БЕЛ Ł РУС

У Крамлі пачаліся перамовы Пуціна з прадстаўнікамі Трампа

22.01.2026 / 23:55

Nashaniva.com

Увечары 22 студзеня ў Крамлі пачаліся перамовы паміж Расіяй і ЗША па пытанні завяршэння расійска-ўкраінскай вайны, паведамляе ТАСС.

Уладзімір Пуцін і Стыў Уіткаф. Скрыншот з відэа

З амерыканскага боку ў сустрэчы ўдзельнічаюць спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф, бізнэсмен і зяць Дональда Трампа Джарэд Кушнер, а таксама камісар Федэральнай службы закупак Джош Грунбаўм.

З боку Расіі ў перамовах удзельнічаюць сам прэзідэнт Уладзімір Пуцін, ягоны памочнік Юрый Ушакоў і спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта Расіі Кірыл Дзмітрыеў.

Як паведамляе ТАСС, акрамя абмеркавання заканчэння вайны, бакі плануюць абмеркаваць магчымасць запрашэння Расіі ў Раду міру, створаную Трампам, і магчымую будучыню часткі расійскіх актываў, якія былі замарожаныя ў ЗША.

Па выніках сустрэчы памочнік Пуціна Юрый Ушакоў правядзе тэлефонны брыфінг для журналістаў.

У гэты ж самы дзень, 22 студзеня, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп правёў перамовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у Давосе. Сустрэча доўжылася каля гадзіны. Пасля яе Трамп адзначыў, што гэта была «добрая сустрэча», і што «ўсе хочуць, каб вайна скончылася». У Кіеве паведамілі, што Зяленскі правёў «прадуктыўную і змястоўную» сустрэчу.

Пасля сустрэчы Зяленскі паведаміў, што 23—24 студзеня ў Абу-Дабі плануюцца перамовы з удзелам дэлегацый Украіны, Расіі і ЗША. Паводле Financial Times, ініцыятарам трохбаковай сустрэчы выступаюць ЗША, Украіна падтрымала гэтую ідэю, а Расія пакуль не дала згоды. Вечарам 22 студзеня Зяленскі адзначыў, што дэлегацыя Украіны ўжо накіравалася ў ААЭ.

Чытайце таксама:

Зяленскі: Танней не даць Расіі вырабляць ракеты, чым ратаваць энергасістэму Украіны

Зяленскі ў Давосе: Калі б Еўропа дапамагла беларускаму народу ў 2020-м, то ў Беларусі сёння не было б «Арэшніка»

Келаг: Мір ва Украіне можа наступіць да восені

Уіткаф абяцае Украіне пасля вайны эканамічны цуд

Каментары да артыкула