БЕЛ Ł РУС

Навукоўцы высветлілі: галоўны сродак ад прастуды хаваецца ў носе

21.01.2026 / 16:18

Ідаля Салавей

Чаму адны людзі заражаюцца рынавірусам, аднак амаль нічога не адчуваюць, а іншыя на некалькі дзён выпадаюць з жыцця з насмаркам і тэмпературай? Новае даследаванне праліла святло на даўнюю загадку.

Ілюстрацыйнае фота: LookByMedia

З надыходам зімы колькасць рэспіраторных інфекцый рэзка ўзрастае. Асаблівае месца сярод іх займаюць рынавірусы — самая распаўсюджаная прычына звычайнай прастуды, «вострага рэспіраторнага захворвання». Аднак нават пры траплянні віруса ў арганізм чалавек не заўсёды захворвае. The Wall Street Journal звяртае ўвагу на новае даследаванне навукоўцаў з Ельскай школы медыцыны, вынікі якога дапамагаюць зразумець, чаму так адбываецца.

Як адзначаюць аўтары артыкула, апублікаванага ў часопісе Cell Press Blue, толькі каля паловы людзей, у чый нос трапіў вірус, адчуваюць сімптомы прастуды. Вырашальную ролю ў тым, ці захварэе чалавек, адыгрывае імунная рэакцыя клетак пазух носа. Менавіта там разгортваецца першая і найважнейшая фаза барацьбы арганізма з вірусам.

Каб разабрацца ў прычынах такой розніцы, каманда навукоўцаў вырасціла насавую тканку ў лабараторыі, што дазволіла ім вывучаць клетачныя і малекулярныя змены ў абалонцы носа і лёгкіх, калі гэтыя клеткі падвяргаюцца ўздзеянню рынавіруса.

Два сцэнары развіцця падзей

У выніку эксперыментаў навукоўцы выявілі, што рэакцыя арганізма звычайна ідзе па адным з двух сцэнароў.

Пры спрыяльным развіцці падзей арганізм дзейнічае на апярэджанне і імгненна выпрацоўвае спецыяльны бялок — інтэрферон. Гэта рэчыва з’яўляецца галоўным каардынатарам антывіруснай абароны. Яно блакуе пранікненне віруса ў клеткі і спыняе яго размнажэнне. Калі інтэрферону дастаткова і ён пачынае дзейнічаць хутка, вірус не паспее захапіць нават аднаго працэнта клетак, дзякуючы чаму чалавек застаецца здаровым і нават не здагадваецца пра атаку.

Калі ж навукоўцы блакавалі дзеянне інтэрферону, вірус пачынаў значна хутчэй распаўсюджвацца і актыўна капіяваць сябе.

Калі інтэрферонавы адказ запазняецца або аказваецца слабым, вірус захоплівае значную частку тканак. У такім выпадку заражанымі становяцца 30% клетак або больш. Гэта выклікае моцную запаленчую рэакцыю: арганізм пачынае выпрацоўваць бялкі, якія запускаюць запаленне, узмацняецца выпрацоўка слізі, з’яўляюцца насмарк, закладзенасць носа, слабасць і іншыя тыповыя сімптомы прастуды.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Getty Images

Што ўплывае на імунны адказ

Хоць даследчыкі пакуль не могуць дакладна сказаць, што менавіта ў кожным асобным выпадку вызначае поспех імуннага адказу, яны вылучылі шэраг фактараў, якія сур’ёзна ўплываюць на гэты працэс.

Адным з галоўных ворагаў здароўя аказалася халоднае паветра. Пры паніжэнні тэмпературы навакольнага асяроддзя клеткі носа і лёгкіх пачынаюць выпрацоўваць інтэрферон значна павольней, што дае вірусу перавагу.

Акрамя кліматычных умоў, вялікую ролю адыгрывае навакольнае асяроддзе і лад жыцця. Удыханне забруджанага паветра або тытунёвага дыму карэнным чынам змяняе імунны адказ. Замест хуткай антывіруснай абароны арганізм курца або жыхара прамысловага раёна часцей схіляецца да цяжкага запаленчага працэсу, што робіць прастуду больш балючай і працяглай.

Разам з тым, навукоўцы заўважылі і цікавы станоўчы фактар: калі чалавек зусім нядаўна перанёс іншую вірусную інфекцыю, узровень інтэрферону застаецца павышаным, што дазваляе арганізму адбіць новую атаку рынавіруса яшчэ да з’яўлення першых сімптомаў.

Чытайце таксама:

Хочаце менш хварэць? Эксперты назвалі кавідныя звычкі, якіх варта прытрымлівацца ўвесь час

Дзясяткі краін ахапіла новая хваля грыпу, прыйшоў новы небяспечны штам

Прастуда без тэмпературы — добра ці дрэнна?

Каментары да артыкула