У выніку нападу пацярпелі 13 чалавек.

Як паведамляе агенцтва Fars, нейкі мужчына адкрыў агонь пры ўваходзе ў будынак парламента ў Тэгеране. Паводле слоў дэпутата Эльяза Хазраці, усяго нападнікаў было трое ці чацвёра, і яны былі ўзброены аўтаматамі Калашнікава і пісталетамі.
У выніку нападу былі параненыя восем чалавек, сярод якіх байцы вартавых ісламскай рэвалюцыі і грамадзянскія асобы, якія прыйшлі ў парламент для сустрэчы з дэпутатамі ад свайго рэгіёну. Адзін з байцоў, па неафіцыйнай інфармацыі, памёр.
Паводле адных звестак, адзін нападнік быў затрыманы, па іншай інфармацыі, злачынцы занялі адзін з кабінетаў у парламенце.
Карэспандэнт Fars сцвярджае, што з будынка па-ранейшаму даносяцца гукі стрэлаў.
Другі напад адначасова адбыўся ў маўзалеі імама Хамейні, дзе двое злачынцаў адкрылі бязладны агонь па наведвальніках, а трэці тэрарыст падарваў сябе. Паводле неафіцыйных дадзеных, у выніку атакі адзін чалавек загінуў, пяцёра атрымалі раненні. Агенцтва Tasnim сцвярджае, што паліцыя арыштавала жанчыну, якая ўдзельнічала ў нападзе. Яшчэ аднаго тэрарыста ўзяць жывым не атрымалася, паколькі ён праглынуў капсулу з цыяністым каліем. Таксама на месцы здарэння быў канфіскаваны «пояс шахіда».
У сувязі са здарэннем у Тэгеране склікана экстраннае пасяджэнне нацыянальнай рады бяспекі.
Каментары