Белорусская страница исламской революции
В начале 80-х Минск стал одной из главных баз, на которых иранские коммунисты готовились к реваншу. Как это было, пишут доктор политологии Сергей Богдан и кандидат исторических наук Анжелика Победоносцева Кая.

У 1979 годзе Ісламская рэвалюцыя ў Іране вынесла на вяршыню ўлады ісламскае духавенства, аяталу Хамейні. Спачатку быў зрынуты шах. Пасля пачаліся чысткі ворагаў новай улады. Рэпрэсіі па чарзе абрынуліся на манархістаў, нацыяналістаў, левых ісламістаў.

Дайшлі рукі і да камуністаў, якія атрымлівалі грошы ад Савецкага Саюза.
Новыя ўлады лічылі марксісцка-ленінскую Іранскую народную партыю («Тудэ») сур’ёзнай пагрозай, гатовай зрынуць ісламістаў пры першай зручнай нагодзе. («Тудэ» на фарсі значыць народ, масы.) А шанцы ўзяць уладу ў камуністаў сапраўды былі. У іранскай кампартыі ў той час было нямала прыхільнікаў у войску, дзяржаўным апараце і сярод інтэлігенцыі. Нават іранскім флотам у 1980—1983 гадах камандаваў камуніст Бахрам Афзалі.
Асноўны ўдар па іх быў нанесены ўзімку 1983-га. Тысячы былі арыштаваныя. Але некаторым пашчасціла ўцячы ў суседні СССР.
Напагатове ў БССР
Уцекачы прабіраліся ў савецкі Азербайджан. У ліпені 1983-га савецкае кіраўніцтва вырашае перавезці членаў партыі «Тудэ» далей ад мяжы, у Мінск.
Такое рашэнне было незвычайным. Дагэтуль палітэмігранты з Ірана заўжды размяшчаліся ў культурна ім бліжэйшых савецкіх рэспубліках Закаўказзя і Сярэдняй Азіі. У Беларусі не было ні інфраструктуры, ні кадраў для прыняцця такой колькасці эмігрантаў. Але Масква хацела надзейней схаваць іранцаў: шукаць іх у Мінску ніхто б не дадумаўся. Саветы хацелі выкарыстаць іранскіх камуністаў для чырвонага рэваншу ў Тэгеране, чакалі, што хамейністы (іх пагардліва называлі «муламі» ды клерыкаламі) уладу не ўтрымаюць.
І вось у верасні 1983 года спецыяльнымі начнымі рэйсамі прыблізна дзвесце іранскіх камуністаў пераехалі ў беларускую сталіцу. Тут іх усіх пасялілі ў адзін новапабудаваны 12-павярховы дом па адрасе праспект Любімава, 4. Гасцям забаранілі прызнавацца, што яны іранцы, а загадалі называцца афганцамі. На другі ж дзень кіраўнік групы Акбар Шандармані, стары іранскі палітвязень, сабраў усіх паплечнікаў і абвясціў, што ніхто з іх не можа ні дасылаць лістоў, ні тэлефанаваць за мяжу. Гэта будзе лічыцца «здрадай».
Цёмны і страшны Мінск
Знаходжанне ў БССР зусім не натхняла іранскіх камуністаў. Вось як гэта апісвае адзін з іх, Шыва Фарахмандрад, у сваёй нядаўна выдадзенай кнізе ўспамінаў на персідскай мове: «Першы раз, калі мы пайшлі шпацыраваць па горадзе — а гэта быў першы савецкі горад, які мы пабачылі, — у параўнанні з поўнымі крамаў вуліцамі Тэгерана галоўная цэнтральная вуліца Мінска выглядала вусцішнай і страшнай прасторай.
Шырокія вуліцы, мала машын, вялізныя будынкі, мала вітрын, дый тыя цёмныя і неўпрыгожаныя, на тратуарах мноства людзей, яны ішлі моўчкі, бязгучна і спыняліся на лініі пешаходнага перахода, чакаючы, пакуль дарожны міліцыянт дазволіць перайсці. Больш за ўсё душу гняло маўчанне на вуліцы. У першыя гадзіны я нават баяўся гучна размаўляць са спадарожнікамі. Мы не ведалі дарогі, а калі спрабавалі распытаць пра дарогу, амаль ніхто не спыняўся. А хто спыняўся, той не ведаў ні англійскай, ані нямецкай моў».

Няпроста, піша той самы аўтар, было наладзіць жыццё ў Мінску.
«У магазінах усюды ўсё аднолькавае, садавіны і гародніны няма, усё няякаснае (скажам, туалетнае мыла расплывалася ў бясформенную масу пасля таго, як яго адзін раз намочыш), побытавых і патрэбных рэчаў не знойдзеш — нават нажніц, кухонных нажоў і шчыпчыкаў для пазногцяў, швейных машынак і халадзільнікаў у сталіцы «еўрапейскай» краіны таксама не знойдзеш. Затое ў магазінах усё завалена нікому не патрэбнымі прыладамі тыпу тэніснай ракеткі для выбівання дываноў ды палавікоў. Гэтых выбівачак то колькі хочаш — з пластмасы, дрэва, алюмінію — ва ўсіх вялікіх крамах. Гэта ніяк не адпавядала нашым чаканням ад раю «рэальнага сацыялізму» і агаломшвала нас».
Іранцы шчыра дзівіліся і спрабавалі знайсці прычыны такога становішча. «Я па сваім глупстве меркаваў, што, мусіць, нажніцы лічацца «сродкам вытворчасці», а «сродкі вытворчасці» ў сацыялістычным грамадстве знаходзяцца ў распараджэнні дзяржавы. Пакуль мы здабылі патрэбныя для жыцця рэчы, прайшло некалькі месяцаў».

На матэрыяльныя цяжкасці накладаліся і маральныя сумневы, бо кідаліся ў вочы праявы відавочнай няроўнасці. Шыва Фарахмандрад згадвае, як ён у 1986 годзе трапіў у бальніцу і апынуўся ў палаце на дзесяць ложкаў у мінскім шпіталі №4, дзе дактары на яго не звярталі ўвагі.
Пасля ўмяшання з боку партыйнага начальства і мясцовай улады яго імгненна перавялі ў двухмесную палату і перагледзелі курс лячэння, прызначылі мноства новых лекаў і працэдур. «Дзівосы! Атрымліваецца, тут, у грамадстве «роўнасці і братэрства», таксама быў блат і дактары па-рознаму ставіліся да розных людзей! Я рады, што цягам усяго майго знаходжання там маё сумленне ніколі не было абцяжарана гэткімі прывілеямі, апрача таго адзінага разу».
Далучыцца да рабочага класа
Іранскае партыйнае кіраўніцтва і савецкія ўлады імкнуліся трымаць іранскіх камуністаў далей ад беларусаў. Мэта гэтага была відавочная — не даваць партыйным кадрам пускаць карані на новым месцы, трымаць іх напагатове, каб пры нагодзе адразу адправіць у Тэгеран рабіць там новую рэвалюцыю, сацыялістычную.
Іранцам у Мінску не давалі ні працаваць па спецыяльнасці, ні вучыцца. Пасля заканчэння 4-месячных курсаў рускай мовы беларускі Чырвоны Крыж перастаў выплачваць ім дапамогу. Іранскім камуністам, большасць з якіх была высокаадукаванымі спецыялістамі, загадалі выбраць для сябе занятак са спісу спецыяльнасцяў, дасланага гарадскімі ўладамі. Большасць прапанаваных работ былі цяжкімі і нізкакваліфікаванымі: падсобныя рабочыя, праца на цагельнях, землякопства, чыстка каналізацыі, некаторыя заводскія рабочыя спецыяльнасці.
Хамід Сафары, адзін з членаў тройкі, якая кіравала партыяй «Тудэ» ў той момант, тлумачыў сваім мінскім таварышам, што іхнія нягоды маюць глыбокі філасофскі сэнс: «Праблема нашай партыі палягала ў тым, што ў ёй было мала рабочых, а абсалютную большасць складалі інтэлігенты. Цяпер мы маем найлепшую магчымасць, каб чальцы партыі ўліліся тут у рабочы клас і «апралетарыліся», а некалі ў будучыні далучыліся да іранскага рабочага класа». Пры гэтым партыйцы не мелі права вучыцца ў беларускіх ВНУ, а тых, хто туды самастойна паступіў, неўзабаве адлічылі.
Аўтарам нарыса вядомы выпадак, калі дыпламаваны інжынер-механік тры гады, у 1983—1986 гадах, адпрацаваў пры станку звычайным рабочым на Мінскім станкабудаўнічым заводзе імя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Праз пару гадоў пасля пераезду з БССР у Швецыю ён ізноў пайшоў працаваць інжынерам.
У выніку такога жыцця ўжо праз некалькі месяцаў адзін з іранцаў выкінуўся з дзясятага паверха, трое спрабавалі зрабіць сабе смерць, а двое апынуліся ў псіхіятрычнай лякарні. Яшчэ ў некалькіх пачаліся псіхічныя праблемы. Адзін колішні студэнт пакутаваў ад маніі пераследу з боку КГБ. Яму падавалася, што ён — Ленін, які вярнуўся з Фінляндыі, каб ізноў зрабіць рэвалюцыю ў гэтай краіне.

Першыя гады адзіным выйсцем для іранцаў было памяняць Савецкую Беларусь на Афганістан. Іранскіх камуністаў ахвотна працаўладкоўвалі афганскія камуністычныя ўлады, бо яны куды лепш за савецкіх дарадцаў разбіраліся ў рэчаіснасці блізкай ім краіны і не мелі там моўных бар’ераў (найбольш распаўсюджаныя ў Афганістане мовы пушту і дары блізкія да персідскай).
Чужая бацькаўшчына
Неўзабаве пасля прыходу Гарбачова Масква страціла ўсялякую цікавасць да іранскай кампартыі і надумалася зблізіцца з ісламісцкім кіраўніцтвам Ірана. Членам партыі «Тудэ» нічога не заставалася, як перабрацца на Захад, што яны і пачалі рабіць ужо ў 1986 годзе. У Беларусі застаўся добра калі тузін з тых дзвюх сотняў, што прыбылі ў 1983-м.
Беларуская старонка іранскай рэвалюцыі была трагедыяй страчаных надзей. Спадзеючыся на савецкае кіраўніцтва, іранскія камуністы збіраліся «са шчытом» вярнуцца на радзіму, але іх проста выкарысталі і падманулі.
-
В Польше начали раскопки на месте бункера СС, в поисках Янтарной комнаты. Там могут быть и белорусские сокровища?
-
В белорусской деревне в Смоленской области нашли жуткую шестипалую руку, которой около 7 тысяч лет
-
На Менке впервые нашли литейную форму для ювелирных украшений. Это меняет представление о жизни летописного Минска
Сейчас читают
Христо Грозев: от романтика-радиолюбителя к человеку, который раскрыл самые мрачные тайны ГРУ и ФСБ. Как его завербовала спецслужба Люксембурга и как он вынужден скрываться теперь

Комментарии