У Беларусі можна арандаваць воданапорную вежу для адпачынку. Спальня — на ўзроўні верхавін дрэў
Знаходзіцца такое небанальнае месца для адпачынку ў Чэрвеньскім раёне ў вёсцы Клінок — на тэрыторыі вейкпарку «Волма».

Воданапорная вежа знаходзіцца пасярод лесу. На цагляным фасадзе можна пабачыць дату пабудовы — 1968 год.
Унутры ж зрабілі сучасны рамонт, і цяпер там даволі ўтульна. На першым паверсе знаходзіцца прыбіральня і невялікая кухня.


На другім — гасцёўня з электрычным камінам і тэлевізарам (уражвае вышыня столі — 6 метраў).

Ну а на трэцім — спальня, адкуль адкрываецца шыкоўны від — бо начаваць вандроўнікам прапануюць на ўзроўні верхавін дрэў.

Пазначана, што адначасова ў вежы могуць жыць да чатырох дарослых і двух дзяцей. За тое, каб адпачыць тут удваіх, трэба заплаціць ад 250 (па буднях) да 300 рублёў (па выходных і святочных днях).

Але тым, хто хоча сустрэць у вежы Новы год, неабходна падрыхтаваць 1100 рублёў за дзве ночы.
Агляд на незвычайны «нумар» (калі можна яго так назваць) зрабілі ў тыктоку «Куфара» — і папрасілі расказаць, ці ёсць у вежы прывіды. Водгукі сапраўды з’явіліся, але не ўсе пазітыўныя. Нехта паскардзіўся на жукоў і шумныя кампаніі летам, нехта — на зімовы холад.
А шмат хто пажартаваў, што ў вежы можна адчуць сябе ўнутры расійскага фільма «Чарнавік» (у ім у закінутай воданапорнай вежы знаходзіўся пераход з рэальнага свету ў альтэрнатыўныя рэальнасці).
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары