Грамадства1313

Казулін працягнуў руку Лукашэнку

Перад выездам назад у калёнію «Віцьба» Аляксандар Казулін даў невялікую прэс‑канфэрэнцыю ў рэдакцыі інфармацыйнага агенцтва БелаПАН.

Перад выездам назад у калёнію «Віцьба» Аляксандар Казулін даў невялікую прэс‑канфэрэнцыю ў рэдакцыі інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Казулін быў абмежаваны ў часе, таму кантакты з прэсай былі сьціснутыя да паўгадзіны. На пытаньні палітвязень адказваў па‑расейску.

Пачаў А. Казулін зь невялікай прамовы, дзе акрэсьліў сваю пазыцыю па шэрагу пытаньняў.

«Я выйшаў з прапановай да ўсіх дэмакратычных сілаў падвесьці рысу, забыцца на ўсе свае нейкія асабістыя крыўды, зразумець, што дзяленьне ўжо скончылася. Усе мы мусім аб’яднацца для перамен, час гвалту вайны і тэрору канчаецца. Я выступіў з ініцыятывай аб’явіць 2008 год — годам Беларускай Народнай Рэспублікі, у нас, у Эўропе, у сьвеце. Я выступіў з прапановай аб стварэньні не аргкамітэту АДС, а народнага камітэту па сьвяткаваньні 90‑годзьдзя БНР. Таксама папрасіў апазыцыю заявіць, што сёлета мы правядзем Кангрэс усіх дэмакратычных сіл Беларусі. Гэты Кангрэс ня можа быць месцам разборак, а павінен быць прысьвечаны будучыні нашай краіны, яе месцы ў сьвеце, адносін з нашымі суседзямі, ЗША, Эўрасаюзам, Расеяй. Нам ня трэба на Кангрэсе патрабаваць нейкіх справаздач і апраўданьняў, ці высьвятляць, хто з нас найлепшы. Я прапанаваў, каб на Кангрэс была запрошаная Рада БНР на чале з Івонкай Сурвіллай. Таксама зьвяртаюся да грамадзкай арганізацыі «Бацькаўшчына», каб яны таксама ўвайшлі ў склад народнага камітэту, і паспрыялі, каб беларусы сьвету прыехалі на гэты Кангрэс. У Кангрэсе мусіць узяць удзел ня толькі палітыкі, але і пісьменьнікі, і моладзь, і прадпрымальнікі.

Сёньня я прачнуўся крыху іншым чалавекам. У маёй душы наступіў спакой. Гвалт не прыводзіць ні да чаго добрага, я гэта заўсёды ведаў. Я дарую Лукашэнку, мая сям’я даруе яму. Магу толькі сказаць, што нельга пераступаць празь сьвятыню, за сьвятыню змагаюцца і перамагаюць, але яе не абражаюць. Я працягваю руку да Лукашэнкі з абсалютна чыстым сэрцам і намерамі. Я прапаноўваю яму забыцца на ўсе асабістыя крыўды. Нягледзячы ні на што ён частка гісторыі незалежнай Беларусі. Я заклікаю яго падняць над асабістым і стаць сапраўды прэзыдэнтам Беларусі, а не звычайным сьмяротным. Лукашэнка чалавек са сваімі жарсьцямі і эмоцыямі, пара яму стаць прэзыдэнтам. Падняцца над нізкім і паказаць усё сьветлае, што ёсьць у кожным чалавеку, і, канечне, ёсьць у Лукашэнку. Я прапаноўваю яму забыцца на мінулае і пачаць усё з чыстага аркуша. У Лукашэнкі ёсьць сёньня выбар – прыняць маю прапанову і пачаць новы этап у разьвіцьці Беларусі.

Калі мы гаворым пра Расею, то нельга паліваць брудам вялікую краіну, у захаваюцца і будуць асаблівыя адносіны з Расеяй, аднак наша будучыня ў Эўропе і Эўрасаюзе.

За гэтыя два дні я быў вельмі ўражаны. Я ня мог згадаць ніводнага раёну Беларусі, адкуль не прыехалі людзі».

* * *

Ужо пасьля гэтага выступу журналісты мелі магчымасьць задаць пытаньні.

Як Вы сёньня зьбіраецеся дабірацца ў калёнію?

– Выеду прыкладна а пятай вечара на ўласнай машыне, без усялякага канвою.

Як у калёніі ўспрынялі навіну пра сьмерць Вашай жонкі?

– Асуджаныя зь вялікім жалем і спачуваньнем да мяне. Кіраўніцтва таксама праявіла чалавечнасьць.

Вы гатовы стаць на чале дэмакратычных сілаў?

– Калі кажуць, што нехта гатовы стаць лідэрам, я ўзгадваю Пятра Краўчанку, які сказаў, што гатовы стаць нацыянальным героем і лідэрам. Не чалавек рашае, а грамадзтва. Лідэр сам не становіцца, яго робяць людзі. Калі гэтага захочуць людзі, то іншая справа, а сам я такіх заяваў рабіць ня буду.

Што давала Вам сілаў цягам гэтых двух гадоў за кратамі?

– Я атрымліваў аграмадную колькасьць лістоў, як зь Беларусі, так і з-за мяжы. Мне пісалі ад дзяцей да пэнсіянэраў. Самы старэйшы чалавек, які мне напісаў, быў ва ўзросьце 86 гадоў. Там былі не радкі, а іхныя душы і сэрцы.

Можна спрагназаваць, што ўлады не паціснуць працягнутую Вамі руку, што рабіць тады?

– Ня трэба каяцца публічна, важна, каб пакаяньне было ў душы. Гаворка ідзе ня толькі пра Лукашэнку, але і пра ягоную каманду. Калі мы ня можам зьмяніць сьвет, мы павінны зьмяніць самі сябе. Трэба задумвацца не аб бытавых праблемах, а аб вечных. Нас усіх чакае Божы суд, які вельмі блізкі. Гэта ня толькі мая прапанова, але і прапанова нябёсаў. Калі гэтая прапанова будзе адрынутая, то Лукашэнка пакажа ўсяму сьвету, што ў яго няма нічога сьвятога. Агульная карысьць дасягаецца толькі шляхам кампрамісу, таму Лукашэнка мусіць пераадолець сябе.

Вы не чакаеце, што ўжо гэтымі днямі будзе падпісаны ўказ аб Вашым канчатковым вызваленьні?

– Я заўсёды разьлічваю на лепшае і рыхтуюся да найгоршага. Сёньня я гатовы да самага горшага разьвіцьця падзей. Я абсалютна ўпэўнены, што да 25 Сакавіка мяне ня вызваляць, што будзе далей гэтае іншае пытаньне.

Вы можаце праясьніць сытуацыю, хто канкрэтна Вам прапаноўваў ад’езд?

– Магу сказаць, што пасол Вайс быў шчыры ў сваім імкненьні мне дапамагчы, але ён не зусім добра ведае беларускія рэаліі. З улады мне прапаноўвалі гэта на самым высокім узроўні, нават ня трэба тлумачыць, зь якога, бо і так відавочна.

Цяпер Вы вяртаецеся ў калёнію, што будзе далей?

– Зь сёньняшняга дня я адмаўляюся ад усіх ультыматумаў да ўлады. Я ня буду больш галадаць і супраціўляцца патрабаваньнем рэжыму. Чаму? Бо простыя людзі на пахаваньні жонкі мяне прасілі аб гэтым. «Вашае жыцьцё патрэбнае нам», казалі яны мне. Гэтыя словы абудзілі ў ва мне адказнасьць за людзей. Адказнасьць і прымушае мяне прыняць кардынальна іншае рашэньне.

Рашэньне аб нявыезьдзе ў Германію Вы прымалі самастойна ці пасьля парадаў з боку сям’і?

– Любая жанчына хоча дапамагчы мужу. Любая жанчына хоча ўбачыць хаця б кавалачак сонца і свабоды. Маёй жонцы вельмі хацелася гэтага, але лячэньне ў Германіі фактычна не прапаноўвалася. Сыходзячы з таго, як хутка памерла мая жонка, то фактычна мне прапаноўвалася, каб яна памерла ў Германіі.

З турмы Вы неаднаразова заклікалі ЗША і ЭС увесьці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі. Ваша пазыцыя ў гэтым пытаньні не зьмянілася?

– Кожны права прымаць рашэньні, якія лічыць патрэбнымі. Я не зьяўляюся кіраўніком ЗША ці ЭС. Яны прымаюць тыя рашэньні, якія сыходзяць зь іхнага разуменьня маралі і сумленьня. Таму прымаць падобныя рашэньні – іх права. Я ня буду гэтага камэнтаваць.

Ва Ўкраіне прагучала сёньня, што эўраінтэграцыя здольная аб’яднаць улады і апазыцыю. Ці магчыма нешта падобнае ў нас?

– Апазыцыя і ўлады розьняцца толькі на асновах духоўных каштоўнасьцяў, а не на нейкіх жорсткіх прыярытэтах матэрыяльнай і суб’ектыўнай рэчаіснасьці. Будучыня Беларусі ў ЭС досыць туманная і аддаленая, але мы павінны да гэтага імкнуцца, бо гэта будучыня нашай краіны. Ня выключана, што Лукашэнка зноў вернецца на «прынцып дубінкі», і тады Беларусь можа чакаць хаос. І якія наступствы будуць гэтага хаосу, вельмі цяжка сказаць.

Ці могуць расейскія выбары неяк паўплываць на сытуацыю ў Беларусі?

– Роля асобы ў гісторыі ўжо даказаная. Мядзьведзеў – гэта асоба, ён, у любым выпадку, ужо не асоба Пуціна. Так, яны сябруюць і маюць супольную палітыку, але элемэнт асабістага мядзьведзеўскага будзе відавочным. Нам трэба проста пачакаць, у якім ракурсе будуць разьвівацца гэтыя адносіны.

Што Вы думаеце пра стан апазыцыі ў Беларусі?

– Я паставіў кропку на мінулым, і не хачу лезьці ў нейкія разборкі. Цяперашні стан у апазыцыі відавочны. Навошта я буду вам гаварыць тое, што вы і так ведаеце? Калі кожны зробіць крок насустрач адзін аднаму, то мы дасягнём згоды.

Вас часта параўноўваюць з Лукашэнкам узору 1994 году. У чым прынцыповае адрозьненьне?

– Мы з Аляксандрам Рыгоравічам зьяўляемся антыподамі, а яны заўсёды прыцягваюцца. Той, хто займаецца вывучэньнем тэасофскай літаратуры, зразумее, што я сказаў.

Зьміцер Панкавец

Відэа Алеся Бондара

Каментары13

Цяпер чытаюць

Сілавікі расказалі, за што правялі хапун на тэнісным матчы6

Сілавікі расказалі, за што правялі хапун на тэнісным матчы

Усе навіны →
Усе навіны

Колькасць працоўных мігрантаў вырасла ў Беларусі ў паўтара раза. Расце і злачыннасць сярод замежнікаў8

«Аднавілі грамадскі парадак, не саступіўшы патрабаванням новых выбараў». Што піша Грокіпедыя пра пратэсты, Лукашэнку, мову і як дзеліць спадчыну ВКЛ12

Мінск рыхтуе маштабную перабудову Чыжоўкі цягам дзесяці гадоў4

Гульцы мінскага «Дынама» выратавалі і прытулілі кацяня3

У фавелах Рыа-дэ-Жанэйра адбываецца ваенізаваная паліцэйская аперацыя. Вядома пра 64 загінулых3

Пасадзілі падпалкоўніка і былога выкладчыка Вайсковай акадэміі. Ён падтрымаў народ у 2020-м22

Жанчыны з пакалення Z і міленіялаў пераварочваюць сусветны рынак мастацтва2

Беларус пагарэў на вырошчванні канопляў у Шры-Ланцы3

Каралева Нідэрландаў апранула вайсковую форму і нанесла на твар маскіроўку ФОТАФАКТ12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сілавікі расказалі, за што правялі хапун на тэнісным матчы6

Сілавікі расказалі, за што правялі хапун на тэнісным матчы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць