Сіноптыкі прагназавалі ў пятніцу навальніцы і шквалісты вецер на большай тэрыторыі Беларусі. Прагноз апраўдаўся на ўсе 100%. У МНС паступаюць шматлікія паведамленні аб паваленых дрэвах і абясточаных населеных пунктах. Навальнічны фронт рухаецца ў бок Мінскай вобласці.

Як распавёў прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі, у Гродне адзначаны дзясяткі выпадкаў падзення дрэў, металічнай канструкцыяй даху траўмаваная жанчына.
Паведамленні аб некалькіх дрэвах прыйшлі таксама з Брэста. Як паведамляе карэспандэнт Станіслаў Коршунаў, у Брэсце моцны вецер паваліў дрэвы: пашкоджаныя аўтобус, легкавушкі і красовер.

У цяперашні час фронт рухаецца ў бок Мінскай вобласці і Мінска.
«Там, дзе дрэвы заступаюць вуліцы і праезды, працуюць падраздзяленні МНС, у астатніх месцах — камунальныя службы. І ў выпадку любой няштатнай сітуацыі тэлефануйце 101», — адзначыў Віталь Навіцкі.

У ведамстве настойліва рэкамендуюць выконваць правілы бяспекі пры моцных залевах і навальніцах: па магчымасці не выходзіць з дому і адключыць лішнія электрапрыборы. Калі непагадзь заспела вас на адкрытай мясцовасці, не хавайцеся пад высокія дрэвы, лепш схавацца сярод нізкарослай расліннасці; калі вы едзеце на ровары або матацыкле — спыніце рух, пакіньце іх і перачакайце навальніцу на адлегласці прыкладна 30 метраў ад іх; аўтамабілістам варта спыніцца і, зачыніўшы вокны, перачакаць ў машыне.
Па прагнозах, навальніцы і моцны парывісты вецер захаваюцца ў ноч на 18 чэрвеня. Абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі.
Каментары