27 снежня ў камбаджыйскую сталіцу Пнампень з Кеніі прыляцеў грузавы самалёт Ilyushin Il-62M з бартавым нумарам EW-505TR беларускай авіякампаніі Rada Airlines. Яго прылёт нарабіў шмат шуму ў тайскай благасферы. Сітуацыю вымушаны быў каментаваць прадстаўнік Каралеўскіх узброеных сіл Тайланда, піша Reform.

Борт 25 снежня вылецеў з Віцебска, прызямліўся ў кенійскім горадзе Мамбаса, а затым накіраваўся ў Пнампень.
Блогеры звярнулі ўвагу, што маршрут палёту быў наўмысна пракладзены ў абыход паветранай прасторы Тайланда: самалёт выбраў пралёт праз паветраную прастору Малайзіі. Ніякай інфармацыі пра тое, што менавіта даставіў беларускі самалёт у Камбоджу, апублікавана не было.
Далей, 28 снежня, борт EW-505TR вылецеў з Пнампеня ў аманскі Сухар. Гэтым разам ён праляцеў над Тайландам.
Сітуацыю вымушаны былі каментаваць тайскія ўлады.
Справа ў тым, што акурат 27 снежня Тайланд і Камбоджа дасягнулі пагаднення аб спыненні агню, і магчымыя пастаўкі зброі аднаму з бакоў маглі паставіць дамоўленасці пад удар.
Прапас Санджаідзі, дырэктар прэс-цэнтра па сітуацыі на тайска-камбаджыйскай мяжы, заклікаў грамадскасць давяраць узброеным сілам. Ён заявіў, што ўлады цалкам інфармаваныя аб паходжанні самалёта, пункце прызначэння, маршруце палёту, грузападымальнасці і дальнасці яго дзеяння. Паводле яго слоў, разведвальныя падраздзяленні ўважліва адсочваюць сітуацыю.
Каментары