Зяленскі: МЗС рыхтуе кандыдатуры на пасаду спецпрадстаўніка па Беларусі
Прэзідэнт Украіны паведаміў, што Міністэрства замежных спраў рыхтуе кандыдатуры на пасаду спецыяльнага прадстаўніка па Беларусі. Раней гэта пытанне ён абмяркоўваў са Святланай Ціханоўскай.
Уладзімір Зяленскі з Паўлам Клімкіным
У вячэрнім звароце 27 лютага Уладзімір Зяленскі расказаў, што правёў размову з былым міністрам замежных спраў Паўлам Клімкіным пра далейшую дыпламатычную працу. Плануецца ўзмацніць некаторыя напрамкі ў Еўропе і за яе межамі.
Украінскі прэзідэнт падкрэсліў, што інтарэсы Украіны павінны быць прадстаўленыя як на афіцыйным узроўні, так і ў супрацоўніцтве з супольнасцямі тых краін, дзе няма поўнай свабоды або адчуваецца ўплыў Расіі.
Асобна ён адзначыў, што МЗС падбірае кандыдатаў на пасаду спецпрадстаўніка па Беларусі і беларускай супольнасці ў Еўропе. На яго думку, Украіне патрэбная больш актыўная палітыка, бо менавіта актыўнасць дзяржавы і яе грамадзян дазваляе дасягаць найлепшых вынікаў і эфектыўна абараняць нацыянальныя інтарэсы.
Канкрэтных прозвішчаў магчымых кандыдатаў кіраўнік украінскай дзяржавы не назваў.
Чытайце таксама:
Зяленскі: Каб вызваляць беларускіх палітвязняў, трэба знайсці, на каго іх памяняць
Ціханоўская вітала ўвядзенне Зяленскім санкцый супраць Лукашэнкі