Пакаянне за 2020‑ы не дапамагло — канцэртаў «Драздам» не даюць. Гурт спыняе выступы, Карпанаў ідзе ў беларускамоўны стэндап
Праз праблемы з выступамі франтмэн «Драздоў» Віталь Карпанаў спрабуе сябе ў іншым кірунку творчасці — стэндапе. Пра тое, што зараз адбываецца з гуртам, ён расказаў выданню Tochka.by.
«Драздоўскае пытанне»: сысці ці застацца
Яшчэ вясной гурт узбударажыў прыхільнікаў па ўсёй краіне анонсам «пра сыход з вялікай сцэны».
Віталь Карпанаў на любыя інфанагоды наконт «Драздоў» рэагуе са здаровай самаіроніяй. Напрыклад, нават не сумняваецца: на канцэрт у Мінску, калі ён калі-небудзь здарыцца, людзі прыйдуць. Але заяўляць пра планы сабраць «Мінск-Арэну» ці які-небудзь стадыён ён усё ж не спяшаецца.
«У гэтай справе галоўнае — не абасрацца», — смяецца ён.
І тлумачыць: для пачатку хопіць аншлагу, напрыклад, у Палацы Рэспублікі (разлічаны прыкладна на 2700 гледачоў). Але ёсць праблема: гурт «Дразды» не можа выступаць у Мінску.
«Як такой забароны быццам бы няма, але, як выдатна ведаюць нашы прыхільнікі, за апошнія некалькі гадоў мы былі амаль у кожным беларускім горадзе, але не ў сталіцы. І гэта не выпадкова», — кажа Карпанаў.
Шмат у чым менавіта негалосная забарона выступаць у Мінску падштурхнула Віталя да творчых пошукаў.
Што да гурта, пазіцыя ў Карпанава празрыстая: да канца 2025‑га «Дразды» даюць тыя канцэрты, якія абяцалі, а потым — усё.
За што «Дразды» пакрыўдзіліся на «Залаты шлягер»
Франтмэн «Драздоў» кажа, што наогул стараецца не таіць крыўду.
«Я зразумеў за гэтыя гады, што крыўда сама па сабе — зусім не стваральнае пачуццё, яно раз'ядае знутры. Па-сапраўднаму крыўдна мне было апошні раз нават не за Мінск, а за Магілёў.
Нас запрасілі на «Залаты шлягер». Усё прыгожа: сольны канцэрт, поўная зала, прэс-канферэнцыя… А потым да нас у грымёрку заходзяць арганізатары і кажуць: «Хлопцы, прабачце, у вас прэс-канферэнцыі не будзе». Можна было нават нічога не тлумачыць», — разводзіць рукамі Карпанаў.
Але ён усё ж вырашыў пацікавіцца: а што здарылася? Таму што паралельна гурт «Дразды» па загадкавай прычыне «забылі» паклікаць на агульную фатаграфію ўдзельнікаў фестывалю.
«Арганізатары растлумачылі: «Нам сказалі не падымаць шум вакол вас». Добра, праехалі. Мы адыгралі канцэрт, усе шчаслівыя, задаволеныя. Але, як гаворыцца, асадачак застаўся», — прызнаецца Віталь.
Пры гэтым не без гонару называе «Дразды» нацыянальным праектам.
«Самая вялікая ўзнагарода, якую мы атрымліваем, — гэта любоў гледачоў. Нам медалі і граматы не патрэбны. Сёння я смела кажу: беларускі народ — з гуртам «Дразды»», — дзеліцца Карпанаў патаемнымі думкамі.
Паводле яго слоў, без усялякага адміністрацыйнага рэсурсу гурт у любым беларускім горадзе збірае поўныя залы. У некаторыя райцэнтры прыязджае па некалькі разоў на год — і ўсё роўна аншлаг:
«У нас у Баранавічах тры канцэрты ў 2025-м, тая ж самая гісторыя з Бярозай, Нясвіжам… І людзі ідуць! Некаторыя падыходзяць і такія: «Добры дзень, у мяне юбілейны, 20-ы, канцэрт ваш ужо». Уяўляеце?»
Але і гэта ў тым ліку падштурхоўвае Віталя не спыняцца на дасягнутым. І эксперыментаваць.
«Трэба шукаць нейкія іншыя формы творчасці, каб зрабіць якасны крок наперад. Ні ў якім разе нельга таптацца на месцы», — кажа Карпанаў.
Менавіта таму «Дразды» і сыходзяць з вялікай сцэны, запэўнівае ён.
«Шкада, вядома, нашых партнёраў — сельскія дамы культуры. Мы сёння для іх як палачка-выручалачка, дапамагаем выконваць план. Але яшчэ больш перажываю за хлопцаў з гурта. З іншага боку, для кожнага з іх гэта крутая магчымасць паспрабаваць нешта новае», — рэзюмуе фронтмэн «Драздоў».
Карпанаў і стэндап
Сам Віталь, дарэчы, ужо прыдумаў, чым будзе займацца як мінімум у найбліжэйшыя паўгода — стэндапам. Нейкія жарты ён ужо «правярае» падчас выступаў з «Драздамі».
«Хачу на «адкрытыя мікрафоны» — шоу, дзе пачаткоўцы і вопытныя комікі правяраюць матэрыял. Нядаўна быў на такім мерапрыемстве і нечакана адчуў хваляванне. Выходжу — а ў мяне каленкі дрыжаць», — дзеліцца адчуваннямі Віталь.
Далей — больш. Раптам высветлілася, што зала ўвогуле не рэагуе на жарты коміка-пачаткоўца.
«Пачынаю маналог, людзі не смяюцца… «Ну, клас», думаю. «Наогул супер». Але хутка зразумеў: усё ад падачы залежыць. Калі я бліжэй да канца выступу расслабіўся, адразу пачуўся смех. Магчыма, дарэчы, справа была яшчэ і ў тым, што выступаю выключна на беларускай мове», — кажа Карпанаў.
Дарэчы, у Віталя ёсць вельмі цікавае назіранне, якое тычыцца роднай мовы.
«На канцэртах у глыбінцы па публіцы адразу відаць: людзі выдатна разумеюць, калі я гавару на беларускай мове. А ў вялікіх гарадах, асабліва ў Мінску… Такое адчуванне, што многія людзі, якія адносна нядаўна з'ехалі з правінцыі, не хочуць нават чуць родную мову. Вось умоўна кажучы, тое «сяло», ад якога яны збеглі, на ўзроўні мовы як быццам «даганяе» іх. Ну, гэта такое маё суб'ектыўнае назіранне», — шчыруе Карпанаў.
І прызнаецца, што менавіта ў гэтым бачыць цяпер сваю місію: несці беларускую мову шырокай аўдыторыі.
«Можаце назваць хоць аднаго стэндап-коміка, які робіць праграму цалкам на беларускай мове? Вось і я не магу! Дарэчы, карыстаючыся выпадкам: калі хтосьці хоча далучыцца да гэтага руху — звяртайцеся», — падміргвае Карпанаў.
І дадае: ужо зусім хутка з'явіцца расклад яго сольнага стэндап-тура. У планах заехаць у многія месцы, дзе ён раней пабываў з гуртам.
Што будзе з «Драздамі»
Напрыканцы Віталь Карпанаў намякае, што прыхільнікам творчасці гурта «Дразды» не варта ўпадаць у роспач: гурт не знікне назаўсёды.
«Думаю, нейкія вельмі рэдкія выступы, тыя ж карпаратывы, застануцца.
Проста нам, творчым людзям, патрэбна паўза. Мы за гэты год выканалі і перавыканалі ў некалькі разоў план, які самі сабе ставілі. Толькі высокабюджэтных кліпаў знялі сем штук!» — загінае пальцы Віталь.
Кажа, і ён сам, і хлопцы крыху стаміліся. Хай зараз на «Дразды» і ёсць попыт з боку публікі, паўза была непазбежная.
«Мне спадабалася, як у адным з нядаўніх інтэрв'ю сказаў Іван Дорн. Не трэба абясцэньваць тое, што ты ўжо зрабіў. Калі ты стварыў нешта сапраўды добрае, гэта застанецца надоўга. І нават калі мы знікнем на год, спадзяюся, людзі нас не забудуць. І прыйдуць на наступны канцэрт, калі ён здарыцца», — глядзіць у будучыню з аптымізмам франтмэн гурта «Дразды».
У канцы вясны Карпанаў ужо рабіў гучную заяву — «Дразды» спыняць выступленні. Рашэнне саліст гурта патлумачыў тым, што ім не даюць магчымасці ладзіць канцэрты ў абласных цэнтрах, у тым ліку ў беларускай сталіцы.
Паводле слоў Карпанава, яго заява не засталася незаўважанай з боку чыноўнікаў.
«У той жа дзень нам патэлефанавалі важныя людзі і сказалі: «Хлопцы, як вам нельга граць? Чаму? Хто сказаў, што вам нельга граць? Хто вам не дае гастрольку?» І нам у той жа дзень пасля выхаду інтэрв’ю далі дабро на тое, што мы цяпер будзем граць і ў абласных цэнтрах», — заявіў Карпанаў.
Аднак наконт выступленняў у Мінску гурт атрымаў адмову.
У жніўні лідар «Драздоў» вельмі дзіўна пакаяўся за 2020 год.