Авіякампанія «Белавія» 17 снежня адкрывае рэйс па маршруце Мінск — Харкаў — Мінск.
Рэйс будзе штодзённым з вылетам з Мінска ў 13.20 і прыбыццём у Харкаў у 13.35 па мясцовым часе (час палёту 1 гадзіна 15 хвілін). Зваротны рэйс з Харкава адправіцца ў 14.25 і прыбудзе ў Мінск у 16.35 (час палёту 1 гадзіна 10 хвілін).
Авіякампанія разлічвае ў тым ліку на транзітных пасажыраў. Новы рэйс прадугледжвае стыкоўкі праз Мінск у Маскву, Санкт-Пецярбург, Калінінград, Тбілісі, Астану, Баку, Ерэван.
На рэйсах у Харкаў будзе выкарыстоўвацца самалёт Боінг 737-500 умяшчальнасцю да 125 пасажыраў. На першы рэйс выкуплена 19 білетаў, паведаміла БелаПАН прэс-сакратар авіякампаніі Вольга Шчука.
Мінімальны кошт білета з Мінска ў Харкаў складзе 98 еўра ў адзін бок і 195 еўра туды-назад.
Харкаў стане трэцім горадам ва Украіне, куды лятаюць самалёты «Белавія», пасля Кіева і Адэсы. Украінская кампанія «Мотар Січ» з 30 лістапада выконвае рэйсы па маршруце Мінск — Запарожжа. 25 кастрычніка Украіна спыніла прамыя авіязносіны з Расіяй, таму беларуская тэрыторыя выкарыстоўваецца ў якасці транзітнай.
Каментары