Грамадства99

Цуранаў у адказ Бандарэнку: «Я ніколі б не здымаў Pussy Riot»

«Шакаваны рашэннем журы Belarus Press Photo прысудзіць Гран-пры супрацоўніку газеты „На страже“ Вячаславу Цуранаву. Магчыма, нехта ў гэтых здымках з Жодзінскай турмы угледзеў глыбокі філасофскі сэнс. Я бачу ў іх сведчанне таго, што супрацоўнік-фатограф Цуранаў стаў як мінімум саўдзельнікам катаванняў і здзекаў з вязняў. Абсалютна ясна, што гэтая дзікая фотасесія з дурным крэслам у дворыку для шпацыраў не была добраахвотнай. Зняволеныя не глядзяць у аб’ектыў, а іх рукі ў мароз скаваныя за спіной кайданкамі. Калі я сядзеў у карцары турмы КДБ, мне „пашчасціла“ шпацыраваць у кайданках у 15-градусны мароз. Магу сказаць, што гэта самае сапраўднае катаванне», — напісаў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка. Ён таксама звінаваціў журы конкурсу ў тым, што яно «вырашыла прысудзіць Гран-пры супрацоўніку міліцэйскай газеты, каб альбом не быў прызнаны ўладамі экстрэмісцкім, як гэта здарылася з выданнем 2011 года».

«У газеце мы звычайна рыхтуем матэрыялы і пра зняволеных і пра супрацоўнікаў калоній, — каментуе сітуацыю Вячаслаў Цуранаў. — Бо праца апошніх таксама вельмі складаная і небяспечная. Можна паехаць па заданні, можна праявіць ініцыятыву, і ў газеце выйдзе вялікі матэрыял.

Канечне, я маю свае густы і прынцыпы. Напрыклад, я ніколі б не здымаў Pussy Riot, у тым ліку калі б была магчымасць фатаграфаваць іх за кратамі. Меркаванне гледачоў для мяне таксама важна, але ў першую чаргу я прыслухоўваюся да таго, што кажуць прафесіяналы. Ацэнка журы для мяне вельмі важная».

Да сваёй перамогі Вячаслаў ставіцца вельмі спакойна. «Я і раней займаў прызавыя месцы ў конкурсе „Прэс-фота Беларусі“, але гран-пры атрымаў упершыню. У той жа час, я не перастаю вучыцца фатаграфіі, заўсёды гляджу, што і як робяць калегі. А што тычыцца маіх здымкаў, то густы людзей хутка змяняюцца: сёння падабаецца, заўтра — не. Пра вартасць такой працы трэба гутарыць год праз дзесяць».

Сябра журы, фатограф Associated Press у Беларусі Сяргей Грыц кажа, што таксама паставіў серыі Цуранава найвышэйшы бал. «Я лічу гэтую серыю прафесійнай журналісцкай работай, аўтар на ўсе сто адсоткаў выкарыстаў свае магчымасці і кантакты для таго, каб раскрыць тэму і найлепш аформіць яе. Трэба разумець, што ўсе такія здымкі праводзяцца па ўзгадненні з адміністрацыяй і з самімі зняволенымі. У выніку ж атрымаўся сапраўды выбітны матэрыял.

Прафесійныя фотажурналісты на выбар журы не нападаюць, — працягвае Грыц. — Каментуюць тыя, каму няма чаго рабіць. Гэта як шум на футбольным полі: усе з трыбун крычаць, што і як рабіць спартоўцам.

Магчыма, такая рэакцыя ўзнікла яшчэ і з-за таго, што далёка не ўсе разумеюць прынцып судзейства. Калі аўтары дасылаюць свае працы на конкурс, яны пазначаюць імя толькі ў анкеце, пісаць сваё імя і прозвішча ў подпісах да фота забаронена. Пасля таго, як арганізатары атрымалі ўсе здымкі, яны надаюць кожнаму аўтару ўнікальны код і змяняюць імёны ўсіх здымкаў. Менавіта ў такім выглядзе — з подпісамі, але без імёнаў — фота атрымлівае журы. Прафесіяналы абіраюць здымкі, і найлепшыя трапляюць у шорт-ліст. Далей у журы ёсць некаторы час, каб размеркаваць балы, арганізатары падлічваюць іх і абвяшчаюць вынікі. І толькі тады становяцца вядомымі імёны пераможцаў.

Сёлета ў журы ўвайшлі ваенны фатограф Юрый Козыраў, намеснік кіраўніка конкурсу World Press Photo Мартэн Коэс, дырэктар фотаслыжбы «Рускага рэпарцёра» Андрэй Паліканаў, шэф маскоўскага бюро Associated Press Аляксандр Землянічанка, фатограф і дырэктар па міжнародных сувязях і развіцці EPA Марыя Манн, прэзідэнт Клуба прэс-фота Літвы Ёнас Стасэліс, фатограф Associated Press у Беларусі Сяргей Грыц.

Безумоўна, вынікі конкурсу залежаць ад складу журы. Па словах арганізатара Вадзіма Заміроўскага, ён пільна сочыць за балансам і імкнецца запрасіць прафесіяналаў з розных сфер фатаграфіі.

«У нас ёсць спецыяльны зачынены сайт, доступ да якога маюць толькі арганізатары і журы, — кажа Вадзім Заміроўскі. — Туды мы выкладаем здымкі, і ў каментарах ідзе абмеркаванне і ставяцца балы. Пасля цырымоніі гэтыя звесткі не знікаюць, то бок увесь працэс галасавання ёсць на гэтым сайце. Але я спадзяюся, што да публічнага абмеркавання гэтых дадзеных у нас не дойдзе».

Вадзім паведаміў, што ўчора яму тэлефанавала незнаёмая жанчына, якая выказала спадзяванні, што праект «Прэс-фота Беларусі"будзе як мага хутчэй зачынены, а імёны пераможцаў — выкрэсленыя з гісторыі беларускай журналістыкі.

«Выглядае гэтая істэрыя так, быццам рэпер з Брукліну прыйшоў у оперу і выказвае незадаволенасць рэчытатывам выступоўцаў», — усміхаецца Вадзім.

Каментары9

Цяпер чытаюць

Мсціслаў Мекта: яшчэ адзін рэцыдывіст рвецца ва ўладу, прыкінуўшыся спецназаўцам-ябацькам15

Мсціслаў Мекта: яшчэ адзін рэцыдывіст рвецца ва ўладу, прыкінуўшыся спецназаўцам-ябацькам

Усе навіны →
Усе навіны

Міліцыя распрацавала свой мабільны дадатак для прыёму паведамленняў ад грамадзян3

Антыперспірант: наносіць раніцай ці перад сном? Вось правільны адказ2

Турэцкі лаўрэат прэміі Чэчкі быў у захапленні ад Беларусі і рэжыму ў ёй. А пасля трапіў на Акрэсціна20

У Беларусь з Расіі спрабавалі ўвезці больш за тону біўняў мамантаў

У Польшчы сталі разганяць, што беларускія і ўкраінскія дактары давялі пацыента да смерці. Гэта аказалася фэйкам20

Ад шакаладнага сыру да вогненных бургераў: якія навінкі з'явіліся ў Беларусі2

Украінскі дэпутат: Звяржэнне рэжыму ў Беларусі — найлепшая дапамога для Украіны. Але аўтарытарныя рэжымы зносяцца толькі крывёй, а не лозунгамі37

У Мінску нарабілі шмат непатрэбных паркінгаў. Цяпер іх будуць перарабляць3

Платформа Kufar будзе па-новаму здымаць камісію за браніраванні

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мсціслаў Мекта: яшчэ адзін рэцыдывіст рвецца ва ўладу, прыкінуўшыся спецназаўцам-ябацькам15

Мсціслаў Мекта: яшчэ адзін рэцыдывіст рвецца ва ўладу, прыкінуўшыся спецназаўцам-ябацькам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць