Колькасць хворых у Воранаўскім раёне на трыхінелёз грамадзян ўзрасла да 16, яшчэ 10 чалавек таксама ўжывалі мяса і знаходзяцца ў кантактнай групе рызыкі.
Пра гэта БелТА паведаміла загадчыца аддзела эпідэміялогіі Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Таццяна Якусевіч.
Сярод грамадзян, якія захварэлі з 3 па 10 лістапада, — чатыры паляўнічыя, трое дзяцей ва ўзросце 10, 13 і 16 гадоў, а таксама цяжарная жанчына.
Усе яны — адзін аднаму сваякі і знаёмыя, усе жыхары Воранава, вёсак Свіла і Канвелішкі.
Амаль усе знаходзяцца на лячэнні ў інфекцыйным аддзяленні Воранаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, цяжарная жанчына накіравана на лячэнне ў Гродзенскую абласную інфекцыйную бальніцу, ёй неабходна асаблівае лячэнне. Стан дактары ацэньваюць як сярэдняй ступені цяжкасці. Па словах Таццяны Якусевіч, яшчэ 10 чалавек знаходзяцца пад падазрэннем на інфікаванне — яны таксама ўжывалі ў ежу заражанае мяса, але пакуль у іх клінічных прыкмет захворвання не выяўлена. Гэтая група асоб атрымлівае прафілактычнае лячэнне, якое аднак не заўсёды аказваецца эфектыўным.
Эпідэміёлагі высвятляюць паходжанне крыніцы заражэння. «Абсалютна ўсе пацыенты адмаўляюць факт ужывання мяса дзіка, спрабуючы пазбегнуць адказнасці. Аднак той факт, што сярод захварэлых — чацвёра паляўнічых, дазваляе выказаць здагадку, што заражэнне адбылося менавіта такім шляхам. Да высвятлення абставінаў успышкі трыхінелёзу падключаныя прадстаўнікі ветэрынарнай службы і міліцыі», — патлумачыла Таццяна Якусевіч.
Хутчэй за ўсё, пасля лячэння жыхароў Воранаўскага раёна чакае штраф за несанкцыянаванае паляванне.
Каментары