
Сёння, 19 студзеня, фольк-тэатр «Госьціца» ладзіць калядны канцэрт, у якім выступяць прадстаўнікі ўсіх пакаленьняў калектыву за ягоную 28-гадовую гісторыю.
Сьпевакі і пяюхі, скрыпачы і дудары, танцоркі і танцоўшчыкі, ляўрэаты і пераможцы пакажуць лепшыя калектыўныя творы «Госьціцы», прадэманструюць сольныя шэдэўры. Малая сцэна канцэртнай залі «Менск», на якой адбудзецца выступ, будзе аздобленая відэафрагмэнтамі з ранейшых праграмаў фольк-тэатру.
Стваральніца і мастацкая кіраўнічка «Госьціцы» Ларыса Сімаковіч кажа, што ўклала ў падрыхтоўку канцэрту надзвычайныя высілкі, каб прыхільнікі змаглі адчуць асаблівую асалоду ад таленту ейных выхаванцаў.
Тым больш, што сцэнічныя выступы іх можна пабачыць вельмі рэдка. «Магчыма нават, — кажа спадарыня Сімаковіч, — гэта будзе апошні канцэрт «Госьціцы». На пытаньне чаму, яна з сумам зазначае, што мастацтва такога кшталту цяпер мала запатрабаванае публікай.
Так што прыхільнікам варта пасьпяшацца ўбачыць непаўторную дзею, якую стварае гэты ўнікальны калектыў. А то можа так і сапраўды стацца, што ўжывую «Госьціца» больш ня выйдзе на сцэну, пакінуўшы па сабе толькі запісы.
Нібы ў працяг мінорнага настрою ўспрымаецца і назва аўдыёдыска, які будзе прэзэнтаваны цягам канцэрту. «…І куды што падзелася?» — рарытэтны збор запісаў сьпеўнага рэпэртуару «Госьціцы» 1986—2005 гадоў. Да яго прапануецца аднайменны буклет з выявамі ледзь не ўсіх удзельнікаў калектыву розных часоў.
Сустракаемся а 19 гадзіне сёння, 19 студзеня, у Малой зале КЗ «Мінск».
Квіткі яшчэ можна набыць тут.
Каментары