яраслаў Мудры, а таксама казацкага гетмана XVII стагоддзя Багдана Хмяльніцкага.

Збіты з толку, Трамп некалькі разоў павышаў голас і ў адзін момант пагражаў сысці. У канчатковым выніку ён спыніў сустрэчу і адмяніў запланаваны абед, дзе больш шырокія дэлегацыі павінны былі абмеркаваць эканамічныя сувязі і супрацоўніцтва.

Гэты саміт на Алясцы стаў паваротным момантам, які паклаў пачатак зруху ў палітыцы Трампа на карысць Украіны.

На Алясцы Трамп сказаў, што ЗША гатовыя прызнаць анэксію Крыма Расіяй у 2014 годзе і падштурхнуць Украіну да адвядзення войскаў з некаторых пазіцый на лініі фронту ва ўсходнім рэгіёне Данбаса, калі Расія спыніць баявыя дзеянні, паведамілі дзве крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.

Але меркаваная здзелка была заснавана на памылковых уяўленнях. Тэрытарыяльныя «саступкі» Расіі зводзіліся да згоды на замарожванне лініі фронту ў некаторых раёнах, якія яна не змагла захапіць сілай — патрабуючы пры гэтым, каб Украіна здала ўвесь Данбас.

Чытайце таксама:

Пуцін і Трамп скончылі перамовы. Трамп заявіў, што здзелкі пакуль няма

Сустрэча Пуціна і Трампа адбудзецца на вайсковай базе ЗША на Алясцы

Чаму менавіта Аляску абралі для саміту Трампа і Пуціна па Украіне

Каментары да артыкула