Грамадства77

Як у лесе пад Мінскам у кадэцкім вучылішчы рыхтуюць будучых памежнікаў

За мінскай кальцавой, недалёка ад мікрараёна «Зялёны Луг» літаральна пасярод лесу ўжо пяць гадоў працуе напаўзакрытая элітарная ўстанова — Мінскае гарадское кадэцкае вучылішча №2.

«Народная Воля» даведалася, як праходзяць уступныя экзамены, як падлеткі вытрымліваюць без дома і што катэгарычна забараняецца хлопцам, якія праз некалькі гадоў будуць ахоўваць дзяржаўныя межы. 

Фатаграфаваць забаронена!

Трапіць на тэрыторыю вучылішча можна свабодна. А вось далей вестыбюля не пусцяць нават бацькоў. Дзяжурны запытаецца, да каго яны прыехалі, і пакліча кадэта на непрацяглую сустрэчу. Пагуляць па корпусе можна толькі ў «дзень адчыненых дзвярэй». Фатаграфаваць унутры памяшканняў і родным, і самім падлеткам наогул забаронена.

Пра ўнутранае жыццё вучылішча «Народнай Волі» расказаў Алег Грушэцкі. Менеджар па адукацыі, ён цяпер працуе ў будаўнічай фірме. А ў вольны час піша апавяданні, вершы, супрацоўнічае са шматлікімі айчыннымі СМІ і нават здымаецца ў кіно (Алега можна ўбачыць у фільме Андрэя Курэйчыка «ГараШ»). З вучылішчам звязаны лёсы двух яго сыноў. Вадзім нядаўна паспяхова здаў уступныя экзамены, натхніўшыся прыкладам старэйшага брата Аляксея. А той трапіў у першы набор вучылішча, заснаванага ў 2011 годзе. Цікава, што да паступлення яго падштурхнулі расійскія серыялы «Салдаты» і «Кадэты», хоць бацькі яго адгаворвалі, разумеючы, што вайсковы побыт не з лёгкіх. Зрэшты, сям’я Грушэцкіх мае даўнюю схільнасць да войска. Адзін са сваякоў у часы Другой сусветнай вайны даслужыўся да звання генерал-маёра. Ваявалі і продкі Алега. Наш суразмоўца прасачыў 15 пакаленняў сваіх прашчураў, аж да сярэдзіны ХVІІ стагоддзя. Кажа, што яго род вядомы яшчэ з Грунвальдскай бітвы ў якой прымаў удзел Мацей Грушэцкі, каронны харунжы.

Аляксей Грушэцкі вучыцца зараз на другім курсе Інстытута памежнай службы. Вучылішча звязана з гэтай установай і сярод іншага рыхтуе будучых памежнікаў. Натуральна, паступаць у інстытут ніхто не прымушае. Але калі ўсе адзнакі кадэта 7 балаў і вышэй, ён можа трапіць у гэтую ВНУ без экзаменаў. З першага выпуску больш за 75% навучэнцаў працягнулі навучанне ў ваенных вышэйшых навучальных установах, з іх больш за палову падалі дакументы ў Інстытут памежнай службы.

Дарэчы, цяпер у Мінску гэта адзінае кадэцкае вучылішча. На год раней за яго адкрылася вучылішча №1. Але яго перайменавалі ў спецыялізаваны ліцэй пры Міністэрстве ўнутраных спраў, а нумарацыя засталася без змен. 

Блат не працуе

Як трапіць у вучылішча? Уступныя экзамены складаюцца з некалькіх частак. Спачатку псіхалагічны тэст, на якім адсейваецца пэўная колькасць абітурыентаў. «Нам выдалі аркушыкі, на якіх былі апісаны розныя сітуацыі з жыцця, — расказаў Вадзім Грушэцкі, які сёлета паспяхова вытрымаў выпрабаванні. — Сказалі, што трэба адказваць першае, што прыйдзе ў галаву. Тады адказ будзе правільны. Напрыклад, было пытанне «Ці распівалі вы алкаголь?». Або «Ці баіцеся вы навальніцы?». Другая частка — фізічныя практыкаванні.«На мой погляд, яны былі зусім не цяжкія, — кажа Грушэцкі-малодшы. — Я чакаў чагосьці больш складанага». Хлопец даўно рыхтаваўся да экзаменаў. На адзнаку «10» трэба было падцягнуцца дзевяць разоў (прычым без рыўкоў), прабегчы 30 метраў за 4,5 секунды і скокнуць на 2,1 метра. Як кажа наш суразмоўца, блат тут немагчымы. Напрыклад, у гэтым годзе ў вучылішча паступаў сын аднаго супрацоўніка міліцыі. Але ён не змог падцягнуцца столькі, колькі трэба. Трэцяя частка экзаменаў — традыцыйныя матэматыка, руская або беларуская мова.

Сёлета ў восьмы клас падалі заявы каля 50 чалавек. З іх узялі толькі 24. Але летась не ўсе кадэты перайшлі ў дзявяты клас. Таму вучылішча аб’явіла дабор. На 11 месцаў прэтэндавалі 28 чалавек.

Цікава, што першыя паўгода навучэнцы яшчэ не з’яўляюцца кадэтамі. Яны павінны даказаць, што годныя гэтага звання, — і толькі тады пасля Новага года прымуць прысягу. Як згадвае Грушэцкі, сярод аднакласнікаў яго старэйшага сына прысягі не дачакаліся толькі тры чалавекі: іх адлічылі за парушэнне дысцыпліны.

Чаму сыходзяць кадэты? Кагосьці забіраюць бацькі. Іншыя не вытрымліваюць самі. З некаторымі развітваюцца па ініцыятыве настаўнікаў: маўляў, вы не падыходзіце нам па адзнаках або паводзінах. 

Умовы жыцця — спартанскія

Падлеткі жывуць і вучацца ў вучылішчы пяць дзён штотыдня. Вечарам у пятніцу прыкладна ў шэсць гадзін іх забіраюць дадому. Вярнуцца ў вучылішча трэба вечарам у нядзелю або раніцай у панядзелак, яшчэ да заняткаў. Цікава, што кадэты абавязаны ехаць у сваёй форме. Ім не дазваляецца займаць сядзячыя месцы ў транспарце, калі ёсць стаячыя пасажыры. Трэба трымаць гонар кадэта!

Тэрыторыя ўстановы абгароджана, выходзіць за яе не дазваляецца. Зрэшты, вольнага часу ў кадэтаў няшмат. Падлеткі вывучаюць тыя ж прадметы, што і звычайныя школьнікі. У іх ёсць свае спартыўныя секцыі (па барацьбе, рукапашным баі, валейболе), факультатывы (па англійскай мове, матэматыцы і іншых прадметах). Адрозненне ў тым, што дзень пачынаецца з фізічнай падрыхтоўкі.

З кадэтамі займаюцца вайскоўцы (у тым ліку з Інстытута памежнай службы). Таксама ладзяцца вайсковыя гульні (кшталту савецкай «Зарницы»), спартыўныя спаборніцтвы. Летам арганізуюцца палявыя зборы. Падлеткі ездзяць на мяжу, жывуць у казармах, вывучаюць зброю і праводзяць час са спецыяльна навучанымі сабакамі. «Фізічнай падрыхтоўкі больш, чым у звычайнай школе. Але акцэнт усё ж такі робіцца на веды, каб кадэт мог паступіць у любую ВНУ», — кажа Алег Грушэцкі.

Умовы жыцця — спартанскія. У адным пакоі тры-чатыры ложкі, адпаведная колькасць тумбачак і стол. Душавая і прыбіральня на калідоры. З аднаго боку, будынак калісьці будаваўся не для патрэб кадэцкага вучылішча. Размяшчэнне санітарнага блока засталося з часоў санаторнай школы-інтэрната, якая знаходзілася там да 2011 года. З іншага боку… «Гэта не лагер адпачынку і не гасцініца, — усміхаецца мой суразмоўца. — Распарадак не армейскі, але набліжаны да яго».

Пытаюся пра дзедаўшчыну: ці сустракаецца яна ў кадэцкім вучылішчы? Алег Грушэцкі ўпэўнены, што такога няма. «Натуральна, калектыў хлапечы, але атмасфера не жорсткая, больш дысцыплінаваная, — кажа ён. — Калі юнак няздатны быць мужчынам, аднакласнікі гэта хутка адчуваюць. Такія кадэты ў вучылішчы не прыжываюцца». Мой суразмоўца з цяжкасцю згадаў усяго адну форс-мажорную сітуацыю, якая здарылася за чатыры гады вучобы яго сына. «Адзін хлопец скраў у таварыша гадзіннік, — расказвае Алег Грушэцкі. — Дык ад яго адразу адвярнуўся ўвесь калектыў. Хлопец не вытрымаў, што з ім ніхто не размаўляе, і неўзабаве сышоў у звычайную школу». Як падкрэслівае мой суразмоўца, такі выпадак мог здарыцца і ў звычайнай школе. 

У інтэрнэт — пад наглядам

Цікава, што вольна карыстацца мабільнымі тэлефонамі кадэтам забаронена. «Сотавыя, гаджэты ў іх адбіраюць, — расказвае Алег. — Просяць пакідаць іх дома. Калі хлопец прыязджае ў вучылішча з мабільным, ён здае яго і атрымлівае ў пятніцу, калі сыходзіць дадому. Калі якую-небудзь тэхніку знойдуць на ўроку або ў пакоі, забяруць. Але аддадуць у такім выпадку ўжо не ў рукі падлетку, а выклікаюць бацькоў». Педагог (а частка выхавацеляў жыве ў корпусе разам з падлеткамі) можа зазірнуць ноччу ў пакой і праверыць, каб дзеці не гулялі на мабільным. Дарэчы, камп'ютараў у жылых пакоях няма. Ёсць асобны камп'ютарны клас, дзе ў вольны час можна выйсці ў інтэрнэт або пагуляць у прысутнасці настаўніка. Але выхаду ў сацыяльныя сеткі няма.

Алег Грушэцкі цалкам падтрымлівае такую ініцыятыву. На яго думку, празмернае карыстанне мабільнікамі і захапленне гульнямі перашкаджае вучобе і не дае спаць. На заўвагу, што на выхадных падлеткі могуць дарвацца да мабільніка і камп'ютара, наш суразмоўца ўсміхаецца: «Спакусы не ўзнікае. За пяць дзён яны паспяваюць адвыкнуць». Для сувязі з домам выкарыстоўваецца бясплатны станцыянарны тэлефон.

Натуральна, кадэтам можа не хапаць не толькі сродкаў сувязі. Калі разам з табой вучацца выключна хлопцы, як пабачыцца з прыгожай паловай чалавецтва? «Некаторыя дзяўчаты прыязджаюць да сваіх хлопцаў у вучылішча, — расказвае Алег Грушэцкі. —Можна гадзінку паразмаўляць у самім корпусе, можна пагуляць па тэрыторыі. Калі захочуць больш паразмаўляць або кудысьці схадзіць, ёсць выхадныя». Тым больш вольнага часу ў суботу і нядзелю хапае. Паколькі падручнікі застаюцца ў вучылішчы, кадэтам не задаюць на выхадныя хатнія заданні. 

Прастудзіўся? Марш у ізалятар!

У любы дзень да сваіх дзяцей могуць прыехаць і бацькі. Праўда, ім не дазваляюць перадаваць дзецям прадукты, якія хутка псуюцца. Баяцца, каб падлеткі не атруціліся. На ўсялякі выпадак у вучылішчы ёсць уласны медыцынскі пункт. Калі ў кадэта нешта сур’ёзнае (напрыклад, грып), бацькоў папросяць забраць яго дадому. Калі лёгкая прастуда, абавязкова патэлефануюць дадому і пакінуць у невялікім медыцынскім ізалятары, разлічаным на некалькі месцаў.

Паводле слоў Алега Грушэцкага, кормяць кадэтаў вельмі добра. Меню падобнае на школьнае. «Яно нават больш каларыйнае, бо шмат фізічных практыкаванняў», — кажа мой суразмоўца. Для тых, каму не хапае сняданка, абеда або вячэры, працуе буфет.

Як вядома, афіцыйна беларуская адукацыя з’яўляецца бясплатнай. Але ў рэальнасці бацькі вучняў часта павінны скідвацца то на рамонт, то на тэхніку. Якая сітуацыя назіраецца ў кадэцкім вучылішчы? «Мне грэх скардзіцца, — адказвае Алег Грушэцкі. — Падлеткі знаходзяцца на поўным утрыманні дзяржавы. Натуральна, даводзіцца набываць сшыткі або ручкі. Часам просяць дапамагчы з рамонтам: не прымусова, па жаданні. Недзе падклеіць шпалеры, дзесьці адрамантаваць замок. Бо пасля санаторыя некаторыя памяшканні былі не ў самым лепшым стане». Дарэчы, шэсць-сем гадоў таму аўтар гэтых радкоў трапіў па журналісцкіх справах у будынак, дзе цяпер працуе вучылішча. Уражанне сапраўды было дастаткова сумнае. Мой суразмоўца прызнаецца, што пэўныя траты правакуюць… самі кадэты. «Гэта ж хлопчыкі! — кажа Алег. — То яны душ зламаюць, то дзверы пашкодзяць. Бацькі менавіта гэтых дзяцей прыязджаюць і або рамантуюць, або аплачваюць рамонт».

Алег Грушэцкі вельмі задаволены кадэцкай адукацыяй: «Калектыў добры, мужчынскі. Пасля вучылішча аднакласнікі сына засталіся яго сябрамі. Кадэцкае братэрства — назаўсёды».

Каментары7

Цяпер чытаюць

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі

Усе навіны →
Усе навіны

Крысціна Ціманоўская зноў нявеста — з пярсцёнкам ад Tiffany18

Мінчанін хацеў прадаць парагенератары, але 15‑гадовы пакупнік бясплатна забраў тавар і ўцёк

Пад Талачыном перакуліўся аўтобус Масква — Брэст, загінула пасажырка

Ад звычайных пенсіянераў да багацеяў: хто і як гуляе ў мінскіх казіно

Загінуў камандзір Рускага добраахвотніцкага корпуса Дзяніс Капусцін28

«Сітуацыя як на акупаваных тэрыторыях Украіны». Павел Баркоўскі — пра стан беларускай культуры20

У Расіі затрымалі 70 чалавек, якія маліліся за здароўе Зяленскага3

Мінус 40 і «Год без лета»: як кліматычная анамалія спарадзіла «Франкенштэйна», вампіраў і беларускую містыку3

Пазбавілі бацькоўскіх правоў цяжарную жанчыну з Мінска, чыя старэйшая дачка двойчы спрабавала скончыць жыццё самагубствам2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць