Меркаванні55

Не тыя, альбо Ці быў «Хлопчык з лебедзем»?

Адна з першых паштовак, прысвечаных вызваленню Мінска (з архіва аўтара)

У ліпені 1944 года маці пісала бацьку на фронт: «Мінск — гэта канчатковая мяжа маёй мары, мая кропка, адзіная і апошняя».

У мінулым — пекла чэрвеня 41-­га, сыход з горада пешшу на шостым месяцы цяжарнасці. І вось, праз тры гады, вяртанне з маленькім сынам…

«Тры дні, — піша яна далей, — хадзіла па такіх родных і такіх страшэнна чужых вуліцах… Людзей мала. І людзі не тыя».

Далей маці падрабязна піша пра тое, што захавалася па левым баку былых вуліцаў, па правым, а што знішчана ўшчэнт. У тым ліку дом, дзе яна жыла да вайны, да крушняў каторага ледзь дабралася праз кучы зямлі, цэглы і камянёў, каб убачыць пустэчу неба замест колішніх сваіх вокнаў…

Канчатковая мяжа мары.

…Усё ж дзівосная і недатлумачаная з’ява — штогод ладзіць 3 Ліпеня парады, ці то на Дзень незалежнасці, ці то на Дзень рэспублікі, ці то на дзень вызвалення Мінска ад нямецкай акупацыі.

Мы звыкла тлумачым гэтую блытаніну неадольным жаданнем кіраўніка краіны дэманстраваць сілу свайго ўладарання. Але адкуль у часткі сучасных гараджан тыпова савецкая звычка не задумвацца пра маральны змест і сэнс гістарычных падзей? Чаму ахоплівае іх радаснае ажыўленне і псеўдапатрыятычны энтузіязм? Чаму не заўважаюць фальшывасць, наўмыснасць трэцяліпеньскіх урачыстасцяў, а паказуху з танкаў, што гараць, з ракетавозаў, што ламаюцца, з трактароў, якія мала каму ў свеце патрэбны, лічаць за праяву памяці пра гераічную мінуўшчыну?

Так, памяць — вельмі моцны сродак захавання душы. І чалавека, і горада, і краіны.

Але ці ёсць яна, памяць, у сучаснага Мінска?

Ці ёсць у сучаснага Мінска душа?

«А са спуску да электрастанцыі, — піша матуля да бацькі, — і паміну няма, што калісьці тут быў горад…»

Сёння і паміну няма, што калісьці тут была электрастанцыя. Першая ў Мінску. То бок частка ягонай душы. Замест яе — выродлівы тромб…

Так, пасля вайны будавалі новы горад, але яшчэ жывую мінскую душу адразалі кавалкамі. І напрыканцы 80­-х гадоў мінулага стагоддзя на знешняе аблічча горада канчаткова быў наведзены ўзорны сацыялістычны глянец і бляск. І горад, што стаўся на месцы пахаванага пад крушнямі, дзіўным чынам злучыў цяжкую дымную індустрыю і казарменную непераборлівасць заводскіх ускраінаў з фальшывакласічнай эклектыкай цэнтра, аднастайнай нудотай мікрараёнаў, задзірлівым размахам праспектаў, плошчаў і выпіраючай адусюль камуністычнай лозунгавасцю…

Усё, ці амаль усё, што складала своеасаблівасць гарадскога жыцця, шматколернасць ягоных традыцый і рытуалаў, утрамбавалася рэвалюцыямі, войнамі і безразважным будаўніцтвам «светлай будучыні». Апошнім на той час актам гэтай трагедыі сталася гісторыя «Хлопчыка з лебедзем» — фантана­помніка ў цэнтральным гарадскім скверы, што быў адкрыты ў 1874 годзе ў гонар першага мінскага водаправода, і, надзіва, перажыў усе вой­ны і рэвалюцыі. Два пэтэвэшнікі, два выпладкі тых, хто, быццам помпай, быў зацягнуты ў будаўніцтва «катлавана», адарваны ад каранёў і змешчаны ў агульнае сацыялістычнае памяшканне, скруцілі ўсё ж лебедзю шыю і разбілі хлопчыку галаву…

Так, напрыканцы 80-­х у Мінску практычна не засталося старажылаў, тых, хто яшчэ захоўваў у сабе генетычныя коды гарадскіх пакаленняў.

Нават даваенных старажылаў у Мінску амаль не засталося: рамесна­-гандлёвы і службовы люд быў павыбіты яшчэ рэвалюцыяй і грамадзянскай вайной; нацыянальная інтэлігенцыя, што парадзіла і ўвабрала ў сябе дух хуткацечнага беларускага Рэнесансу, згінула ў віры ГУЛАГу; шмат па кім з тых, хто ў 41­-м застаўся ў акупацыі і вымушаны быў працаваць у немцаў, бязлітасна пракацілася чырвонае кола НКВД; габрэйства збольшага загінула ў гета, а тое, што выжыла, з’ехала на нанава здабытую радзіму продкаў ці ў іншыя прыхільныя землі і гарады…

Маці не тлумачыць, што мела на ўвазе, калі напісала: «І людзі не тыя». Хутчэй за ўсё, не тыя тварамі, не тыя паводзінамі — не тыя, што да вайны…

Сёння ж «не тыя» ладзяць парады па ценях забітых продкаў і гандлююць кавалкамі мінскай душы.

…Дык ці быў у Мінску той «Хлопчык з лебедзем»? А мо яго і не было? Бо той, што адноўлены — не той, не той…

Я жыву недалёка ад найстарэйшых мінскіх могілак, што завуцца Вайсковымі, хаця пахаваны тут і цывільныя людзі, пакаленні мінчукоў. Доўгі час могілкі былі ў заняпадзе, рэдка хто, акрамя багамольных старух, заходзіў сюды пакланіцца магілам і запаліць у царкве свечку. І толькі ў сённяшнія часы плыве наўкол чысты, празрысты звон. Святое месца поўніцца людзьмі, а ля магіл, асабліва на Радуніцу і Дзяды, увіхаюцца ні адсюль, ні адтуль нашчадкі — прыбіраюць апалае лісце, упрыгожваюць магілы кветкамі, фарбуюць агароджы… Могілкі ажылі, як ні дзіўна гэта гучыць.

Не ведаю, як для каго, а для мяне гэта самы верны, самы абнадзейлівы знак таго, што душа майго роднага горада адродзіцца.

Знак таго, што «Хлопчык з лебедзем» усё ж такі быў.

***

«Мінск, ліпень 1944-га», урывак з ліста маці

Каментары5

Цяпер чытаюць

Імпарт людзей: Беларусь гадамі пляжыла Еўропу за мігрантаў, цяпер сама джгае тым жа шляхам

Імпарт людзей: Беларусь гадамі пляжыла Еўропу за мігрантаў, цяпер сама джгае тым жа шляхам

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп: ЗША павінны валодаць Грэнландыяй, каб не дапусціць яе захопу Расіяй і Кітаем8

Экс-палітвязня Ігара Карнея запрашаюць у Беларусь, каб вярнуць адзін рубель3

Сын апошняга шаха. Хто такі Рэза Пехлеві, чые імя выкрыкваюць паўстанцы іранцы3

У Іране падчас пратэстаў загінулі ўжо больш за 50 чалавек1

Украіна і ЗША могуць падпісаць у Давосе пагадненне аб аднаўленні на 800 млрд даляраў

Доктар патлумачыў, якія сродкі не дапамогуць вашым суставам9

Затрымаць сёння нафтавы танкер амерыканцам дапамаглі ўлады Венесуэлы. Трамп імі задаволены9

Трамп можа даць кожнаму жыхару Грэнландыі па 100 тысяч даляраў за далучэнне да ЗША23

«Ты з іншага цеста». Як заставацца беларусамі за мяжой самім і гадаваць імі дзяцей23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Імпарт людзей: Беларусь гадамі пляжыла Еўропу за мігрантаў, цяпер сама джгае тым жа шляхам

Імпарт людзей: Беларусь гадамі пляжыла Еўропу за мігрантаў, цяпер сама джгае тым жа шляхам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць