БЕЛ Ł РУС

Эміграцыя з ЗША ўпершыню перавысіла іміграцыю. Выязджаюць найбольш у Еўропу. Чаму і куды?

27.02.2026 / 14:21

Антось Жупран

Эміграцыю выклікае камбінацыя эканамічных прычын і расчаравання ў амерыканскім ладзе жыцця. І гэта не раптоўная змена, а трэнд, які нарастаў гадамі.

Амерыканцы ўсё часцей аддаюць перавагу краінам хай сабе і з ніжэйшымі заробкамі, але з таннейшым коштам жыцця і, галоўнае, бяспечных і з камфортным ладам жыцця. На фота «Нашай Нівы»: суніцы на Ратушнай плошчы ў Вільні

У мінулым годзе ЗША сутыкнуліся з сітуацыяй, якой не назіралася з часоў Вялікай дэпрэсіі: з краіны з'ехала больш людзей, чым у яе прыбыла. Паводле разлікаў Інстытута Брукінгса, у 2025 годзе ЗША перажылі «адмоўнае сальда міграцыі» са стратай каля 150 000 чалавек, і гэты адток, верагодна, павялічыцца ў 2026 годзе. У прычынах новага трэнду разбіралася выданне The Wall Street Journal.

Як адзначае выданне, апошні раз, падобная сітуацыя фіксавалася ў 1935 годзе. Сёння кірунак эміграцыі — краіны Еўропы і Лацінскай Амерыкі.

Хто і куды з'язджае?

Усяго за мяжой, паводле розных ацэнак, жыве ад 4 да 9 мільёнаў грамадзян ЗША.

Сапраўдны бум назіраецца ў Еўропе. У Партугаліі колькасць амерыканцаў падскочыла больш чым на 500% з пачатку пандэміі і вырасла на 36% толькі за 2024 год. У Іспаніі і Нідэрландах колькасць рэзідэнтаў з ЗША падвоілася за апошнія 10 гадоў, а ў Чэхіі — вырасла больш чым у два разы.

Летась у Германію пераехала больш амерыканцаў, чым немцаў у Амерыку. Ірландыя прыняла 10 000 чалавек з ЗША ў 2025 годзе (удвая больш, чым годам раней), а колькасць заявак на ірландскі пашпарт дасягнула рэкордных 40 000.

У Вялікабрытаніі пражывае больш за 325 000 амерыканцаў. Колькасць заявак на грамадзянства дасягнула максімуму з пачатку вядзення ўліку ў 2004 годзе.

Сімвалічны рубеж быў пройдзены ў Нарвегіі — цяпер там жыве больш людзей, народжаных у ЗША, чым у ЗША — людзей, народжаных у Нарвегіі.

Акрамя Еўропы, папулярнымі напрамкамі застаюцца Мексіка (дзе ў 2022 годзе жыло каля 1,6 мільёна грамадзян Амерыкі) і Канада (больш за 250 000).

Прычыны эміграцыі з ЗША

На погляд аўтара, матывацыя эмігрантаў — гэта спалучэнне эканамічных прычын і расчаравання ў амерыканскім ладзе жыцця.

Галоўны фактар на сёння — магчымасць атрымліваць высокія амерыканскія заробкі, працуючы дыстанцыйна, але пры гэтым жыць у краінах з ніжэйшым коштам жыцця, камфортным ладам жыцця, даступнай медыцынай, якаснай адукацыяй і нізкім узроўнем злачыннасці.

Так, бяспека адыгрывае не апошнюю ролю. Некаторыя бацькі, як прыводзіць прыклад WSJ, пераязджаюць, каб іх дзеці не сталі ахвяраю страляніны ў школах, якая ў Амерыцы здараецца рэгулярна. У краінах Еўропы, як і ў Беларусі, свабоднае валоданне зброяй забароненае, і інцыдэнтаў з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі — мінімум, а колькасць забойстваў у разы ніжэйшая, чым у ЗША.

Палітычная турбулентнасць і перавыбранне Трампа, якое некаторыя называюць прычынай Donald Dash, магчыма, таксама ў нейкай ступені ўплываюць на сітуацыю. Аднак, як падкрэслівае выданне,

трэнд пачаўся не цяпер, а раней — з развіццём дыстанцыйнай працы і ростам кошту жыцця.

Так колькасць запытаў на адмову ад грамадзянства ЗША яшчэ ў 2024 годзе падскочыла на 48%.

Апытанне Gallup паказала, што доля тых, хто хацеў бы эміграваць з ЗША, вырасла з 10% у 2008 годзе да 20% летась. А сярод жанчын у веку 15—44 гадоў, у веку, калі дзяцей нараджаюць, гэтая лічба дасягае 40%.

Тэндэнцыя закранае і моладзь. Больш за 100 000 амерыканскіх студэнтаў навучаюцца за мяжой, бо гэта значна танней. У Вялікабрытаніі колькасць амерыканцаў, якія атрымліваюць дыплом, вырасла на 14% толькі летась. У той жа час, паток замежных студэнтаў у ЗША летась скараціўся на 17%.

Як іранізуе WSJ,

новая «амерыканская мара» для многіх амерыканцаў — гэта выехаць з Амерыкі.

Гэта падрывае даўнюю веру ў «амерыканскую выключнасць», бо ўсё больш людзей робяць для сябе выснову, што якасць жыцця за мяжой стала лепшай, чым у ЗША.

Чытайце таксама:

«Легалізацыя за два дні». Чаму айцішнікі з'ехалі з Польшчы ў Ірландыю і Узбекістан

Названыя 10 самых недарагіх краін для пераезду

Глабальны зрух у каталіцтве: у Індыі больш семінарый, чым у Італіі, а ксяндзы на падмену прыязджаюць у Еўропу з Афрыкі

Назвалі самую бяспечную краіну свету для паездак

Каментары да артыкула