БЕЛ Ł РУС

Паролем ад камер відэаназірання ў абрабаваным Луўры было слова «Луўр»

4.11.2025 / 23:34

Nashaniva.com

Французскія СМІ паведамілі нечаканыя падрабязнасці гучнага рабавання Луўра, якое адбылося 18 кастрычніка. Сярод белага дня з музея вынеслі каралеўскія каштоўнасці на суму каля 88 мільёнаў еўра. Адным з фактараў, які дапамог злачынцам, аказаўся зусім слабы ўзровень бяспекі: так, пароль да сістэмы відэаназірання быў проста Louvre («Луўр»).

Уваход у Луўр. Фота: AP Photo/Emma Da Silva

Як піша выданне Libération, яшчэ дзесяць гадоў таму эксперты па кібербяспецы крытыкавалі стан, у якім знаходзяцца адпаведныя сістэмы музея. У 2014 годзе спецыялісты з дзяржаўнага агенцтва ANSSI падчас праверкі лёгка змаглі атрымаць доступ да ўнутранай сеткі Луўра, кіраваць камерамі і нават змяняць узроўні доступу супрацоўнікаў. Менавіта тады высветлілася, што паролем да сістэм відэаназірання было слова Louvre («Луўр»).

Нягледзячы на папярэджанні, істотных зменаў у гэтым плане не адбылося. У 2015 годзе правялі яшчэ адзін аўдыт, які зноў засведчыў сур’ёзныя праблемы: кепска кантраляваны паток наведвальнікаў, адкрытыя дахі праз рамонт, састарэлае абсталяванне і сістэмы, якія давалі збоі.

Асабліва дзіўна, што нават у 2025 годзе музей карыстаўся праграмным забеспячэннем 2003 года, якое ўжо даўно не абнаўляецца, а серверы працавалі на старой сістэме Windows Server 2003.

Само рабаванне адбылося раніцай 19 кастрычніка. Злачынцы вынеслі дзевяць каштоўных прадметаў з калекцыі Напалеона і французскіх манархаў — усяго на 88 мільёнаў еўра.

Паліцыя затрымала чатырох падазраваных — трох мужчын і жанчыну з прыгарада Сен-Дэні. Двое з іх ужо мелі судзімасці за крадзяжы. Па словах пракурора Парыжа Лор Беко, гэта не буйная арганізаваная група, а хутчэй дробныя, але дасведчаныя злачынцы. Аднаго з іх затрымалі ў аэрапорце, калі ён спрабаваў уцячы ў Алжыр.

Чытайце таксама:

«Дробныя зладзюжкі». Рабаванне Луўра здзейснілі жыхары беднага прыгарада Парыжа

У Францыі затрымалі трэцяга падазраванага ў рабаванні Луўра

У арганізацыі рабавання Луўра падазраюць расіяніна, звязанага са спецслужбамі

Пракурорка Парыжа раскрытыкавала ўцечку інфармацыі наконт затрымання падазраваных, што абрабавалі Луўр

Пасля выкрадання каштоўнасцей з Луўра, яго скарбы схавалі ў падземным сховішчы Банка Францыі

«Луўр абрабавалі сярод белага дня. А мяне ў Беларусі крама вылічыла за 7 хвілін па бонуснай картцы»

Каментары да артыкула