История3636

Элем Климов: человек, который снял белорусский апокалипсис

Подросток Флёра — главный герой «Иди и смотри».

Он снял самый ужасный фильм в истории кинематографа. Он прекрасно осознавал, что эту картину будет физически больно смотреть людям. С этими словами он подошел к соавтору сценария, Алесю Адамовичу. Адамович согласился. Да, действительно, вряд ли кто-то сможет его смотреть. «Значит, пусть не смотрят. Но мы должны его снять». Пишет Алексей Батюков.

Інтэнсіўнасць жаху ў фільме «Ідзі і глядзі» настолькі высокая, што першым часам хадзілі чуткі, нібыта выканаўца галоўнай ролі — падлетка Флёры — працаваў пад гіпнозам, страціў розум падчас здымак, пасівеў у трынаццаць гадоў.

Зняты больш за 30 гадоў таму, «Ідзі і глядзі» да гэтага часу лічыцца непераўзыдзенай класікай, ён на першых радках рэйтынгаў фільмаў пра вайну і найлепшых фільмаў у гісторыі кінематографа. З прагляду гэтага фільма пачынаў рыхтаваць здымачную групу да працы над карцінай «Спіс Шындлера» Стывен Спілберг, яго ўплыў назіраецца таксама ў стужках «Выратаваць шарагоўца Раяна» і «Тонкая чырвоная лінія», да прыхільнікаў «Ідзі і глядзі» сябе далучалі Квенцін Таранціна і Шон Пэн.

Сусветнае прызнанне. Але гэта словы, ад якіх не нараджаецца гонар, бо гэта — сусветнае прызнанне таго болю, які беларусы перанеслі.

Тэхнічныя, мастацкія рашэнні і прыёмы Элема Клімава сапраўды былі крокам наперад для сусветнага кінематографа. І занадта радыкальным крокам для цэнзараў Дзяржкіно. Яшчэ на стадыі абмеркавання сцэнарыя Клімаў сустрэў татальнае неразуменне. Сцэна, у якой галоўныя героі карціны прадзіраюцца праз багну, была ахарактарызаваная як «прапаганда эстэтыкі бруду», растоптванне мурашніка старастам вёскі — як «прынізлівае ўпадабненне нашага народа мурашам», забойства каровы на полі — «натуралізмам» і «смакаваннем», і так далей, і так далей.

Дзеці адлігі

Элем Клімаў нарадзіўся ў 1933 годзе ў Сталінградзе. Магчыма, бацькі далі яму імя па актуальнай тады традыцыі («Энгельс, Ленін, Маркс»), а магчыма, і не: малодшы брат Герман настойваў, што імя Элему выбралі ў гонар галоўнага героя рамана Джэка Лондана «Час-не-чакае» Элама Харніша.

Вайна падышла да самага яго ганку — васьмігадовага Элема і яго маці з братам-немаўлём эвакуявалі са Сталінграда на Урал падчас наступлення немцаў. У памяці будучага мастака засталася сцэна начной паромнай пераправы: «Калі цягнік загрузілі на паром, каб пераправіцца цераз Волгу, з сярэдзіны ракі я пабачыў, як гарэў горад. А навокал вада ўспухала ад бомбаў. І таксама гарэла». Пазней гэты ўспамін стане адным з матываў здымаць свой самы вядомы фільм.

Фота: rbc.ru

Ён спакойна мог бы не стаць рэжысёрам: Клімаў скончыў Маскоўскі авіяцыйны інстытут і нават пэўны час адпрацаваў інжынерам-канструктарам. Але ў гэты ж самы час ён адкрывае для сябе мастацтва экрана — супрацоўнічае з Цэнтральным тэлебачаннем і Усесаюзным радыё. А ўрэшце кідае працу і паступае ў інстытут кінематаграфіі.

Тут ён сустракае дзяўчыну, за якой хадзіла і будзе потым хадзіць слава адной з самых прыгожых жанчын у савецкім кінематографе — Ларысу Шапіцька. Маладзейшая за яго на пяць гадоў украінка з данецкага Арцёмаўска напачатку і думаць не хацела пра рамантычныя адносіны: уся цалкам яна аддавалася кіно. Гэтая адданасць кіно, як бы пафасна ні гучала, стане іх супольнай апантанасцю да канца жыцця.

Шанец наблізіцца да дзяўчыны выпадзе Клімаву, калі яна на сваім выпускным курсе, у 1963 годзе, падчас працы над дыпломным фільмам «Спякота» («Зной») у Кіргізіі захварэе на жаўтуху. Клімаў далікатна прапанаваў сваю дапамогу і завяршыў працу над яе фільмам. У тым жа годзе яны ажаніліся.

Тандэм Клімава і Шапіцька стане самым яркім і бескампрамісным у савецкім кіно.

Абое — перфекцыяністы, зацятыя працаголікі, яны адначасова і спаборнічалі, і натхнялі адно аднаго. Дыпломная праца Клімава «Ласкава запрашаем, ці Пабочным уваход забаронены» з яе гратэскным адлюстраваннем хрушчоўскай эпохі, выклікала фурор у маскоўскай публікі. І першыя прафесійныя праблемы. Яшчэ на стадыі падрыхтоўкі сцэнарыя супраць яго рэалізацыі выступіў сам рэктар інстытута кінематаграфіі Аляксандр Грошаў. На шчасце, ён быў не самым уплывовым чалавекам ва ўласным інстытуце, і працу над фільмам Дзяржкіно дазволіла. Хоць і ўсяляк імкнулася перастрахавацца. Таму на здымкі да Клімава выязджала дадатковая камісія адглядаць зняты матэрыял, і рэжысёру ўвесь час працы над фільмам прыходзілася вытрымліваць уколы падазрэнняў: «у сцэне з «пахаваннем» бабулі ці не Хрушчова вы так метафарычна «хаваеце»?». Нарэшце, прыхільнікі творчасці Клімава дамагліся, каб фільм паказалі самому Хрушчову, і толькі пасля яго станоўчай ацэнкі ён атрымаў пракатнае пасведчанне. Але ненадоўга — даволі хутка фільм знялі з пракату.

Наступны фільм Клімава — «Прыгоды зубнога доктара» — адразу ж ляжа на паліцу за высмейванне савецкай рэчаіснасці. Пад цэнзурны нож трапіць і праца яго жонкі — у фільме «Ты і я» ёй забароняць здымаць Уладзіміра Высоцкага і Бэлу Ахмадуліну, фільм выйдзе з Юрыем Візбарам і Алай Дзямідавай.

Узыходжанне

У 1973 годзе ў пары народзіцца адзінае дзіця — сын Антон. Праз два гады пасля нараджэння сына Ларыса Шапіцька возьмецца за экранізацыю рамана Васіля Быкава «Сотнікаў». Фільм атрымае назву «Узыходжанне» і стане неймаверна паспяховым — гэта першы савецкі фільм, што атрымаў «Залатога мядзведзя» на Берлінскім кінафестывалі.

Але шлях яго да экрана таксама ляжаў праз забароны. Рэцэнзенты палічылі, што экзістэнцыйнай драме пра двух беларускіх партызан рэжысёрка надае форму біблейскай прыпавесці. «Паглядзіце, — заўважалі яны, — як падобны ваш Сотнікаў да Хрыста». А Рыбак — відавочна Юда. Да таго ж гэты перазвон, што так і рвецца аднекуль у кадр… Пятро Машэраў асабіста ўмяшаўся ў справу — і карціну пусцілі на экраны.

Постар да фільма Ларысы Шапіцька «Узыходжанне». Фота: kinopoisk.ru

Увесь гэты час Элем Клімаў вельмі мала здымае. Пару сюжэтаў для кіначасопіса «Фіціль», дакументальна-пастановачны «Спорт! Спорт! Спорт!». Тэма спорту, дарэчы, не выпадковая ў яго творчасці: сын настаўніцы фізкультуры, ён сам захапляўся спортам, захапіў і малодшага брата Германа — той стаў майстрам спорту міжнароднага класа, уваходзіў у зборную СССР па лёгкай атлетыцы.

Яшчэ — пакутная «Агонія» пра апошнія дні Грыгорыя Распуціна, запланаваная ў Дзяржкіно аж у 1966-м, прынятая з чужых рук, перапрацаваная з нуля, перазнятая ў 1973—1974-м і ўрэшце ўсё роўна пакладзеная на паліцу на некалькі гадоў.

Нарэшце Клімаў — амаль адначасова з працай жонкі над «Узыходжаннем» — вырашае таксама зняць свой ваенны фільм. Узгадваў, што прыняў гэтае рашэнне з-за дзіцячых успамінаў пра заліты агнём Сталінград. А таксама з-за напружанасці, што вісела ў атмасферы ў часы халоднай вайны. Метад выбару матэрыялу для працы і ў яго, і ў Ларысы Шапіцька можна назваць інтуітыўным: карціна павінна паўстаць неяк сама, нарадзіцца з трывожнай нявыказанасці, паўстаць перад творцам і не даць яму больш сілаў ні на што іншае. Шукаючы варты матэрыял для тэмы фільма, аднойчы Клімаў прачытаў «Хатынскую аповесць» незнаёмага яму аўтара — Алеся Адамовіча. Яна стала першым штуршком, можна сказаць, першым уваходжаннем у матэрыял. Потым ён чытае «Я з вогненнай вёскі» — і яго працінае гэты боль, пульсацыю якога ён перанясе ў карціну.

Ён чытае гэты дакументальны раман некалькі разоў. Потым будзе глядзець дакументальныя запісы сведак, сустрэнецца з людзьмі, якія ўсё гэта перажылі. Яго працінаюць вочы старога, што стаяў у адным з тых хатынскіх хлявоў, калі немцы сказалі: «Хто без дзяцей — выхадзі!» І ён не вытрымаў, выйшаў, пакінуўшы ў хляве жонку і малых дзяцей.

Сышла на досвітку

У гэты самы час Ларыса Шапіцька становіцца зоркай сусветнага кінематографа. Прэміі ад Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы і экуменічнага журы за «Узыходжанне», запрашэнне ў журы Берлінскага кінафестывалю. А Дзяржкіно забараняе Клімаву здымаць фільм.

Першапачаткова драма называлася «Забіце Гітлера», і гэтая назва задумвалася як шматзначная: забіце яго таксама і ў сабе. Сцэнарый, напісаны сумесна з Адамовічам, быў горача падтрыманы Машэравым, але гэтая падтрымка знікла, калі Машэраў з’ехаў на лячэнне ў Маскву. Ужо была сабраная здымачная група, ішоў выбар натуры і падбор акцёраў. Падлетка Флёру мусіў іграць 15-гадовы хлопец з Сібіры, які здолеў на пробах перадаць неверагодныя пакуты свайго героя.

А Дзяржкіно не зацвердзіла сцэнарый. Акрамя эстэтыкі бруду, рэцэнзентам не спадабалася сцэна са спаленнем вёскі — паколькі яна не перадавала «размах партызанскага руху», сцэна з адмовай Флёры стрэліць у вобраз немаўляткі-Гітлера — паколькі яна праяўляла «усёдаравальніцтва, абстрактны гуманізм і някласавы падыход». Ультыматыўныя патрабаванні Дзяржкіно прыбраць усе спрэчныя сцэны Клімаў адвяргае, бо гэта забівала сэнс усяго фільма. Змаганне з цэнзарамі прыводзіць рэжысёра да нервовага зрыву, хваробы — цела пакрываецца язвамі, ён ледзьве можа хадзіць.

Паміж паспяховай Шапіцька і зацкаваным Клімавым здараецца непаразуменне, ён на нейкі час сыходзіць з дому. Але ненадоўга: жонка знайшла неабходныя словы. Клімаў зноўку вяртаецца да працы — яму яшчэ раз даручаюць пераздымаць «Агонію».

1979 год. Ларыса Шапіцька пакідае кватэру раніцай 2 ліпеня, не пабудзіўшы мужа, едзе разам з аператарам, мастаком і іх асістэнтамі выбіраць месцы для новага фільма «Развітанне з Мацёрай» па аповесці Валянціна Распуціна. Яны выехалі вельмі рана. Міліцыянер на ўзбочыне бачыў, як міма па парабале праносіцца «Волга», у якой усе спалі. Кіроўца грузавіка з прычэпам, нагружаным цэглай, пабачыў машыну здалёк, знізіў хуткасць, нават зусім стаў на ўзбочыне. Усё дарэмна. Загінула ўся здымачная група.

«Знайдзі мне цытату ў Бібліі»

Наступным фільмам Элема Клімава будзе дакументальная стужка «Ларыса», прысвечаная памяці жонкі. Потым — завершаны за ёй фільм па «Развітанні з Мацёрай», пераназваны ў проста «Развітанне». Потым «Агонію» нарэшце прадаюць за мяжу, а праз пару гадоў выпускаюць і на савецкія экраны.

І дазваляюць зняць той самы фільм.

Клімаў згаджаецца толькі на адзін кампраміс — памяняць назву. Тэлефануе брату Герману і просіць яго хутка пагартаць Біблію ў пошуках прыдатнай фразы. Праз дваццаць хвілін той знаходзіць у «Апакаліпсісе»: «і калі Ён зняў чацвёртую пячатку, я чуў голас чацвёртай істоты, які казаў: ідзі і глядзі».

«Вось твая тумбачка, твая маці памерла…»

Аляксей Краўчанка быў падлеткам, добра знаёмым з дзіцячым пакоем міліцыі. Бязбацькавіч, хуліган, гітарыст.

За кампанію з сябрам, які па радыё пачуў аб’яву, што «Масфільму» патрэбныя светленькія, блакітнавокія хлопчыкі, паехаў на кінастудыю. У фае было бітком светленькіх блакітнавокіх хлопчыкаў, паміж якімі хадзілі асістэнты і разглядалі твары. Краўчанка стаў адчуваць, што да яго падыходзяць усё часцей. Раз, другі, трэці, на чацвёрты ён за нейкім чортам памяняўся з сябрам вопраткай. Нарэшце яго падвялі да акна, каб пераканацца — так, сапраўды, вочкі блакітныя. Давайце паспрабуем.

У асобным пакоі стаіць чалавек восем. Яму кажуць: так, вось твая кушэтка, вось твая тумбачка, твая маці памерла… «Адкуль у мяне з’явіліся слёзы, нават сам не ведаю, — узгадваў акцёр. — Напэўна, ад здзіўлення, што так рэзка…» Пачаліся пробы. Адна, другая, трэцяя.

Аднойчы Элем Клімаў даў Аляксею паглядзець дакументальныя кадры, знятыя ў канцлагеры. А потым прапанаваў чаю з торцікам. Хлопец не змог есці. Гэта была праверка, прызнаецца потым рэжысёр, на эмацыйную чуласць.

Потым пачаліся здымкі. Клімаў запатрабаваў ад хлопца моцна схуднець, і той худнеў — 48 гадзін у тыдні галадаў, а з месца жыхарства на месца здымак дабіраўся бегам — туды і назад. «Гатовы быў разарваць сябе, спаліць — зрабіць усё, што неабходна для фільма», — узгадваў потым Краўчанка. Але Клімаву быў патрэбен нармальны, здаровы хлопец, які не ляжа ў псіхушку пасля перажытага. Адмыслова дзеля эмацыйнага эфекту пад акцёра арганізавалі асаблівую сістэму здымак: усе сцэны фільма здымаліся ў храналагічным парадку, адна за адной, і ўсе дзевяць месяцаў працы трынаццацігадовы падлетак пражываў тыя некалькі дзён хлопчыка Фларыяна. Некалькі дзён, за якія ён з усмешлівага падлетка ператвараўся ў старога, «які пражыў гадоў дзвесце».

Элем Клімаў з Аляксеем Краўчанкам. Фота: kino-teatr.ru

Увесь гэты час з хлопцам працаваў псіхолаг, які навучаў яго методыкам абароны і кіравання сабой. Для адной са сцэн, калі Флёра, даведаўшыся пра забойства немцамі яго маці, страчвае розум, Клімаў меркаваў выкарыстаць дапамогу гіпнатызёра. Краўчанка, аднак, у апошні момант адмовіўся, вырашыўшы зрабіць усё сам.

Чалавечы крык

На момант здымак прайшло сорак год пасля вайны, але ўсё навокал працягвала дыхаць, балець той вайной — варта было толькі дакрануцца ўзгадкай, успамінам. Здымкі праходзілі ў Бярэзінскім запаведніку, і большасць акцёраў была мясцовымі жыхарамі, якія памяталі вайну.

Аднойчы ў галоўнай сцэне спалення вёскі асістэнты рэжысёра былі незадаволеныя масоўкай. Мясцовыя бабы і мужыкі няўцямна мычалі, сагнаныя ў хляве. Тады адзін з акцёраў, што іграў нямецкага аўтаматчыка, даў чаргу халастымі ў паветра. «З хлява пачуўся такі чалавечы крык, зымітаваць які не ўдалося б ніякаму акцёру», — успамінаў Клімаў.

Элем Клімаў падчас здымкаў фільма «Ідзі і глядзі». Фота: Яўгена Коктыша.

Галоўную ўвагу рэжысёр надаваў натуралістычнасці, праўдзівасці знятых сцэн. Практычна ўсе яны павінны былі прайсці ацэнку Алеся Адамовіча: «Так. Сапраўды, так і было». Гэтым тлумачыўся і выбар непрафесійных акцёраў, што мусілі не іграць, а жыць. Адзіны адыход ад сапраўднасці рэжысёр зрабіў падчас агучвання, і Флёра замест беларускай мовы стаў гаварыць, перамешваючы беларускія словы з рускімі — рэжысёр палічыў, што іначай гледачы ў Расіі проста нічога не зразумеюць.

Фільм, аднак, не быў зусім завершаны. З-за храналагічнасці здымачны працэс зацягнуўся да позняй восені, і таму ў апошніх кадрах фільма партызанскі атрад сыходзіць з лета ў зімовы лес. А апошняй сцэнай мусіла стаць сцэна бою партызан з карнікамі на тым самым балоце — «апакаліптычная сцэна на гіганцкім тарфяным балоце з лесам, цудам захаваным на ім, вакол якога ідзе бой роўных сілаў: немцаў і партызан — няма куды ўбок крочыць, сысці, уцячы, таму што правалішся ў палаючы торф, як у пекла, і няма гэтаму бою канца, бой ідзе да поўнага знішчэння. Сонца як быццам бы спынілася над лесам і чакае, калі людзі даб’юць адзін аднаго. А тут жа і мірныя жыхары, і каровы, і дзеці, і параненыя — адным словам, канец свету». Клімаў з лёгкасцю, аднак, адмовіўся ад гэтай сцэны: ён палічыў, што гледачы маглі б яе не вытрымаць. Яны не вытрымлівалі і без яе — часам на паказах фільма людзям рабілася блага, каля кінатэатраў дзяжурыла хуткая.

Постары да фільма «Ідзі і глядзі». Фота: kinopoisk.ru.

Апошні фільм

Гэта быў апошні фільм Элема Клімава. Рэжысёр узыдзе на вяршыню сусветнага прызнання, яму давераць узначальваць Саюз кінематаграфістаў і разганяць Дзяржкіно СССР. У пачатку 1990-х ён возьмецца за экранізацыю «Майстра і Маргарыты» Булгакава, «Бесаў» Дастаеўскага, але справа не пойдзе далей за сцэнарый — настануць іншыя часы ў кінематографе, у якіх Клімаў не зможа працаваць. Рэжысёра не стане ў 2003-м.

Аляксей Краўчанка, той самы Флёра, кіне школу пасля восьмага класа. Каб не сядзець на шыі ў маці, стане фрэзероўшчыкам, адпрацуе на заводзе, адслужыць тры гады на флоце, але вернецца ў акцёрскае рамяство. За ягоным лёсам уважліва будзе сачыць Клімаў — і падбадзёрваць, хваліць за ўдалыя ролі. Цяпер Краўчанка — выпускнік тэатральнай вучэльні імя Шчукіна, запатрабаваны акцёр ваенных драм і баевікоў, лідар музычнага гурта «Гуарана». Як і павінен быў, галоўны рэжысёр у яго жыцці абараніў ягоную псіхіку, стаў настаўнікам і прыкладам.

***

«Вакол бацькоў была містычная аўра»

Антону, сыну Клімава і Шапіцька, цяпер 48 гадоў. Мамы не стала, калі хлопчыку было 6, яго выхоўвалі тата і бабуля. Антон скончыў міжнароднае аддзяленне факультэта журналістыкі МДУ, потым працаваў музычным журналістам.

Спрабаваў сябе ў прадзюсіраванні артыстаў: Лінды і Міхаіла Шуфуцінскага. Піша прозу. Збіраецца выдаваць бацькаву спадчыну: не толькі фільмы, але і вершы, гутаркі, нерэалізаваныя сцэнарыі. У адной з гутарак Антон падзяліўся вершам Элема Клімава:

«Кино, кино. Для меня по крайней
мере оно закончилось давно.
Вот почему я и открыл на склоне лет
себе другие двери.
О чем я сожалею? Что мне рожать
природой не дано.
А так мне хочется отца возобновить!
Ларису, Пушкина, Васю Шукшина,
застреленного зайца на опушке.
Всех возродить, кого-то нового
родить.
Но не дано, одно кино».

Цяпер Антон многа піша пра бацькоў, успамінае цікавосткі. Напрыклад, пра тату: больш за адзін фільм у год яму не падабаўся, тата меў выдатнае пачуццё гумару, яго любілі жанчыны… Або пра маці: яна была неверагодна прыгожай, жыла багатым духоўным жыццём і пры гэтым вельмі сачыла за модай, захапляла сваім стылем нават французаў. Верыла ў рэінкарнацыю — перасяленне душ…

Элем Клімаў і Ларыса Шапіцька з сынам Антонам. 1974 год. Фота: mosjour.ru.

«Вакол бацькоў заўсёды была нейкая містычная аўра. Вось прыклад, які мне распавядаў сам бацька. Падчас адной з маміных паездак у Галівуд акцёр Дональд Сазерленд падарыў ёй наручны электронны гадзіннік. Мама аддала яго бацьку. Аўтакатастрофа, у якой загінула мама, бацьку прыснілася, і менавіта напярэдадні: у сне на чорную «Волгу» ляцеў грузавік. Бацька прачнуўся ад жаху. Паглядзеў на гадзіннік — ён ляжаў побач на тумбачцы. Гадзіннік спыніўся. Як потым высветлілася, роўна ў той час адбылася трагедыя. Я веру ў такія рэчы, у тое, што свет эзатэрычны і рэальны пераплецены…»

***

Нашто глядзець «Ідзі і глядзі»? Бо ўсё гэта можа паўтарыцца

Дзмітрый Быкаў пра кнігу «Я з вогненнай вёскі», прозу Алеся Адамовіча і фільм «Ідзі і глядзі»

Чытаць «Я з вогненнай вёскі» фізічна немагчыма! Гэта няможна памысліць! Там прыводзяцца без найменшых змяненняў такія дэталі, такія цытаты, з якімі не можа жыць чалавек!

Экранізацыя «Хатынскай аповесці» значна больш вядомая, чым сама «Хатынская аповесць», гэта фільм «Ідзі і глядзі», прызёр Маскоўскага кінафестывалю, апошняя кінаработа Элема Клімава. Увогуле, цікава, чаму Клімаў і Адамовіч вось так сышліся: прыхільнік крайняй дакументальнасці Адамовіч і крайняй вынаходлівасці, на мяжы фантасмагорыі, Клімаў.

І я вам шчыра скажу, што больш страшнай карціны, чым «Ідзі і глядзі», не з'яўлялася ніколі. Я сваім студэнтам заўсёды забараняю глядзець гэтую карціну, але, на жаль, гэта самы надзейны спосаб прымусіць усіх яе паглядзець, і пасля гэтага ніхто ніколі не будзе ранейшым. Я бачыў дзеянне гэтай карціны на свае вочы. Мала таго, што я сам, паглядзеўшы яе, праехаў Масфільм, свой прыпынак, і даехаў да Кіеўскага вакзала, і толькі там зразумеў, што еду не туды. Але пры мне глядзець гэтую карціну зайшла п'яная кампанія тагачаснай моладзі. Ужо тады гопнікаў было поўна, гэта 1985 год, і вось яны пайшлі ў кінатэатр «Зорны», у іх бутэлькі «Жыгулёўскага» піва ў руках, і яны вясёлыя такія прыйшлі. Вы б бачылі, якія яны выйшлі з гэтага фільма!

Я памятаю, яго маці мая пайшла глядзець, я думаю: ну ўсё, яна выйдзе сама не свая. Маці выйшла якраз адносна спакойная, сказала: «Гэта знаходзіцца за гранню мастацтва, з нейкага моманту я гэта зразумела і перастала на гэта рэагаваць». Так, гэта сапраўды знаходзіцца за гранню мастацтва. Але Адамовіч і лічыў, што ўсё ХХ стагоддзе знаходзіцца за гранню чалавечнасці.

Таму, калі ўсіх жыхароў вёскі зганяюць ў хлеў і падпальваюць гэты хлеў, тое, што адбываецца ўнутры гэтага хлява, нельга сабе ўявіць, нельга здымаць, нельга апісваць. Гэта знаходзіцца за гранню ўсяго.

І сапраўды, чалавек, паводле Адамовіча, скончыўся. Былі людзі, якія спрабавалі справіцца з гэтым адчуваннем, як Васіль Быкаў, знайсці апору ў гісторыі, успомніць інквізіцыю, якую чалавек таксама перажыў, антычнасць, ахвярапрынашэнні інкаў. Так, такое было, але гэта было калі? А тут гэта было на нашых вачах, сярод людзей, якія чыталі «Гамлета» і «Фаўста», разумееце, сярод людзей, якія жылі вось тут, па суседстве. Вось гэта немагчыма ўцяміць — тое, што чалавек не змяняецца. І кніга Адамовіча, яна прасякнута жахам і адчаем самой думкі аб нязменнасці прыроды чалавека.

Тэксты ўзятыя з радыёперадачы «Адзін» і праграмы цыклу «Сто гадоў — сто лекцый» канала «Дождь»

 

Комментарии36

Сейчас читают

Трамп отложил на две-три недели усиление санкций против России после переговоров с Путиным19

Трамп отложил на две-три недели усиление санкций против России после переговоров с Путиным

Все новости →
Все новости

Лукашенко пригласил Трампа с семьей в Беларусь12

В Могилеве «Мерседес» протаранил «Табакерку»1

«Доехать семье до Вильнюса и обратно, отдав более 1,5 тысячи рублей — звучит из области фантастики, но это превращается в реальность»6

«Обсуждаем вопрос об освобождении еще 1300 заключенных». Трамп рассказал, о чем говорил с Лукашенко44

Лукашенко и Трамп поговорили по телефону19

В Жабинковском районе снова горела православная церковь

«Ситуация нормализуется не раньше осени». Офис Тихановской планирует переговоры с Литвой насчет автобусов7

Нину Багинскую включили в «список экстремистов»1

«Не соответствует новой концепции». В Вильнюсе из музея убрали экспозицию, посвященную Якубу Коласу1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп отложил на две-три недели усиление санкций против России после переговоров с Путиным19

Трамп отложил на две-три недели усиление санкций против России после переговоров с Путиным

Главное
Все новости →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць