Мэрыя Масквы ўзгадніла правядзенне акцыі «Марш міру» супраць вайны ва Украіне 21 верасня. Пра гэта выканаўчая дырэктарка аб'яднанага дэмакратычнага руху «Салідарнасць» Надзея Міцюшкіна паведаміла на старонцы мерапрыемства ў Фэйсбуку.
Маскоўскія ўлады дазволілі правесці шэсце 50 тысяч чалавек па маршруце ад метро «Пушкінская» да праспекта Сахарава.
Гэты «Марш міру» стане, як паведамляюць арганізатары, працягам аднайменнай акцыі супраць вайны ва Украіне, якая прайшла ў Маскве 15 сакавіка.
Пры гэтым мэрыя Новасібірска ў правядзенні ў горадзе «Марша міру» адмовіла. Па словах старшыні камітэта мэрыі па ўзаемадзеянні з адміністрацыйнымі органамі Анатоля Патапава, у правядзенні акцыі было адмоўлена, бо арганізатары, маўляў, парушылі тэрміны падачы апавяшчэнняў.
Між тым, Ягор Савін, старшыня новасібірскага аддзялення руху «Салідарнасць», які быў ініцыятарам правядзення ў горадзе «Марша міру», паведаміў, што арганізатар мерапрыемства Сяргей Радзівонаў не змог прыйсці ў мэрыю, бо быў затрыманы на прыступках будынка мэрыі, дзе яго пратрымалі да канца працоўнага дня.

Каментары