БЕЛ Ł РУС

Чаму так шмат «срачыкаў» у апазіцыі і што з імі рабіць? Дзядок адрэагаваў на канфлікты ў дэмакратычным руху

19.10.2025 / 9:41

Nashaniva.com

Чаму так шмат сварак у дэмакратычных колах, ці магчыма перайсці ад публічных нападак да «інстытуцыяналізаванай» крытыкі, што рабіць кожнаму, каб не радаваць ворага, патлумачыў у фэйсбуку Мікола Дзядок, які 11 верасня разам з іншымі 51 палітвязнямі быў вызвалены ў рамках здзелкі з амерыканцамі і прымусова выдвараны ў Літву.

Мікола Дзядок на другі дзень пасля вызвалення. Скрын відэа: svetlana_tsikhanouskaya / YouTube

Праз тыдзень пасля вызвалення пачаў чуць ад навакольных сумна-іранічнае: «Ну як табе нашыя срачыкі?» Сапраўды, што кідаецца ў вочы, гэта вялікая колькасць канфліктаў у інфапрасторы. Скандал за скандалам.

Наспелі асноўныя тэзісы, якімі, лічу, мае сэнс падзяліцца. Пачнем з наяўных фактаў.

1. Канфлікты ў любым руху — нармальная рэч. Дзе есць людзі, там ёсць канфлікты. У той жа час жыццяздольнасць любой сацыяльнай групы залежыць ад мажлівасці гэтыя канфлікты вырашаць.

2. У дэмакратычным руху кепска з культурай дыскусіі, бо ў Беларусі ніколі не было сталага дэмакратычнага грамадства, у стырна краіны 31 год стаяць людзі, якім уласціва аўтарытарнае і аднамернае мысленне. У гэтым сэнсе дэмакратычны рух — злепак з беларускага грамадства. У гэтым галоўная прычына, таму што здаровая крытыка (якая мусіць існаваць) — рэдкая, часцей чуваць асабістыя нападкі. А з іншага боку, шэраг людзей схільныя ўспрымаць любую крытыку як асабістую абразу. І рэагаваць адпаведна.

3. Беларускі рух у эміграцыі на вялікі адсотак, калі не сказаць цалкам, складаецца з псіхалагічна траўмаваных людзей. Хтось быў траўмаваны допытам, хтось катаваннямі, хтось турэмным тэрмінам, і амаль усе — крушэннем надзеяў і паразай 2020 года. Людзі з неўрозамі, нерэалізаванымі чаканнямі, унутраным болем адпрацоўваюць свае траўмы на навакольных. Гэта павялічвае колькасць канфліктаў і іх інтэнсіўнасць.

4. Канфлікты ў эмігранцкім асяроддзі старанна падаграюцца і раздзьмуюцца КДБ праз злівы і агентуру.

5. Вялікую ролю ў раздьзмуванні скандалаў адыгрываюць нашыя СМІ. Матэрыялы скандальнага характару добра чытаюцца. Дзеля гэтых праглядаў некаторыя журналісты прачэсваюць фэйсбук у пошуках сварак між колькі-небудзь публічнымі асобамі. І хаця факт такіх сварак не мае абсалютна ніякай палітычнай і сацыяльнай вартасці — ствараюць з гэтага артыкулы з кідкімі загалоўкамі. Такім чынам задаецца норма, фарміруецца парадак дня. З цягам часу ў чытачоў з’яўляецца ўражанне, што тое, што актывіст А напісаў адносна ўчынку праваабаронцы Б, і што наконт усяго гэтага думае фемактывістка С — гэта проста капец як важна. Хаця ў рэальнасці гэта нікчымная інфармацыя. Такім чынам палітыка шэрагу СМІ\блогераў «прагляды любым коштам» прыводзіць да аберацыі светапогляду: ствараецца ўражанне быццам скандалаў вельмі-вельмі шмат. Але так падаецца толькі таму, што іх няспынна падсвечваюць.

6. І вось яшчэ: 99% сварак адбываюцца ў анлайне. Калі людзі сядзяць сам насам адно з адным, амаль заўсёды знікае жаданне кідацца абразамі і абвінавачаннямі. А вось агульныя кропкі знаходзяцца, наадварот, вельмі хутка.

Шляхі паляпшэння сітуацыі я бачу ў наступным.

— Стварэнне інстытуцыянальных каналаў крытыкі, дыскусійных пляцовак у афлайне. Калі крытыка ўводзіцца ў інстытуцыянальнае рэчышча, калі маецца мадэрацыя і правілы, адразу бачна, хто выступае з рацыянальнымі прапановамі, а хто проста вылівае злосць.

— Кожнаму перад тым як сесці і напісаць штось грубае ў адрас іншага беларуса, 10 разоў удыхнуць-выдыхнуць і падумаць: а ці нельга сфармуляваць гэта больш прыстойна? І ці вялікая будзе карысць увогуле ад майго абурэння? А мо сказаць гэтаму чалавеку свае прэтэнзіі асабіста? Ці не лепей мне проста ўзяць і зрабіць штось карыснае, замест таго, каб крытыкаваць іншага?

— Не забывацца аб тым, што кожны раз, калі мы сварымся між сабой, пасміхаецца і пацірае рукі адзін губазавец ці КДБшнік. А мо і не адзін.

— Тут мусіць быць парада нашым СМІ не форсіць скандалы дзеля праглядаў, бо прагляды — мінаюць, а псіхалагічны настрой у нас — застаецца. Але я ведаю, што на гэтую параду ўсім будзе напляваць. Таму звярнуся да чытачоў: у наступны раз, калі пабачыце клікбейтны загаловак пра чарговую грызню ўнутры грамадзянскай супольнасці — не адкрывайце, як бы вам не карцела. Чытаеце гэткі самы пост — прайдзіце міма. Чуеце што ў кампаніі завялі размову пра чарговы скандал — перавядзіце тэму.

Абсалютнае адзінадушша па ўсіх пытаннях бывае толькі на могілках. Але мы тым якраз і адрозніваемся ад пагонаў і начосаў, што (часам) умеем дамаўляцца нават будучы рознымі і нязгоднымі. Давайце не губляць гэтую здольнасць нават у гэтых неспрыяльных умовах.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула