Архіў

Цела з жывой галавой

На сцэне — лаянка, у залі — піва: гэтак выглядае «Беларуская самаідэнтыфікацыя». Пра новую пастаноўку Свабоднага тэатру піша Антон Трафімовіч.

Сумесь піва, закускі, цыгарэтнага дыму ў імправізаванай залі з будаўнікамі, расейскім матам і лямпачкамі замест бутэлек на імправізаванай сцэне. Што гэта такое? Ня што іншае, як спэктакль «Мы. Самаідэнтыфікацыя» «Свабоднага тэатру» (рэжысэр Уладзімер Шчэрбань). Менавіта ў такой не зусім звычайнай форме адбыўся паказ спэктаклю, які стаў вынікам праекту «Мы» — конкурсу сярод беларускіх драматургаў, у творах якіх даецца адказ на пытаньне «Хто такія беларусы?».

Адчуваньня таго, што ты ў тэатры, перад пачаткам спэктаклю не было. Перад уваходам не стаялі сур’ёзныя мужчыны ў касьцюмах і прыбраныя жанчыны. Квіткоў не пыталіся. Зайшоўшы ўнутр, падумаў, што не туды трапіў: людзі п’юць піва, ядуць, мітусяцца. Тэатрам нават і ня пахла — пахла дымам ад цыгарэт. Атмасфэра была больш падобная да ангельскага пабу. Але ўрэшце перад наведнікамі клюбу зьявіліся арганізатары і рэжысэр, і ўсё стала на свае месцы.

«Прапусьціце актораў!» — раздалося ў залі, і чатыры чалавекі ва ўніформе будаўнікоў з каскамі на галовах праз забітую залю прасунуліся ад дзьвярэй наперад, да вольнае прасторы перад столікамі. Вось гэтае «наперад» (больш-менш шырокая пляцоўка) і сталася месцам разгортваньня асноўных падзей. І людзі ў дзіўнай вопратцы сталі акторамі, наведвальнікі клюбу — тэатральнымі гледачамі, а невялічкі менскі клюб — сапраўдным тэатрам.

Але на гэтым ня скончыліся незвычайныя рэчы. Акторы адразу пачалі размаўляць на трасянцы, з выкарыстаньнем расейскай лаянкі. Уся рэч у тым, што пры падрыхтоўцы п’есы аўтар пабываў на будаўнічай пляцоўцы і запісаў на дыктафон размовы рабочых, зрабіўшы іх часткаю свайго твору. Для клясычнага тэатру гэта было б недапушчальна. Але не забывайцеся — гэта «Свабодны тэатар», а значыць, тут няма абмежаваньняў.

Наагул, у гэтай пастаноўцы адхіленьняў ад паняцьця «нармальна» хапала. Усе прадметы побыту замяняюцца нейкімі сымбалічнымі сурагатамі. Бутэлька — лямпачка, бутэрброд — цьвік.

Падзеі адбываюцца хутка. Паміж сабою яны ня зьвязаныя. Спэктакль складаецца зь невялікіх бытавых сцэн, якія перарываюцца будаўнікамі, што адбіваюць рукамі такт па касках на галовах. А пасьля — дыялёгі, дзе няма нейкіх альтэрнатыўных мацюкам выразаў.

Гледачы спачатку сьмяюцца з жывой размовы будаўнікоў, а пасьля асэнсоўваюць маналёг «цела з жывой галавой» пра рабства людзей у сёньняшнім грамадзтве.

Акторы, драматург, рэжысэр, ідэя — усё ў спэктаклі беларускае. Адзінае, што выбіваецца з гэтага шэрагу, — расейская мова. Але, паводле слоў арганізатараў, сёньня рыхтуюцца пераклады на беларускую мову дванаццаці п’есаў. Прычым пераклады павінны выйсьці «лепшымі за арыгінал».

«Свабодны тэатар» — праект, арганізатарамі якога зьяўляюцца Гільдыя беларускіх драматургаў і сцэнарыстаў, тэатар-студыя «Малы тэатар» і іхныя прадстаўнікі Натальля Каляда, Андрэй Курэйчык, Мікалай Халезін. 27 кастрычніка былі падведзены вынікі першага міжнароднага конкурсу сучаснай драматургіі, у якім узяў удзел 141 аўтар зь дзевяці краін свету. На цырымоніі ўзнагароджваньня адбылася і прэм’ера спэктаклю «Мы. Самаідэнтыфікацыя».

Каментары

Цяпер чытаюць

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі ВІДЭА124

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Што будзе з домам у Гомелі, дзе выбухнуў газ і загінула жанчына пад абломкамі?3

Вось як працуюць новыя мабільныя камеры на дарогах Міншчыны3

Ціханоўская пра Бабарыку і Калеснікаву: Не бачу праблемы, калі яны будуць развіваць сваю партыю21

Ва Украіне яшчэ адна гучная карупцыйная справа. Сярод падазраваных — дэпутаты «Слугі народа»6

280 парушэнняў! ДАІ злавіла вельмі недысцыплінаванага кіроўцу3

Пуціну паведамілі пра захоп Гуляйполя3

Міндзіча — фігуранта гучнай карупцыйнай справы ва Украіне і паплечніка Зяленскага — знайшлі ў Ізраілі. Што ён сказаў?2

Балет пра Марка Шагала паставяць у Вялікім тэатры

Пуціла і Бяспалаў зняліся ў новым кліпе «Дай дарогу!»13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі ВІДЭА124

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць