Меркаванні77

Бывай, Пятручыа…

Камертон Сяргея Ваганава.

 

Паліў восеньскае лісце. Ёсць нешта салодка-сумнае ў тым, як, паміраючы, агонь з нейкім уздыхам ізноў падхопліваецца паветрам, дзе праз імгненне ўжо лётае лёгкі, нібы птушыны пух, попел…

Раптам пачуў: «Хавайце, усё хавайце…»

За дымам і не заўважыў, як прыпынілася ля плота вартаўніца Лена. Ну, якая вартаўніца? Лене ўжо за 80, з усяго дачнага насельніцтва яна мо адзіная не з’язджае ў горад, зімуе ў адзіноце. Не памятаю, каб з нейкай іншай прыказкі пачынаўся яе штогадовы абход…

«Што, ужо хаваць? Не зарана?» — «Хавайце… А сусед ваш памёр…» — Лена паправіла хустку і накіравалася да хаты, да новай зімы…

Усё ж памёр. Памёр Пятручыа. З вясны з’явіўся на свае соткі толькі аднойчы, намагаўся нават пакасіць страшэннае, у рост чалавека, быллё. Але адразу адклаў касу ўбок…

Я зірнуў на ягоную хатку. І толькі цяпер убачыў, як падобна яна да яго: такая ж маленькая, скасабочаная, па вокны ўрасла ў зямлю, нібыта патапталася, патапталася па ёй, як таптаўся па сваіх сотках Пятручыа, ды і стамілася…

Але дзе «Запарожац», дакладней, ягоны шкілет? І не заўважыў, калі ён кудысь падзеўся. Мо вывез на звалку?

Сямнаццаць гадоў… Божухна, ужо сямнаццаць гадоў, як я набыў тут дзеля народжанай унучкі недабудаванае, усё ў бадыллі, лецішча! «Не хвалюйцеся, усё будзе добра, па-суседску, — з першага ж знаёмства супакоіў Пятручыа і па-філасофску дадаў: — Зямлі, канечне, малавата. Але паветра хопіць на ўсіх…» З чаго ж хвалявацца? Вочы добрыя, усмешка чамусьці трошкі вінаватая, нязграбная старэчая постаць і салодкі, быццам вось такі восеньскі дым, пах таннага пітва…

Усе сямнаццаць гадоў яно і было ўсё добра, па-суседску, то бок ніяк. Кампаніі Пятручыа не шукаў, піў паціху ў адзіноце, а потым тупаў, нешта мармычачы сабе пад нос, па дачных вуліцах і лясных сцяжынках.

Насамрэч яго звалі Пятром Нікіфаравічам. Пра мянушку Пятручыа я даведаўся пазней, калі аднойчы ён проста так пачаў згадваць, як лятаў у Рым. Той палёт, па ягоных словах, быў першым, але прайшоў класна.

Чаму ж не класна? І «Ту-154» — «класная машына», і лётчык класны, пілот 1-га, як-ніяк, класа. «Лятаў… А потым адмовілі. Пасябраваў з італьянцам, таксама лётчыкам, Пятручыа зваўся. Ну і паклікалі туды…» — «Куды туды?» — «Куды, куды? Туды!»

Не, нездарма ён гаварыў пра паветра. Не хапіла на ўсіх…

Дарэчы будзе паведаміць, што садовае таварыства, да якога далучыўся і я, нарадзілася ў сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагоддзя на лясным балоце. Утварылі яго цывільныя лётчыкі. І я паспеў яшчэ пачуць, як яны асушалі і карчавалі тое балота, вырубалі хмызняк і хваравітае лясное сухоцце навокал; як лічылі і дзялілі соткі, а потым будавалі хаціны хто з чаго…

У тыя ж гады, кінуўшы дзяржаўную працу, атрымала свае 6 сотак і мая маці. Усю зіму цягалі мы на сабе неабгабляваныя дошкі, цяжкія лісты шыферу і фанеры, каб вясной хуценька збудаваць павець для лапатаў ды грабляў.

Цягалі, а я ўсё жартаваў: «Памятаеш, мама, як ты ў 45-м лятала да бацькі ў Германію, а потым захаплялася параўнаннем: «Калі ляціш над Польшчай, адразу заўважаеш, як зямля падзелена на лапікі. Іншая справа – нашы абшары, нашы калгасныя палі…»?

Маці так гаспадарыла на сваіх сотках, як быццам намагалася вярнуць доўг свайму сялянскаму паходжанню і кампенсаваць усё тое, што было не дабрана на калгасных палях. А вакол павеці для лапатаў з’явіўся спачатку адзін пакойчык з дошак, потым другі, потым яшчэ адзін нават пад самой страхой…

Мінулай восенню я апынуўся ў тых мясцінах і пайшоў паглядзець, ці пабудавалі там што новыя гаспадары, якім за год да смерці прадала лецішча сястра.

Здалёк яшчэ пацягнула дымам: падалося, што, як і паўсюль, там паляць лісце. Але, падышоўшы, убачыў, як дагараюць дошкі з хаты, стол, за якім збіралася ўся наша сям’я — бацькі, жонка, дачка, сястра, пляменнік; як чакаюць таго ж лёсу прапоратая саржавелымі спружынамі канапа, на якой любіў адпачываць бацька, і пацёртае ўтульнае крэсла, якое ў якасці трафея ён прывёз з вялікай вайны…

І вось стаю ля свайго вогнішча з восеньскага лісця, удыхаю салодкі дым… Каму ж паведаміць пра Пятручыа, што памёр? Галіну з Юрам наўрад ці тое ўсхвалюе. Схаваліся за высокім жалезным плотам у вялікім катэджы, пабудаваным на грошы з гандлю сантэхнікай, прарыпелі рассоўнымі варотамі, калі ўязджалі ў шыкоўным джыпе…

Пайшоў да калодзежа, мо сустрэну каго. А вось і Яўген Іванавіч корпаецца на градцы, таксама былы лётчык, тутэйшы майстра на ўсе рукі, чалавек трохі сквапны ў тым, што тычыцца бескарыслівай дапамогі. «Пятручыа памёр…» — «Памёр? — выпрастаўся Яўген Іванавіч, уваткнуў лапату ў зямлю. — Пойдзем свой «Мерсэдэс» пакажу… Вось, — ён расчыніў гараж, — усё лета працаваў».

Чорна-белы гарбыль «Запарожца» ззяў свежай фарбай і ганарліва насміхаўся жоўтым замежным нумарам на задзе. «Колькі гадоў стаяў раструшчаны! А зараз вось у грыбы буду ездзіць ды смецце на звалку вазіць…» — «З гэтым нумарам?» — «А што? Італія! Еўрасаюз!»

…Кінуў у тлеючы попел апошняе лісце — узнялося полымя, выбухнула, абдало твар гарачынёй і горкім дымам.

Бывай, Пятручыа! Яно і сапраўды зямлі малавата. Затое паветра хопіць на ўсіх…

Каментары7

Цяпер чытаюць

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні

Усе навіны →
Усе навіны

На свабодзе рэдактарка партала Tut.by Марына Золатава1

Вызвалілі праваабаронца Уладзя Лабковіча1

Віктар Бабарыка ў спісе памілаваных8

«Байсол» запусціў збор для палітвязняў, вызваленых 13 снежня2

Выйшлі на свабоду некалькі іншаземцаў і беларусаў з замежнымі пашпартамі1

Зяленскі: Беларусь аддала Украіне яшчэ пяць асуджаных украінцаў2

На свабодзе Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі9

Лукашэнка памілаваў 123 зняволеных9

Марыя Калеснікава выйшла на свабоду5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні73

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць